Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крычаўскія дэмакраты зьбіраюць подпісы за аднаўленьне дзейнасьці школы


Радыё Свабода Крычаўскія філіі дэмакратычных партыяў сабралі больш за пяцьсот подпісаў пад зваротам да мясцовых уладаў з прапановай аднавіць дзейнасьць сярэдняй школы №4. Будынак школы блізу чыгуначнага вакзалу некалькі гадоў таму перадалі прыватнай фірме. Потым дзеці мусілі хадзіць у іншую школу праз чыгуначныя шляхі, што, на думку мясцовых дэмакратаў, небясьпечна.

Ініцыятар збору подпісаў, старшыня Крычаўскай філіі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Мікалай Гердзій сьцьвярджае, што для адкрыцьця школы ў наступным годзе ёсьць усе неабходныя ўмовы. У будынку пасьля прыватызацыі нейкі час разьмяшчаўся недзяржаўны тэхнікум, які сёлета не прайшоў атэстацыі і быў ліквідаваны.

Прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускага Народнага Фронту прапануюць уладам выкупіць будынак і адкрыць школу. Яны лічаць, што на рашэньне райвыканкаму можа паўплываць былая дырэктарка тэхнікуму Зінаіда Скачкова, якая працавала ў структурах выканаўчай улады, а цяпер ачольвае мясцовае аддзяленьне прапрэзыдэнцкай камуністычнай партыі.
XS
SM
MD
LG