Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

50 спосабаў палепшыць жыцьцё ў 2006 годзе


Віталь Цыганкоў, Прага У гэтыя дні, калі многія выданьні падводзяць вынікі году, своеасаблівым падыходам вызначыўся часопіс “US news and world report”. Часопіс прапанаваў сваім чытачам “50 спосабаў палепшыць сваё жыцьцё ў 2006 годзе”. Некаторыя з гэтых парадаў, відавочна, будуць цікавыя і карысныя нашым слухачам, а некаторыя, здаецца, вельмі далёкія ад беларускай рэчаіснасьці.

Артыкул “50 шляхоў, як палепшыць сваё жыцьцё” – падзеленыя на некалькі разьдзелаў – “цела”, “розум”, “фінансы”, “дом”, “дух”, “звычкі” і “падарожжы”. Напэўна, самымі ўнівэрсальнымі якраз зьяўляюцца парады ў галіне здароўя, зь імі мы вас пазнаёмім найбольш падрабязна. “Атрымайце сваю штодзённую дозу Амегі-3” – гэтак гучыць першая парада. Амега-3 – гэта тып тлустых кіслотаў, якія абясшкоджваюць халестэрол, абараняюць сэрца ад арытміі, і нават выкарыстоўваюцца для лячэньня дэпрэсіі і хваробы Альцгэймэра. Амэга-3 ўтрымліваецца найперш у тлустай рыбе, такой як ласось і скумбрыя, грэцкіх арэхах, капусьце брокалі і шпінаце. Часопіс, праўда, тлумачыць, што паводле апошніх дасьледаваньняў, ласось, якога разводзяць у спэцыяльных гаспадарках, асабліва ў Эўропе, можа несьці пэўную пагрозу здароўю, таму асабліва рэкамэндуецца ужываць кансэрваваны ласось, які звычайна робіцца з рыбы, вылаўленай ў моры.

Наступная парада гучыць так – будзе абачлівыя наконт атрыманьня вітаміну Д праз сонечныя прамені. Сёньня, калі многія людзі праводзяць усё больш часу пад дахам і перад кампутарамі, дасьледаваньні фіксуюць недахоп у арганізьме вітаміну Д. Але разам з тым, знаходжаньне на адкрытым сонцы, якое зьяўляецца натуральным пастаўшчыком вітаміну Д, павялічвае рызыку рака скуры. Таму лекары рэкамэндуюць не захапляцца сонечнымі ваннамі, а неабходную колькасьць вітаміну Д прымаць у выглядзе таблетак.

Сярод некаторых іншых шляхоў, як палепшыць стан свайго здароўя ў наступным годзе, адзначым некалькі даволі традыцыйных – займайцеся штодня фізычнымі практыкаваньнямі мінімум 10 хвілінаў, падбярайце сабе таблеткі індывідуальна і па магчымасьці не прымайце іх занадта шмат, трымайце сваё цела ў цяпле. Але варта зьвярнуць увагу на наступную, здавалася б, дробязь – “прачышчайце зубы ніткай”. Дасьледаваньні паказваюць залежнасьць паміж хваробамі дзёснаў і нездароўем усяго арганізму.

Разам з тым у наступнай парадзе аўтары заклікаюць не давяраць мэдычным дадзеным, якія можна пачуць ў СМІ, асабліва ў кароткіх выпусках навінаў. Правярайце іх праз адпаведную мэдычную літаратуру альбо праз Інтэрнэт.

Верагоднасьць таго, што пешаход можа быць зьбіты аўтамабілям, уначы ў чатыры разы большая, чым днём. Таму для тых, хто падарожнічае ў цемры, існуе наступнае рашэньне – адбівальнік сьвятла. У прынцыпе, большасьць дзіцячай вопраткі альбо абутку ўжо робіцца з улікам гэтага чыньніка, а для дарослых часопіс рэкамэндуе адмысловыя пальчаткі альбо павязкі на галаву, якія сьвецяцца.

Наступная частка артыкулу “50 спосабаў палепшыць сваё жыцьцё ў 2006 годзе” прысьвечаная нашаму розуму. Навучыцеся мысьліць як навуковец. Гэта азначае, што ў паўсядзённым жыцьці стаўце ўсё пад сумнеў, правярайце свае здольнасьці даказаць, здавалася б, звычайныя ісьціны. Вучыцеся спрачацца! Напрыклад, ня бойцеся саступіць ня самы істотны пункт спрэчкі, каб выйграць больш важнае. Заставайцеся спакойнымі і паважнымі, незалежна ад таго, наколькі вы ня згодныя. Вучыце кітайскую мову, але ня толькі з-за той эканамічнай і палітычнай вагі, якую набывае зараз Кітай, а з-за асаблівасьці і ўнікальнасьці самой гэтай мовы.

