Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся збор подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта (фота)


Радыё Свабода Сёньня распачалі зьбіраць подпісы выбарцаў у падтрымку патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. Актывісты ініцыятыўных групаў пачалі хадзіць па кватэрах з падпіснымі лістамі, а таксама зьбіраць подпісы за кандыдатаў на вуліцах.

У першы дзень збору подпісаў актыўна зьбіраць подпісы на вуліцы сталі актывісты ініцыятыўных групаў кандыдата, вылучанага Кангрэсам дэмакратычных сілаў, Аляксандра Мілінкевіча. Паводле кіраўніцы яго менскага штабу Валянціны Палевіковай, сёньня ў сталіцы і хадзілі па кватэрах, і зьбіралі подпісы за Мілінкевіча на дзевятнаццаці вулічных пунктах.



На лесьвіцы Дому модаў на былым праспэкце Машэрава стаіць вялікі фатаздымак Аляксандра Мілінкевіча, побач зь ім тры зборшчыкі подпісаў. За дваццаць хвілінаў, што я назірала за іх працай, за Аляксандра Мілінкевіча падпісаліся сем чалавек. Гаворыць актывістка ініцыятыўнай групы Леанарда Мухіна:

(Мухіна: ) “За гадзіну кожны з нас сабраў недзе дваццаць подпісаў. Людзі падыходзяць актыўна. Але, на жаль, далёка ня ўсе ведаюць пра тое, што сёньня пачаўся збор подпісаў на вуліцы, ня маюць з сабой пашпартоў. Мы кажам, што будзем тут увесь час, і спадзяюся, што заўтра, пасьлязаўтра людзі будуць падыходзіць з пашпартамі”.

Адметна, што зборшчыкам подпісаў амаль не даводзілася тлумачыць людзям, хто такі Аляксандар Мілінкевіч:

(Спадарыня: ) “Я яго ведаю асабіста, таму менавіта за яго”.

(Спадар: ) “Ведаю, як чалавека годнага, добрасумленнага. Спадзяюся на нейкія зьмены”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што гэта адзіны кандыдат, які можа больш-менш супрацьстаяць цяперашняй уладзе”.

(Спадар: ) “Любы новы лепш за старога”.

Сёньня збор подпісаў за Зянона Пазьняка пачалі і актывісты ініцыятыўных групаў у яго падтрымку. Кіраўнік перадвыбарчага штабу Зянона Пазьняка Сяргей Папкоў патлумачыў, што актывісты толькі ўчора атрымалі падпісныя лісты і пасьведчаньні.

(Папкоў: ) “Яшчэ сёньня ідзе разьмеркаваньне, адпраўка падпісных лістоў і пасьведчаньняў. А Менск ужо пайшоў на збор подпісаў. Сёньня ўжо зьбіраюць подпісы ў Віцебску, Баранавічах, Ляхавічах, Гомелі ды іншых гарадах”.

Кіраўнік перадвыбарчага штабу Сяргея Гайдукевіча Ўладзімер Карунас паведаміў “Свабодзе”, што збор подпісаў будзе весьціся пераважна па кватэрах, як і падчас парлямэнцкай выбарчай кампаніі.

Гэткай жа тактыкі — хадзіць па кватэрах — прытрымліваюцца і актывісты ініцыятыўных групаў, якія зьбіраюць подпісы за Аляксандра Казуліна. Паводле намесьніка кіраўніка штабу Ўладзімера Нісьцюка, яны чакаюць адказу на свой запыт у Цэнтравыбаркам пра магчымасць збору подпісаў на вуліцы, каб яго не палічылі перадвыбарчай агітацыяй.

(Нісьцюк: ) “Шмат было тлумачэньняў Міністэрства юстыцыі пра тое, што ўсе мерапрыемствы, якія праходзяць на вольным паветры, павінны адбывацца ў адпаведнасьці з законам аб масавых мерапрыемствах. Мы цяпер рыхтуемся і гатовыя да таго, каб выставіцца, але чакаем сёньня ці заўтра, што нам дадуць такое тлумачэньне. І гатовыя пасьля Новага году выставіць пікеты”.

Як сталя вядома Радыё Свабода, сёньня ж распачалі збор подпісаў таксама актывісты ініцыятыўных групаў Аляксандра Вайтовіча, Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Скрабца і Валера Фралова.

Кожны з прэтэндэнтаў на прэзыдэнта павінен займець падтрымку ня менш як 100 тысяч выбаршчыкаў. Зьбіраць подпісы маюць права выключна сябры ініцыятыўных групаў. Больш за 5 тысяч актывістаў у ініцыятыўных групах Аляксандра Лукашэнкі і Аляксандра Мілінкевіча. Па 3 тысячы чалавек працуюць у групах Аляксандра Казуліна і Сяргея Гайдукевіча, 2 тысячы — у камандзе Зянона Пазьняка, па адной — Аляксандра Вайтовіча ды Валерыя Фралова. У ініцыятыўнай групе Сяргея Скрабца 143 асобы. Выбарцы могуць ставіць подпісы ня толькі аднаму, але і некалькім патэнцыйным кандыдатам.
XS
SM
MD
LG