Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У А.Мілінкевіча будзе тры варыянты сацыяльна-эканамічнай праграмы


Радыё Свабода Праграму сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі, якая рыхтуецца для кандыдата ў прэзыдэнты, абранага на Кангрэсе дэмакратычных сілаў — Аляксандра Мілінкевіча, пажадана падаць у трох варыянтах. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі круглага стала, які прайшоў 29 сьнежня пад эгідай Нацыянальнага выканаўчага камітэту (ценевага ўраду) Беларусі.

Вядомыя навукоўцы і практыкі, сярод якіх Станіслаў Багданкевіч, Васіль Шлындзікаў, Леанід Злотнікаў ды іншыя, прапанавалі падаць праграму ў розных варыянтах. Першы, так званы акадэмічны варыянт, разьлічаны на тых выбарцаў, якія цікавяцца гэтай праблематыкай і гатовыя вывучаць усе падрыхтаваныя матэрыялы. Другі варыянт (праўдападобна, у выглядзе адказаў на вострыя пытаньні) разьлічаны на бальшыню выбарцаў. І нарэшце, трэці (у выглядзе буклетаў) закране самыя балючыя тэмы беларускага грамадзтва — здароўе, жыльлё, пэнсіі.

З такім падыходам пагаджаецца і Аляксандар Мілінкевіч, які ўважліва праслухаў усю дыскусію, што доўжылася дзьве гадзіны:

(Мілінкевіч: ) “Я адно шкадую, што мы раней гэтага не зрабілі. Хаця добра, што гэта адбылося і сёньня. Сапраўды, выдатныя экспэрты, людзі, якія хочуць зрабіць добрую праграму. Для мяне вельмі важна, каб гэта была праграма не асабіста Мілінкевіча і не яго давераных асобаў, якія б таксама маглі яе напісаць, а каб гэта была калектыўная творчасьць усёй кааліцыі”.

(Карэспандэнт: ) “Яна вам падаецца рэальнай для выкананьня?”

(Мілінкевіч: ) “Каб сказаць, наколькі тыя лічбы, што згадваюцца ў праграме, ёсьць рэальнымі, трэба яшчэ папрацаваць. Але па тэзісах, па кірунках яна абсалютна рэальная і адпавядае жаданьнем бальшыні людзей у Беларусі”.

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, які вёў сёньняшнюю дыскусію, лічыць яе карыснай:

(Раманчук: ) “Дыскусія вельмі плённая, бо калі ёсьць розныя людзі — навукоўцы, бізнэсоўцы, прадстаўнікі грамадзкіх суполак, дык і погляды іх каштоўныя. Бо праграма, якую мы рыхтуем, скіраваная ня толькі на эканамістаў, а на звычайных людзей. І таму пажаданьні, якія сёньня выказвалі, зробяць наступны варыянт праграмы больш канкрэтным, больш цэласным. Мы спадзяемся, што новы варыянт будзе надрукаваны ў мэдыях, каб да абмеркаваньня маглі далучыца ня толькі экспэрты, якія працуюць зь ценевым урадам, але і як мага больш іншых людзей. На агульнай падставе і будзе зробленая ўрэшце праграма адзінага кандыдата, абранага на Кангрэсе дэмакратычных сілаў”.
XS
SM
MD
LG