Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шляхціч Эрат, або Беларусь у сэксуальных апавяданьнях


Радыё Свабода Сучаснаму чалавеку вядомыя розныя праявы эратычнага пачуцьця: ад лёгкіх пастаральных перажываньняў да самазабыўнага захапленьня фізіялягічнымі падрабязнасьцямі. Перанесеныя на паперу або палатно, яны пераўтвараюцца ў эратычнае мастацтва — неад’емную частку любой культуры. Эратычныя матывы беларускай літаратуры — якія яны?

Кажуць, размаўляючы пра эротыку, можна шмат даведацца пра суразмоўцу і амаль нічога — пра тэму размовы. Але для паўнавартаснай карціны бяз шэрагу пытаньняў не абысьціся. І першае: што такое эратычная літаратура? Вызначэньне літаратурнага крытыка Ганны Кісьліцынай:

(Кісьліцына: ) “Мне здаецца, што эратычная літаратура — гэта літаратура ня проста, якая ўзбуджае, таму што, на мой погляд, узбуджае ўсякая добрая літаратура. Можа, гэта розная ступень узбуджэньня, розная ступень эратызму, але эстэтычнае і эратычнае недзе побач ляжаць. Мне здаецца, што эратычная літаратура — гэта літаратура, якая пісалася спэцыяльна з мэтай узбуджэньня”.

Фэномэнам узбуджэньня ў розных яго праявах цікавяцца ня толькі літаратары і аматары. Напрыклад, псыхааналітыкі на чале зь дзядулем Фройдам, які лічыў, што бог Эрат заўсёды процістаіць богу Танатасу — увасабленьню сьмерці. Пра што й кажа Адам Глобус, разважаючы пра мэтазгоднасьць эратычнай літаратуры.

(Глобус: ) “Калі нас зьнішчаюць фізычна, ясна, што нам трэба аднаўляць свой генафонд і супрацьпастаўляць любоў і эротыку забойству і вайне. Калі мы гаворым пра беларускую літаратуру новага і найноўшага часу, то ў нас была доўгі час зрушаная мараль — героі ў нас усе былі забойцы. Я лічу так, што калі чалавек забівае, то ён амаральны значна ў большай ступені, чым чалавек, які любіць і займаецца любоўю, жыве палавым жыцьцём. Ці лепш сказаць “полавым” усё ж па-беларуску?”

Ці існуе адмысловая мова беларускай эратычнай літаратуры? Сваім лінгвістычным досьведам дзеліцца Ўладзімер Някляеў, аўтар скандальна вядомага “Лабуха”:

(Някляеў: ) “Калі я пісаў раманчык “Лабух”, была чыста тэхналягічная, вельмі істотная, няпростая задача ўсё гэта па-беларуску выпісаць. Аказалася, што не існуе проста лексэмаў. Як гэта ўсё робіцца, каб было не пахабна і ўсё-такі зразумела, што адбываецца паміж жанчынай і мужчынам?”

Самы кароткі шлях да поўнага разуменьня — называць рэчы сваімі імёнамі. Што й рабілі наіўныя прабеларусы, якія ня ведалі пра існаваньне літаратурнай мовы і цэнзуры. Таму шукаць вытокі эратычнай літаратурнай мовы ў народнай творчасьці няма сэнсу, лічыць Уладзімер Някляеў.

(Някляеў: ) “У фальклёры яе не было з той простай прычыны, што народ называў усё тое, што ёсьць, так, як яно ёсьць, і не займаўся ніякімі эўфэмізмамі і выкрутасамі мастацкімі”.

Эўфэмізм — любімая цацка цнатлівых творцаў. Словы-заменьнікі, лічыць Ганна Кісьліцына, ствараюць памежную зону эротыкі і парнаграфіі.

(Кісьліцына: ) “Мне здаецца, што эротыка заўсёды зьвязаная з мовай эўфэмізмаў, з пэўнай вуалізаванасьцю. Эўфэмізмы адрозьніваюць эротыку ад парнаграфіі. Некалі Барт сказаў, што эротыка ад парнаграфіі адрозьніваецца адлегласьцю, на якой знаходзіцца назіральнік. Тут яна заўсёды будзе бліжэй да літаратуры, чым парнаграфія. Парнаграфія — гэта аголенасьць, гэта масавасьць, гэта тыражаванасьць, і таму мы не гаворым пра парнаграфічную літаратуру менавіта з таго, што мы не асацыюем парнаграфіі з мастацкасьцю”.

