Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2005 у атворы “Вострае Брамы”


Сяргей Дубавец, Вільня (Этэр 25 сьнежня 2005 г.) Новая перадача сэрыі “Вострая Брама”.

2005 год увойдзе ў гісторыю падзеямі і здабыткамі, рэальнае значэньне якіх будзе зразумелае толькі ў будучыні. Зьнешне нічога не нагадвала рэвалюцыі альбо пералому, але менавіта ў 2005-м у Беларусі пачалася, калі хочаце, “зьмена вех” грамадзкае сьвядомасьці. Замест чаканьня цуду, якое доўжылася на працягу ўсіх гэтых дзесяці гадоў, прыйшло ўсьведамленьне бестэрміновасьці цяперашняе сытуацыі, пэўнае вечнасьці, у якой усе свае задумкі і спадзяваньні мы зьвязваем не з чарговымі палітычнымі кампаніямі, а толькі з уласнай доўгатэрміновай працай.

Палітыкі загаварылі, што ня выбары важныя, а тое, што будзе пасьля выбараў. Бо разуменьне бестэрміновасьці пачне даходзіць да самых шырокіх масаў народу як нечаканае прасьвятленьне.

Выдаўцы незалежнае прэсы заняліся стварэньнем сваіх, незалежных ад капрызаў улады, сыстэмаў распаўсюду. Загучалі галасы пра нелегальны друк, і гэта таксама сьведчыць пра новую самастойнасьць і доўгатэрміновыя пляны. Стваральнікі замежных тэле– і радыёканалаў перанесьлі тэрміны сваіх этэраў на пасьлявыбарны час.

Ініцыятары культурных праектаў таксама перасталі спадзявацца на прыўкраснае далёка і з усіх сілаў сталі ажыцьцяўляць свае праекты тут і цяпер. У выніку 2005 год прынёс дзясяткі сапраўды вартых увагі кніг, падборка якіх уражвае невыпадковасьцю. Адбыліся зноў жа невыпадковыя музычныя фэсты, зьявіліся невыпадковыя песьні... Я так націскаю на слова “невыпадковыя”, таму што мы нарэшце прыватызавалі сваю ўласную сытуацыю і замест таго, каб проста раскідаць зерне на нічыйным полі, сталі ўважліва падбіраць культуры і месца пасадкі на сваім.

Словам, у 2005-м нам надакучыла урэшце чакаць аўтобуса, мы пайшлі пешшу і ўжо праз колькі крокаў хады адчулі, што зрабілі слушна, бо адлегласьць да мэты пачала скарачацца. Будзе той аўтобус – падвязе, ня будзе – што ж, нам галоўнае дастацца. А седзячы на прыпынку, нікуды не патрапіш. Вось уласна галоўнае, што з намі адбылося. Мы перасталі спадзявацца, што праз паўгоду пачнецца нармальнае жыцьцё.

Пераглядаючы паўсотні перадач “Вострае Брамы” 2005 году, я знайшоў многія сьведчаньні такой перамены. Пачаўся мінулы год з размоваў на кухні пра палітыку. Гэта такая чыста савецкая завядзёнка і форма існаваньня грамадзкае думкі, заціснутай на сямі мэтрах паміж газавай плітой і лядоўкай. Кухня, як жанр, сьведчыла толькі пра адно – у краіне няма свабоды. І вось напачатку мінулага году мы захацелі спраўдзіць, ці сапраўды наша вольнае слова вярнулася ў тыя вузкія кухонныя рамкі, але сама сабою атрымалася размова пра цеснату гэтага фармату. Кася Камоцкая”.

(Камоцкая: ) “Мне не хапае культурнай прасторы. Мне не хапае сродкаў масавай інфармацыі, мне не хапае тэлевізіі, тэатраў. Што выратуе? Думка альбо жаданьне думаць. Бо, нягледзячы на ўвесь страх, чалавек нават у стане страху можа паспрабаваць задумацца”.

