Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі году для беларускіх прадпрымальнікаў


Міхал Стэльмак, Менск Якім выдаўся 2005 год для індывідуальных прадпрымальнікаў? Што яны думаюць пра сёлетнія адметнасьці бізнэсу па-беларуску? Ці мараць пра перамены ў сваёй працы? На што дробныя бізнэсоўцы спадзяюцца ў наступным годзе?

Індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Панамароў гэты год лічыць найгоршым:

(Панамароў: ) “У мяне адабралі памяшканьне”.

(Карэспандэнт: ) “Чым вы займаліся?”

(Панамароў: ) “Вырабляю розныя драўляныя рэчы для патрэбаў насельніцтва Клецкага, Нясьвіскага ды іншых раёнаў. Замовы выконваў у асноўным для малазабясьпечанага насельніцтва. Раблю дзьверы, вокны, рамы, рамонт”.

Спадар Панамароў жыве ў Клецку. Ён адзін зь першых мясцовых прадпрымальнікаў. Чаму ў яго адабралі памяшканьне?

(Панамароў: ) “Таму што я ў апазыцыі. Я, мой сын і жонка — сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Жонка балятавалася ў 2004 годзе ў парлямэнт. Я ж актыўна працую з насельніцтвам у справе распаўсюду літаратуры. Рыхтую замалёўкі і артыкулы. Старшыня Клецкага райвыканкаму загадаў адабраць у мяне памяшканьне праз суд. Гаспадарчы суд Менскай вобласьці пастанавіў мяне выгнаць”.

У Клецкім райвыканкаме сьцьвярджаюць, што ў дзеяньнях адносна спадара Панамарова няма палітычных матываў. На судзе прагучала, што ініцыятыва мясцовай улады — гэта клопат пра парадак, які паспрыяе росквіту прадпрымальніцтва ў раённым маштабе.

У 2005 годзе было выдадзена некалькі дэкрэтаў і ўказаў, якія датычаць дробнага бізнэсу. Да якіх зьменаў яны прывялі? Меркаваньне наваполацкага прадпрымальніка Валера Шаўчэнкі:

(Шаўчэнка: ) “Гэты год, на жаль, быў яшчэ горшы, чым папярэдні”.

Думку наваполацкага бізнэсоўца падзяляе большасьць яго калегаў зь іншых рэгіёнаў. Чаму? Гаворыць намесьнік старшыні грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Віктар Гарбачоў:

(Гарбачоў: ) “Год быў вельмі цяжкі для прадпрымальніцтва. Як ніколі, ён насычаны ўказамі, дэкрэтамі і пастановамі ў дачыненьні да прадпрымальнікаў. Гэта спроба ўладаў неяк разьяднаць прадпрымальнікаў, разарваць іх на кавалкі — каб у нас не было адзінства”.

На пачатку году тавары, што ўвозяцца з Расеі, было вырашана абкласьці падаткам на даданую вартасьць (ПДВ). Гэта выклікала рэзкі пратэст бізнэсоўцаў. Аднак іх спроба пераканаць кіраўніцтва краіны адмовіцца ад увядзеньня гэтага падатку ня мела плёну. Таму прадпрымальнікі вырашылі страйкаваць. У часе падрыхтоўкі да акцыі быў жорсткі ціск на яе арганізатараў. Прыгадвае лідэр рэчыцкіх бізнэсоўцаў Леанід Невар:

(Невар: ) “Мяне пасадзілі пасьля таго, як мы правялі папераджальны страйк. Яны абяцалі, што ня будуць чапаць і перасьледаваць лідэраў прадпрымальнікаў. Але чамусьці мяне напрыканцы лютага перад выездам у Менск на страйк арыштавалі”.

У сакавіку распачаўся агульнанацыянальны страйк прадпрымальнікаў. Галоўным яго лёзунгам было “Далоў ПДВ! (падатак на даданую вартасьць)” . У некаторых гарадах гандляры правялі вулічныя акцыі. За ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу ў Менску быў пакараны арыштам лідэр “Пэрспэктывы” Анатоль Шумчанка. У некаторых рэгіёнах страйк гандляроў доўжыўся некалькіх тыдняў. Апусьцелыя рынкі і адмова прадпрымальнікаў плаціць падаткі выклікалі шырокі грамадзкі розгалас. Рэакцыяй уладаў стала сустрэча з гандлярамі асабіста Аляксандра Лукашэнкі. Ён паабяцаў у абмен на захаваньне падатку на даданую вартасьць зьнізіць арэнду і палепшыць іншыя ўмовы прадпрымальніцкай дзейнасьці. Ці былі выкананы тыя абяцаньні? Вось што паведаміў пра гэта менскі прадпрымальнік Аляксандар Драніцкі:

(Драніцкі: ) “Падатак на дадатковую вартасьць балюча б’е па прадпрымальніку. У мяне адна кропка гандлёвая мізэрная — і ў такім раёне, дзе жыве беднае насельніцтва. У мяне 2,25 квадратных мэтра плошчы (паўтара на паўтара мэтра), і калі палічыць усе мае выдаткі, арэндную плату, усе падаткі, падаткі на заробак, сацыяльнае страхаваньне работніка (у мяне яшчэ ёсьць ільгота — 20% ад падатку), то атрымліваецца прыкладна 800—850 тысяч рублёў”.

