Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

29 сьнежня 1884 году памёр слынны беларускі паэт і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч


Радыё Свабода 29 сьнежня ў гісторыі Беларусі і сьвету

29 сьнежня 1961 году дала першы прамысловы ток Бярозаўская ДРЭС. Менавіта з будаўніцтвам гэтай электрастанцыі зьвязанае ўзьнікненьне гораду энэргетыкаў Белаазёрску.

29 сьнежня 1842 году нарадзіўся беларускі лекар і вучоны Восіп Лунц. Доктар мэдыцыны Лунц зрабіў шмат у справе барацьбы з сухотамі ў Беларусі ў тыя часы, калі гэтая хвароба была ў нас сапраўдным бедзтвам.

29 сьнежня 1863 году прыйшоў на сьвет Міхал Дзявочка, беларускі спартовец-раварыст. Ён служыў на Лібава-Роменскай чыгунцы і ў вольную хвіліну ўдзельнічаў у спаборніцтвах. Дзявочка стаў пераможцам гонак Масква -- Ніжні Ноўгарад і Пецярбург -- Масква. У 1894-м здабыў тытул чэмпіёна Расеі, а ў 1896 годзе стаў чэмпіёнам Англіі ў гонках на трэку.

29 сьнежня 1884 году памёр слынны беларускі паэт і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Клясык нацыянальнае літаратуры нарадзіўся ў зьбяднелай шляхецкай сям`і пад Бабруйскам. Разам са сваёй сям`ёй ён браў удзел у паўстаньні 1863 году. Апошнія гады жыцьця жыў пад наглядам паліцыі ў фальварку Люцінка каля Івянца. Між іншым, Дунін Марцінкевіч пераклаў па-беларуску паэму Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. А найбольшую славу яму прынесьлі п`есы “Ідылія“, “Пінская шляхта“ і “Залёты“.

29 сьнежня 1896 году нарадзіўся мэксыканскі мастак і грамадзкі дзяяч Хасэ Давыд Альфара Сікейрас. Ён быў актыўным удзельнікам мэксыканскай рэвалюцыі, арганізатарам няўдалага замаху на Льва Троцкага, стаў стваральнікам мэксыканскай школы манумэнтальнага жывапісу.

29 сьнежня 1986 году памёр расейскі кінарэжысэр Андрэй Таркоўскі, які зьняў знакамітыя фільмы “Андрэй Рублёў“, “Салярыс“, “Сталкер“, “Настальгія“, “Ахвяра“ ды іншыя.

29 сьнежня ў 1989 годзе Вацлаў Гавэл стаў першым некамуністычным прэзыдэнтам пасьляваеннай Чэхаславаччыны.
XS
SM
MD
LG