(Дубавец: ) “Страх відавочна працягвае распаўзацца ў народзе, але гэта ня так важна, калі маральная большасьць грамадзтва ўжо з тым страхам справілася. Гэта значыць, што пачаць наступны 2006 год з размоваў на кухні пра палітыку – не атрымаецца. Я слухаю сёньня Ўладзімера Коласа, Аляксандра Мілінкевіча, Касю Камоцкую і вылучаю ў іхных словах і паводзінах галоўную перамену – людзі вызваліліся ад марных спадзеваў і асьцярогаў, адчулі сябе шмат вальнейшымі, бо нішто самае страшнае іх запалохаць ня можа. Бо яны ўжо не чакаюць і ўсе іх думкі – наперадзе.

Патасна можна сказаць і так – у 2005-м беларусы здабылі веру. Стала ясна, што водападзел у грамадзтве праходзіць не па Лукашэнку ці беларускай мове – гэта ўжо наступствы, а па веры ў Беларусь. І верныя бачаць сваю задачу ў навяртаньні няверных.

Летась улетку ў этэр выйшла “Вострая Брама”, якая так і называлася – “Беларуская Вера”, у якой ангельская паэтка і перакладчыца Вера Рыч выступіла ў ролі жывой мэтафары гэтай самай беларускай веры.

Беларуская Вера жыве ў Лёндане. Яна карэнная ангелька. Яе так і завуць – Вера. І вуліца, на якой яна жыве, – вуліца Веры. А прозьвішча яе – Рыч. Вера Рыч сьпявае ў лёнданскай Беларускай царкве і дэклямуе па-ангельску вершы Максіма Багдановіча. Беларусь яна лічыць сапраўдным боскім цудам і ў любы момант гатовая апынуцца ў Беларусі.

(Вера Рыч: ) “Я хацела паехаць у Беларусь, але не была запрошаная. І мне здаецца, што людзі ня хочуць мяне...”

(Дубавец: ) “Ангельская дзяўчынка, зь якой некалі здарыўся цуд паяднаньня зь Беларусяй, і сёньня зьдзіўляе сваёй непасрэднасьцю і сваёй верай. Можа быць, у тым, што яе не запрашаюць у Беларусь, вінаватыя ня людзі, а кепская сытуацыя?

(Вера Рыч: ) “Я ведаю, што сытуацыя кепская. Але калі я буду патрэбная, я буду там”.


* * *

(Дубавец: ) “Стратаю 2005 году стала сьмерць Анатоля Сыса. Таксама сымбалічная падзея, якая пазначыла зьмену вехаў і зьмену часоў, бо ў літаратуры Сыса ня стала нашмат раней”.

“Паэт Анатоль Сыс пайшоў на неба. Шлях ягоны быў лёгкі, бо паміж Велікаднём і Радаўніцай дарога на нябёсы адкрытыя многімі малітвамі. А калі яшчэ ўлічыць, як доўга чакаў ён гэтага моманту!.. Гадоў 15 таму ён так і адказаў мне на пытаньне “Чым цяпер будзеш займацца?” – “Цяпер засталося толькі памерці”. Ягоным вершам тут, на зямлі замінала ягоная чалавечая прысутнасьць.

У гісторыі Анатоля Сыса наймацней уражваюць ягоныя адносіны да паэзіі, як да сапраўды большае рэальнасьці. Большае за жыцьцё. Ягоныя вершы – гэта не салён і не стадыён, не эстэтыка і паэтыка, а замова шаптуна-улюбёнца Бога. Шаптун і выглядае дзіваком, бо жыве паміж намі і небам. І ведае цану нашай мітусьні, якой мы часьцяком за гэтай самай мітусьнёй не заўважаем. Як не заўважаем і не надаем такога абсалютнага значэньня паэзіі.