Каб не апынуцца за мяжой дазволенага ў “прыстойнай” літаратуры, першае, што патрэбна аўтару, — густ, а другое — уменьне кахаць, лічыць Ўладзімер Някляеў.

(Някляеў: ) “Чалавек, які ня ўмее кахаць, які адносіцца да жанчыны так, як самец да самкі, ён так і напіша. А калі ў чалавека напрацаваная гэтая ўнутраная эмацыйная сыстэма з павагай да сябе і да таго, што паміж імі адбываецца, то, вядома, такім чынам атрымаецца і ў літаратуры. А інакш яно і быць ня можа”.

Аднаму са складальнікаў зборніка вершаў і песень пра каханьне “Яна і я” Ўладзімеру Сіўчыкаву было прапанавана скласьці ўяўны зборнік больш вольных вершаў і песень, каб запоўніць эратычны прабел.

(Сіўчыкаў: ) “Калі працавалі над кніжкай вершаў і песень пра каханьне, знаходзілі фактычна эратычныя матывы ў нечаканых аўтараў. Пятро Васючэнка дзівіўся: “Як гэта вы знайшлі, можна сказаць, эратычны верш у сьвятара Казімера Сваяка?!” Значыцца, ёсьць яшчэ пэўныя рэзэрвы. Можна было б глыбей капнуць творы ў таго ж Фэлікса Тапчэўскага. Я б цалкам уключыў усе дванаццаць “Юрлівых санэтаў, або Мэзальянс” Юрася Пацюпы. Я думаю, што пры жаданьні можна было б рызыкоўныя альбо больш раскаваныя вершы пазнаходзіць і ў Максіма Танка, у Генадзя Бураўкіна, у Ўладзімера Караткевіча, як і ў Андрэя Хадановіча, у Віктара Жыбуля”.

Дарэчы, першы твор, які згадаў Уладзімер Сіўчыкаў, — эсэ Рыгора Барадуліна “Як беларусы сэксам займаюцца”.

“Слова “сэкс” прыйшло з кніжак. А наогул крывічы, як ніхто іншы, захавалі паганскія традыцыі й эўфэмізмамі не карысталіся. Казалі катэгарычна, абапіраючыся на вопыт пасівелых ад жарсьці стагодзьдзяў і на жывучую паганскую інтуіцыю: “Кожнае дыханьне любіць папіханьне”. Альбо: “Кожнаму дыханьню трэба папіханьне”. Кшчоным паганцам не па дыеце было так званае ўстрыманьне: “Пайшоў бы ў мніхі, дык яйцы ліхі”. (“Як беларусы сэксам займаюцца”. Р.Барадулін. “Дуліна ад Барадуліна”)

Уладзімер Сіўчыкаў марыць выдаць інтымны дзёньнік Максіма Багдановіча. Цяпер выдавец вядзе актыўную перапіску з дырэктаркай музэю паэта, але пакуль што безвынікова.

(Сіўчыкаў: ) “Мне пішуць, што аўтографы яшчэ расшыфроўваюцца і чакаюць свайго часу. Я магу вас запэўніць, што ёсьць шэраг людзей, якія стаяць на ахове беларускай, так сказаць, маральнасьці, і ў іх ліку і многія нашчадкі літаратараў”.

Аднак у ансамблі абаронцаў грамадзкай маральнасьці партыю першай скрыпкі выконвае цэнзура. Яна ж, на думку Адама Глобуса, замінае станаўленьню эратычнай традыцыі.

(Глобус: ) “У тым, што выдавалася за савецкім часам, яны, так кажучы жорсткім словам, кастрыравалі лексыку і адпаведна выкінулі тыя моманты ў казках, у песьнях, дзе была адкрытая прапаганда і заклікі да эратычнага жыцьця. Рэальна можна лічыць, што толькі цяпер у нас ёсьць умовы ствараць паўнавартасную эратычную літаратуру”.

Што чакае творцаў, якія вырашылі пазбавіцца застарэлых прымхаў праз эратычнае слова? Гаворыць незакамплексаваны паэт Андрэй Хадановіч:

(Хадановіч: ) “Калі літаратар гаворыць пра самыя інтымныя штукі — гэта сытуацыя, калі ён найбольш безабаронны, ён найбольш адкрыты. Ён не схаваецца ў іронію, ён не схаваецца ў гульню. Ён напраўду празрысты, ён аддае сябе на спагадлівую волю чытачоў, слухачоў, якія могуць асьмяяць і асьвістаць. Дзякуй Богу, што раптам зьявіліся такія нахабнікі, якія гэтага не баяцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG