Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як будуць складацца дачыненьні паміж ініцыятыўнымі групамі і тэрытарыяльнымі выбарчымі камісіямі?


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня – другі дзень збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі прэтэндэнтаў на удзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Лёс рэгістрацыі падпісных лістоў шмат у чым залежыць ад рашэньняў толькі сфармаваных гарадзкіх і раённых выбарчых камісіяў. У мінулыя кампаніі здаралася шмат канфліктаў паміж камісіямі ды ініцыятыўнымі групамі. Як будуць складацца дачыненьні бакоў сёлета?

У гарадах і раёнах дзейнічаюць 165 тэрытарыяльных камісіяў. Выбарчы кодэкс прадпісвае ім арганізацыю выбарчага працэсу. Гаворыць старшыня камісіі з Маладэчна Ўладзімер Кушнярэвіч:

(Кушнярэвіч: ) “Калі паступяць скаргі на парушэньні, мы будзем іх абавязкова разглядаць, як ідзе збор подпісаў. Але асноўная функцыя камісіі будзе тады, калі будуць здадзеныя сьпісы ініцыятыўнымі групамі. Мы павінны ажыцьцявіць кантрольную праверку правільнасьці афармленьня гэтых сьпісаў і дакладнасьці подпісаў”.

Спадар Кушнярэвіч падкрэсьліў: камісія не пацерпіць парушэньняў з боку зборшчыкаў подпісаў. Заканадаўства сапраўды надзяляе камісіі выключнымі паўнамоцтвамі ў дачыненьнях зь ініцыятыўнымі групамі. Як сьведчыць досьвед мінулых выбарчых кампаніяў, у многіх рэгіёнах адбываліся канфлікты. Гаворыць актывіст дэмакратычнага руху з Рэчыцы Леанід Невар:

(Невар: ) “Характарыстыка цалкам адмоўная...”

Леанід Невар зараз узначальвае ў Рэчыцы ініцыятыўную групу Валера Фралова. Яшчэ адным канфліктным рэгіёнам у часе мінулых кампаніяў быў горад Жодзіна. Узгадвае лідэр тутэйшай суполкі Партыі БНФ Аляксей Лапіцкі:

(Лапіцкі: ) “У нас былі прыклады, калі пасьля парлямэнцкіх выбараў менавіта камісія не магла выдаць вынікі на трэці дзень пасьля выбараў. А калі я патрабаваў інспэкцыі памяшканьня, то ні пракуратура, ні міліцыя не змаглі гэта зрабіць і адмовіліся гэта рабіць. Гэтыя камісіі вельмі важныя, там фактычна вызначаецца лёс выбараў. Але ў гэтыя камісіі вельмі цяжка патрапіць, таму што яны фармуюцца зьверху прызначэньнем. І калі падаюцца іншыя нейкія заяўкі, яны проста не разглядаюцца альбо разглядаюцца фармальна. Мае месца сытуацыя, пры якой сябры камісіі прызначаліся такія, якія патрэбны ўладзе”.

Мяркуе спадар Лапіцкі. Паводле апошніх зьвестак, прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў амаль няма у цяперашніх тэрытарыяльных камісіях. З гэтай прычыны многія ўдзельнікі выбарчай кампаніі не давяраюць камісіям. Меркаваньне Леаніда Невара:

(Невар: ) “Станоўчых вынікаў ад гэтай камісіі чакаць нельга...”

Лічыць спадар Невар з Рэчыцы.
XS
SM
MD
LG