Яшчэ трэба адзначыць тое, што напэўна выпадзе з нэкралёгаў. Анатоль Сыс быў ня толькі шаманам, але дасьведчаным і адукаваным чалавекам. Вось чаму ягонае самаадмаўленьне давалася яму так цяжка – бо рабілася сьвядома. Сыс ведаў, што ўсяму свой крэс. І калі б Купала пражыў век Багдановіча – не было б Купалы. А калі б Багдановіч меў Купалавы гады – не было б і Багдановіча. Першы папросту б не дасьпеў, другі б – размазаў уласны даробак. Сыс разумеў, што сам ён адбыўся напрыканцы 80-х. І далей рабіў усё, каб не замінаць сваім уласным вершам жыць. Піў і блазнаваў, каб ня быць атаясамленым з тым вобразам паэта, які ўжо сфармаваўся ў публікі. Каб сур’ёзнасьцю свайго чалавечага аблічча не псаваць чысьціню свайго паэтычнага вобразу. Выдаваць па кніжцы ў год, езьдзіць на дачу і сядзець на нарадах, безумоўна, было прасьцей, але для ягонай паэзіі гэта быў канец. Стакроць цяжэй было зусім усьвядомлена, яшчэ жывучы, дэкляраваць сваю цялесную сьмерць альбо іншасьць. Проста быць проста вар’ятам, і зусім ня тое – самому абраць сабе гэткі шлях. Магчыма, ягоны подзьвіг якраз у гэтым – столькі гадоў не спакусіцца, не размазаць, не сапсаваць і дажыць такі да таго дня паміж Вялікаднем і Радаўніцай, калі твой шлях акажацца адкрытым”.


* * *

“А можа гэта мінулае стагодзьдзе завяршылася ў 2005-м і толькі падабрала сваіх, тых, хто цалкам зьдзейсьніўся ў ягоных межах? І тады год 2006-ты абяцае стаць сапраўдным пачаткам новага стагодзьдзя і тысячагодзьдзя? Містыка містыкай, але згадваю, што пасьля сьмерці Сыса яшчэ некалькі паэтаў майго пакаленьня прызнаваліся, што ў іх былі падобныя поклічы – пайсьці за Сысом. Адно такое сьведчаньне прагучала ў “Вострай Браме”. Славамір Адамовіч”.

(Адамовіч: ) “Калі коратка, было вельмі дрэнна. Я блізка быў таксама да такой разьвязкі, у вельмі дрэнным маральным, псыхалягічным стане быў, і зьвесткі пра сьмерць Анатоля Сыса так проста размазалі, што было вельмі і вельмі цяжка”.

(Дубавец: ) “Якія ў вас з Сысом былі дачыненьні? Як ён да цябе ставіўся?”

(Адамовіч: ) “Ён выпрабоўваў мяне на злом – наколькі я змагу моцна трымаць, што называецца, асадку ў руцэ, і часта казаў: ну, Адамовіч, ты ж не паэт, які ты паэт, ну што ты там напісаў?.. І гэта напачатку бянтэжыла, а потым я зразумеў – трэба рабіць такія тэсты, каб аднойчы Анатоль Ціханавіч сказаў: ну, вось гэта паэзія, гэта верш. І іншага для мяне выбару не было”.


* * *

(Дубавец: ) “Некалькі перадачаў мінулага году былі прысьвечаныя 60-м угодкам завяршэньня другой сусьветнай вайны, адносінам беларусаў і немцаў, а таксама сучаснай нямецкай палітыцы. У “Вострай Браме” паміж іншых гаварыў пра гэта Артур Клінаў, якога “Наша Ніва” назвала мастаком года”.

(Артур Клінаў: ) “Ні для кога ні сакрэт, што палітыку Эўропы апошнімі гадамі ў стаўленьні да Беларусі ў вялікай ступені фармавала Нямеччына. І палітыка гэтая, на жаль, калі яе сфармуляваць вельмі спрошчана – гэта погляд на Беларусь, як на нейкую недарэчнасьць, якая невядома навошта і як зьявілася. Нейкі кур’ёз. І чаканьне таго, што гэты кур’ёз зьнікне, рассмокчацца ў неабсяжных расейскіх прасторах. І за гэтым у вялікай ступені стаяла Нямеччына. На жаль. І з гэтага пункту гледжаньня сёньняшні погляд на Нямеччыну ў вельмі значнай часткі беларускай інтэлектуальнай эліты… На жаль, гэта вельмі папсавала стаўленьне да Нямеччыны”.

