Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто зможа сабраць 100,000 подпісаў?


Радыё Свабода Калі паглядзець на колькасьць сяброў ініцыятыўных групаў, то зьвяртае на сябе ўвагу тое, што яна адносна вялікая. Асноўныя ўдзельнікі даволі сур''ёзна падышлі да кампаніі. Колькі прэтэндэнтаў зьбяруць неабходныя 100 тысяч подпісаў?

(Карбалевіч: ) "Падчас выбараў 1994 году толькі кандыдаты, якія мелі ня менш як 1400 сяброў ініцыятыўных групаў, змаглі пераадолець гэтую мяжу - прычым, за дваццаць дзён. У 2001 годзе толькі кандыдаты, колькасьць ініцыятыўных групаў якіх была больш за 3 тысячы чалавек, змаглі сабраць больш за 100 тысяч подпісаў. Выключэньнем стаў Сяргей Гайдукевіч. А якая каманда патрэбна цяпер, каб пераадолець мяжу, неабходную для таго, каб быць зарэгістраваным кандыдатам у прэзыдэнты? Пры гэтым трэба ўлічыць горшую, чым на мінулых выбарах, палітычную сытуацыю ў краіне, і тое, што збор подпісаў будзе праходзіць падчас навагодніх і калядных сьвятаў. І ці можна па колькасным складзе ініцыятыўных групаў, цяперашнім рэйтынгу прэтэндэнтаў ацаніць іх патэнцыял, шанцы на выбарах?"

(Быкоўскі: ) "Памер групы не такі і важны. Напрыклад, на выбарах 2001 году кандыдат Цярэшчанка меў групу, колькасьцю сувымерную цяперашняй ініцыятыўнай групе спадара Лукашэнкі. Але сабраць подпісы ён так і ня здолеў. Таму важныя і якасныя характарыстыкі групы, і мэты, якія ставіць сабе палітык.

Але вы слушна заўважылі, што колькасны склад ініцыятыўных групаў павялічыўся ў параўнаньні з 2001 годам. Так, напрыклад, група спадара Лукашэнкі павялічылася ўдвая. Групы асноўных удзельнікаў таксама павялічыліся на 1-2 тысячы. Паменшылася група толькі ў Скрабца. Відавочна, што са сьледчага ізалятару цяжка праводзіць кампанію. І ягоная кампанія, напэўна, мае іншыя мэты. Ён імкнецца не да перамогі на выбарах, а зазначыць, што судовы перасьлед яго носіць палітычны характар.

Таму па памерах ініцыятыўнай групы нельга яшчэ вызначыць, хто насамрэч зьбярэ подпісы. У гэтым выпадку можна верыць спадарыні Ярмошынай, што ўдзельнікаў выбараў будзе каля чатырох. Звычайна яна ў такіх прагнозах не памыляецца".

(Карбалевіч: ) "А вы не асьмеліцеся зрабіць прагноз і сказаць, хто будуць гэтыя чацьвёра?"

(Быкоўскі: ) "Хутчэй за ўсё, гэта будуць Лукашэнка, Гайдукевіч, Мілінкевіч і, напэўна, Казулін".

(Сіліцкі: ) "Я буду гаварыць, найперш, пра гульцоў апазыцыйнага поля. Таму што з Лукашэнкам і Гайдукевічам, здаецца, усё ясна. Вялікі сьпіс ініцыятыўнай групы яшчэ не азначае, што ўсе яе ўдзельнікі будуць актыўна зьбіраць подпісы. Заўжды ёсьць людзі, якія згадзіліся ўвайсьці ў ініцыятыўную групу, але ня будуць працаваць. Ёсьць людзі, якія могуць быць у сьпісах некалькіх кандыдатаў. Таму трэба глядзець ня толькі на колькасьць ініцыятыўнай групы, але і на тое, у каго ёсьць рэальныя структуры. З гэтага гледзішча я бачу пэрспэктывы толькі ў Мілінкевіча і, зь вялікай нацяжкай, можа быць, у Казуліна.

Да таго ж пасьпяховы збор подпісаў яшчэ не зьяўляецца гарантыяй рэгістрацыі. Прэтэндэнт можа сабраць і 300 тысяч подпісаў, а яго могуць не зарэгістраваць. Лукашэнку, Гайдукевіча і Казуліна, хутчэй за ўсё, зарэгіструюць. А вось у Мілінкевіча ў гэтым сэнсе могуць быць праблемы.

Ягоная нерэгістрацыя лягічна кладзецца ў антырэвалюцыйныя захады ўладаў: папраўкі ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы, раньнія выбары і іншае. Мы цяпер ня ведаем межаў той занепакоенасьці, якую выяўляе ўлада. Таму я не бяруся рабіць прагнозу наконт гэтага". (Чытаць далей -- поўны тэкст перадачы)
XS
SM
MD
LG