Для прадпрымальніка Драніцкага праца ў новых умовах абярнулася новымі падаткамі, разам на 60%. Пра тое, што прыбыткі паменшалі пасьля ўвядзеньня ПДВ, кажуць і іншыя бізнэсоўцы.Таму ў прадпрымальніцкім асяродку абвастрыліся дыскусіі наконт формаў пратэсту. Частка гандляроў пэсымістычна ацэньвае магчымасьці прадпрымальнікаў змагацца за свае правы ў цяперашніх умовах. Другая частка, наадварот, захавала веру ў свае сілы. Гаворыць Віктар Гарбачоў:

(Гарбачоў: ) “У сакавіку падзеі паказалі, што прадпрымальнікі — найбольш магутная сіла ў Беларусі. Пры ціску на іх з боку ўладаў яны могуць выступіць. Гэты год паказаў, што зьявіліся новыя лідэры на месцах, якія ўжо ўвайшлі ў палітыку і не ўяўляюць сябе без палітыкі”.

Прадпрымальнікі ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы у мінулым кастрычніку Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Дэлегатамі яго былі больш за шэсьцьдзесят прадстаўнікоў дробнага бізнэсу. Гаворыць слуцкая прадпрымальніца Сафія Міцяшова:

(Міцяшова: ) “Я была ўдзельніцай кангрэсу, дэлегатам ад Слуцку. Выбраўшы адзінага кандыдата, галасуючы за яго, я прытрымліваюся той думкі, што ў Беларусі павінны быць перамены. І гэтыя перамены прыйдуць толькі тады, калі ўсе людзі, усё грамадзтва зразумеюць для сябе, што Беларусь павінна жыць па тых законах, якія ёсьць ва ўсіх краінах. Я сама не палітык і ніколі ім не зьяўлялася, але гледзячы на ўсё тое, што творыцца цяпер вакол прадпрымальніцтва, калі вырашаюцца ўсе праблемы толькі шляхам ціску, шляхам таго, што трэба ўзяць, — вядома, трэба перамены”.

Ужо пасьля Кангрэсу прадпрымальніцкія лідэры накіравалі ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім ад імя 180 тысяч дробных бізнэсоўцаў краіны зьвярнулі ўвагу на сёлетнія нэгатыўныя тэндэнцыі ў гэтай сфэры. Напісалі, што іхныя перамовы з чыноўнікамі зайшлі ў тупік. 20 сьнежня аўтараў ліста запрасілі на сустрэчу зь віцэ-прэм’ерам Андрэем Кабяковым. Вось якімі ўражаньнямі ад той сустрэчы падзяліўся Леанід Невар:

(Невар: ) “Я там выступіў з крытычнай прамовай. Сказаў, што мы наагул пісалі ліст прэзыдэнту і хацелі сустрэцца з прэзыдэнтам. Але прэзыдэнт перадаручыў гэта Кабякову. Практычна, нічога станоўча ня вырашана — ніякіх пытаньняў. Гэта прадпрымальнікі самі чулі і зразумелі”.

Таму ў новым годзе, кажа спадар Невар, беларускія прадпрымальнікі не чакаюць палёгкі. Многія лічаць, што ў 2006 годзе дробнаму бізнэсу будзе яшчэ цяжэй. Вось, напрыклад, што прагназуе Валеры Шаўчэнка:

(Шаўчэнка: ) “Чакаецца, што ім забароняць гандляваць абуткам і іншымі рэчамі, што створыць сытуацыю, пры якой працаваць на рынку стане немагчыма”.

Таму, мяркуе Шаўчэнка, у 2006 годзе варта чакаць палітызацыі прадпрымальніцкага руху. Прагноз збываецца ўжо цяпер. Пасьля абвяшчэньня прэзыдэнцкай кампаніі некаторыя прадпрымальнікі пажадалі далучыцца да камандаў дэмакратычных прэтэндэнтаў. У прыватнасьці, вось што паведаміў лідэр лепельскіх бізнэсоўцаў Алег Тычына:

(Тычына: ) “У горадзе Лепелі і Лепельскім раёне прадпрымальнікі падтрымліваюць Аляксандра Мілінкевіча, подпісы будуць зьбіраць за Аляксандра Мілінкевіча. Я праводзіў тут маніторынг: прадпрымальнікі не падтрымліваюць вылучэньня Лукашэнкі на трэці тэрмін”.

Ня склаў рук і клецкі прадпрымальнік Сяргей Панамароў. У сваім рэгіёне ён ужо ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі — і таксама на баку прэтэндэнтаў-дэмакратаў:

(Панамароў: ) “Прэтэндэнтам я ўжо набіраю людзей у ініцыятыўныя групы дзеля збору подпісаў, назіральнікаў. Я імкнуся дапамагчы ўсім: і чым больш шчыры чалавек, тым больш я яму дапамагаю”.
XS
SM
MD
LG