* * *

(Дубавец: ) “На добры лад гэты год мусіў стаць годам Уладзімера Караткевіча – на яго 75-я ўгодкі. У “Вострай Браме” ён такім і стаў. Многія ўдзельнікі перадачаў распавядалі пра асобу пісьменьніка, пра лёс ягонае творчасьці, пра ягоныя адрасы, пра легендарнае Караткевічава п’янства і яго заўчасную сьмерць, пра настаўніцтва ў Лесавічах ва Ўкраіне.

Але найбольш калярытнымі былі Гісторыі пра Караткевіча, так падобныя да анэкдотаў, якія сваёй бясконцасьцю прэтэндуюць на тое, каб стаць асобным жанрам ці то літаратуры ці то гарадзкога фальклёру. Вось гісторыя ад Алеся Петрашкевіча”.

(Петрашкевіч: ) “Машэраў кажа: “Паедзем выбіраць месца для музэя архітэктуры і быту на адкрытым паветры. Дык пазвані Караткевічу, ён многа ведае, мы яго возьмем з сабой”. Званю. Добры дзень, Уладзімер Сямёнавіч. Ці добрай раніцы... “Здароў”. Я кажу, вось такая справа. Ён кажа: “Ай, братка, як гэта цікава і хораша, але ж...” Я кажу: Што – але ж?.. “Я ўжо ўзяў на грудзь”. Я кажу: Многа ўзялі? “Ну, так, норму ўзяў”. Я кажу: Ну, вырашайце самі. Я магу прыкрыць, канечне. Скажу, што не знайшоў, не дазваніўся. Але паездка такая... “Я разумею, я разумею, што такое музэй”. Ён ня столькі на Машэрава глядзеў, колькі... “Прыеду! Калі што, я гэта ўсё на цябе зьвярну”. Я кажу: Ну зьвярні. І ўсё чакаў, як жа ён зьверне. Прыехаў. Нармальны Караткевіч, усё. Машэраў выйшаў, у машыну селі, едзем. Нешта гаварылі, потым стала ціха. І Караткевіч кажа: “Пётар Міронавіч, вы не Машэраў. Ваша прозьвішча зрусіфікавалі. І вы – француз. Мон шэр, ма шэр – зрусіфікаванае Машэр-ов”. Машэраў расьсьмяяўся, а Караткевіч кажа: “Ну, калі я што-небудзь змарозіў, Пётар Міронавіч, дык гэта Петрашкевіч вінаваты”. Той зьдзівіўся: “А чаму Петрашкевіч?” “А ён мне пазваніў не да таго, а пасьля”... Пасьля я пісаў нарыс пра Машэрава і высьветліў, што прозьвішча Машэрава – Машэра. Бацька яго Машэра”.

* * *

(Дубавец: ) “Некалькі перадачаў сёлета былі прысьвечаныя абсурдам русыфікацыі. Менавіта абсурдам, бо гаворка ідзе не пра плянамерную палітыку насаджэньня расейскае мовы з Крамля, а пра палітыку афіцыйных уладаў Беларусі, пра беларускую апазыцыю, якая ніяк ня можа ці ня хоча аб’яднацца вакол нацыянальнае ідэі пры тым, што больш яе нічога і не аб’ядноўвае, урэшце, пра палітыку ў дачыненьні да Беларусі радыёстанцыі “Нямецкая Хваля”, нібыта рупара эўрапейскае дэмакратыі, які нясе ў Беларусь расейскае слова, гэта значыць, не спрыяе абуджэньню чалавечае годнасьці, а толькі канстатуе далейшы заняпад духу, беспрасьвеце і няздатнасьць бязвольнага насельніцтва адчуць сябе народам і выступіць на абарону сваіх нацыянальных і чалавечых правоў.

Галоўным адкрыцьцём “Вострай Брамы” у 2005-м стала сядзіба Дарожкавічы – радавое гняздо Кастравіцкіх, зь якога выйшаў вялікі францускі паэт Апалінэр. Традыцыйна лічылася, што Дарожкавічы – пад Наваградкам, але мы знайшлі іх пад Дзісною на Віцебшчыне”.