Наступная парада даволі нечаканая – часам пагружайцеся ў відэагульні. Многія зь іх прымушаюць “гэймэраў” вывучаць даволі складаныя правілы, выбіраць зь дзясяткаў варыянтаў, ставіць прыярытэтныя задачы. Навукоўцы сьцьвярджаюць, што відэагульні падвышаюць увагу да візуальных дэталяў. Некаторыя амэрыканскія вайсковыя часткі ўжо выкарыстоўваюць відэагульні для трэнінгу свайго пэрсаналу. Паводле некаторых дасьледаваньняў, лекары, якія гулялі ў відэагульні мінімум тры гадзіны ў тыдзень, падчас экспэрымэнту зрабілі менш памылак і закончылі тэсты на 27% хутчэй.

Наступная парада – займайцеся мэдытацыяй. Даўно вядома, што гэты занятак зьніжае стрэс і раздражненьне, але апошнія дадзеныя яшчэ і пацьвярджаць, што гэта паляпшае вашую памяць і здольнасьць засяроджвацца. Уступіце ў кружок харавых сьпеваў. Паводле дасьледаваньняў, праведзеных сярод пажылых людзей, тыя, хто рэгулярна сьпявае разам зь іншымі, ня толькі фізычна больш здаровыя, але і больш актыўныя сацыяльна, менш падуладныя дэпрэсіі, і знаходзяцца ў лепшым духоўным настроі. А яшчэ адна парада з гэтай сфэры – складвайце “пазлы” альбо галаваломкі.

Наступная частка спосабаў, як зрабіць сваё жыцьцё лепш, тычыцца фінансаў, і гэты разьдзел, напэўна, менш за ўсё пасуе да беларускіх рэаліяў. Тым ня менш цікава паглядзець, як гучаць некаторыя парады ў гэтай сфэры. Выбірайце правільную крэдытную картку – адсачыце, які курс прапануе кожны вытворца картак, не затрымлівайцеся з аплатай рахункаў, бо часам вы нават ня ведаеце, якія працэнты і як хутка ў вас набягаюць. Сачыце за рэклямай і атрымайце бясплатны падарунак ад банку. Рабіце ўсё больш пакупак пра Інтэрнэт – гэта эканоміць час і грошы. Тэлефонныя званкі таксама варта рабіць шляхам адмысловага Інтэрнэт-праграм (кшталту Skype, Google Talk), які дазваляюць тэлефанаваць на звычайныя нумары празь сеціва.

Наступны разьдзел парадаў – ваш дом, дзе прадстаўленыя некаторыя тэхнічныя навінкі і апошнія дасягненьні дызайну. Тут мы можам знайсьці незгаральны, воданепранікальны сэйф, новы тып тэлеантэны, якую аўтары назвалі “бесклапотнай”. Але вашую ўвагу хочам зьвярнуць на сапраўды рэвалюцыйнае ўнівэрсальнае дыстанцыйнае кіраваньне. Зараз у кватэрах усё больш пультаў дыстанцыйнага кіраваньня – асобны да кожнай рэчы: тэлевізару, відэамагнітафону, кандыцыянэру, тэлеантэны і гэтак далей. Новая прылада нездарма называецца “Гармонія”, бо падыходзіць да ўсіх гэтых апаратаў.

Нарэшце некалькі парадаў з галіны дзеяньняў і паводзінаў. Прачытайце кнігу, якая можа цалкам зьмяніць ваша жыцьцё. Не забудзьцеся загадзя напісаць запавет на сваю маёмасьць. Замест таго, каб глядзець нейкі пусты фільм, прачытайце кароткую анатацыю – гэтага часта бывае дастаткова. Аддайце сваё цела тайскаму масажу – гэта спалучэньне ёгі, масажу і акупунктуры на сёньня лічыцца самым модным і пэрспэктыўным. Ешце шакаляд – гэта ня толькі смачна і падвышае настрой, гэта яшчэ і карысна.

І нарэшце, апошняя парада, якая, відаць, асабліва актуальная ў год прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. “Займайцеся грамадзкай дзейнасьцю”.”Калі вашыя прадстаўнікі ў заканадаўчых органах вас ігнаруюць, падымайце шум”, – раіць аўтар кнігі “Актывіст за адну гадзіну – 15 найбольш уплывовых дзеяньняў, якія вы можаце зрабіць, каб змагацца за свае мэты і за сваіх кандыдатаў”.
XS
SM
MD
LG