(Бартосік: ) “А дом багаты быў у іх, Вы ня памятаеце?”

(Зінаіда: ) “Памятаю. Багаты. Мэблі былі. Раяля была, і барыня сядзіць. Мы ідзем каля гэтага пакою, а яна сядзіць, глядзім праз вакно, яна на раялі граіць”.

(Бартосік: ) “Мы вярнуліся да сядзібы у той час, калі велізарнае чырвонае сонца сядала за далягляд. Жывая карціна зачароўвала кожным імгненьнем. Лясісты супрацьлеглы бераг нябачнай адсюль, з высокага берагу, Дзьвіны ўжо акунаўся ў змрок, а далёкі далягляд палымнеў чырвонымі промнямі. Невыпадкова Кастравіцкія пабудавалі свой дом фасаднымі вокнамі на Захад. Назіраць такі Дзьвінскі закат штодня – сапраўдная раскоша”.


* * *

(Дубавец: ) “І гэты час, і гэты лад не назаўсёды...” Яшчэ адзін матыў вяртаньня савецкіх парадкаў і эзопавай мовы – параўнаньне нашай сёньняшняй сытуацыі з той, колішняй – гэта ўспамін пра спэктакаль “Клеменс” Віцебскага тэатру, які стаў сапраўдным выбухам у асяродку менскае ітэлігенцыі напачатку 1980-х. Пра гэта ў “Вострай Браме” згадваў Вінцук Вячорка”.

(Вячорка: ) “Тое, што мы пачулі на спэктаклі, было рэччу рэвалюцыйнай і паваротнай. “І гэты час, і гэты лад не назаўсёды...” Вобраз культавага быка... Гэта глыбокая філязофская вечная рэч, незалежна ад таго, у якім грамадзтве ты яе спасьцігаеш і ўспрымаеш. Але, я мяркую, і Разанаўскі пераклад, і рэжысэрскае прачытаньне і акторскае выкананьне і мастацкае афармленьне сцэны з гэтым божышчам-ідалішчам, якое ўсё вакол сабе падпарадкоўвае, гэта было чымсьці нечуваным на той час”.

(Дубавец: ) “Мэтафара быка, які залез на трон і забясьпечвае ўсіх бязьбедным існаваньнем узамен за іхнае маўчаньне, сёньня выглядае яшчэ больш просталінейна. Тады, напачатку 80-х, адзін асобна ўзяты Клеменс асацыяваўся не з канкрэтным кіраўніком, а з усёй машынай ЦК КПСС ці нават з усёй ідэалёгіяй камунізму. А пакажы такі спэктакаль у сёньняшняй Беларусі, асацыяцыі былі б адназначныя...

Удзельнік той перадачы – перакладчык “Клеменса” паэт Алесь Разанаў”.

(Разанаў: ) “Ну, колькі гадоў мінула з таго часу? Чвэрць стагодзьдзя. І тыя словы, якія гучаць у гэтай песьні, – “І гэты час, і гэты лад не назаўсёды”, – яны актуальныя былі і тады, і актуальныя цяпер. Але гэтыя словы цяпер мусяць прамаўляць іншыя вусны.

“Перавернецца прастора, заўтра стрэнецца з учора, гусі вернуцца ізноў”. Ну так, час ужо за гэтыя чвэрць стагодзьдзя абмаляваў свой круг і як бы вярнуўся да пачатку. Гусі вернуцца ізноў, будзем спадзявацца”.


* * *

(Дубавец: ) “Найвялікшы беларускі кампазытар” – так называлася перадача пра збор твораў Міколы Равенскага, працу над якім ачольвае Віктар Скарабагатаў”.

(Дубавец: ) “Адстойваючы годнасьць сваёй нацыі ў размове з расейцам ці палякам, беларус абавязкова пачуе імёны Талстога, Чайкоўскага ці Гагарына ад першага і Міцкевіча, Шапэна, Вайтылы ад другога, і пачне хаатычна падбіраць свой уласны шэраг. Янка Купала і Васіль Быкаў? Безумоўна, вартыя імёны, але расеец з палякам маглі пра такіх і ня чуць. Скарына і Каліноўскі? Усяслаў Чарадзей і Ігар Лучанок? – таксама давядзецца тлумачыць, а гэта ня той выпадак, трэба так, каб толькі назваў, і ўсім было ясна. Вось як немец скажа – Бах – і ніякіх дадатковых словаў непатрэбна...

Як увогуле ствараюцца такія імёны – галоўныя аргумэнты нацыянальнае вартасьці? Як ствараецца імя найвялікшага кампазытара нацыі, і хто ў беларусаў кампазытар нумар адзін?”

(Скарабагатаў: ) “Чаму менавіта Равенскі? Калі паглядзець на эўрапейскую традыцыю, мы можам аналёгіі знайсьці. Першы збор твораў сярод аўстрыйскіх кампазытараў – гэта быў Моцарт. Сярод польскіх – гэта быў Шапэн. Сярод расейцаў – Чайкоўскі. Адсюль бачна, што гэта павінен быць кампазытар найвышэйшага нацыянальнага прыярытэту...

... засяродзілі сваю ўвагу мы на 20-м стагодзьдзі. І сярод тых, хто заслугоўвае, тут цэлы шэраг кампазытараў выдатных. Гэта і Глебаў, і Багатыроў, і Туранкоў, скажам. Тым ня менш, мы спыніліся на Равенскім.

... калі я склаў гэты каталёг, адна цікавая акалічнасьць. Гэта стала бачна пасьля таго, як каталёг ужо быў зроблены. У ім, калі тычыцца чагосьці, напісанага Равенскім на словы, гэта альбо хоры, альбо кантаты, опэры, апэрэты, рамансы і гэтак далей, гэта ім было напісана толькі на беларускія вершы. Гэта абсалютны, на мой погляд, вынік.... Бо ні адзін кампазытар ні да Равенскага, ні пасьля Равенскага так не рабіў. Пісалі на розных мовах. А вось абсалютны вынік толькі ў Равенскага. Ён аддаваў перавагу беларускаму ва ўсім”.


Тры месяцы таму, калі гэтая гутарка зь Віктарам Скарабагатавым гучала ў этэры, лейтматывам яе можна было зрабіць словы – нягледзячы ні на што.

Нягледзячы ні на што, чалавек стварае нікому непатрэбны вобраз беларускага кампазытара нумар адзін, выцягвае зь цемры мінуўшчыны зусім нявыгаднае імя эмігранта, зьбірае і сыстэматызуе ягоныя творы... Нягледзячы ні на што. Вы павінны разумець, кажа Мікалай Пінігін перад прэм’ерай “Сымона-музыкі” ў Купалаўскім тэатры, што ў сёньняшняй культурна-моўнай сытуацыі мы ставім спэктакаль на старажытнакельцкай мове. Нягледзячы ні на што. Гэта і ёсьць адчуваньне чужой, ня нашай, адабранай у нас прасторы. 10 гадоў мы чакалі, што яна вернецца. А яна, аказваецца, нікуды не дзявалася. Толькі што не такая, якой была калісьці альбо якая яна ў нашых мроях. “Нягледзячы ні на што” і “старажытнакельцкая мова” – гэта наш уласны самападман. Бо ня будзе “Сымон-музыка” граць на сваёй скрыпцы для пустой залі, як і творы Равенскага ня лягуць у архіўны пыл. Усё, што ні робіцца невыпадковага, усё запатрабаванае.

Як і сто гадоў таму, наша грамадзтва падзеленае на два сьветы, адзін зь якіх ёсьць культура, самасьвядомасьць і вера, а другі – толькі быт, цемната народная і прапаганда. Даваць першаму сьвету ацэнкі ад імя другога альбо чакаць, калі гэтыя ацэнкі стануць спрыяльнымі, альбо прасіць паразуменьня – гэта ўсё адно што спытваць пра навінкі беларускай паэзіі ў новага міністра культуры ці ў прэзыдэнцкага прэс-сакратара... Марная справа. Здаецца, у 2005-м гэта ўжо зразумелі ўсе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG