Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2006 годзе беластоцкая «Ніва» будзе сьвяткаваць 50-годзьдзе


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Беластоку выйшаў чарговы нумар тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва” .

“Чарговы падарунак” – такі загаловак мае артыкул сталага аўтара “Нівы” Віктара Сазонава, які прысьвечаны прызначэньню прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі на сакавік наступнага году. Спадар Сазонаў піша: “Калісьці сьпікер беларускага парлямэнту Мікалай Дземянцей, вярнуўшыся з Масквы, сказаў, што ён прывёз адтуль незалежнасьць. З тае пары, як кажуць, шмат вады зьбегла. Але, па-ранейшаму, першая асоба краіны усё ездзіць па нешта ў Расею і прывозіць адтуль усё новыя падарункі. Вось і зараз, пасля сустрэчы кіраўніка беларускай дзяржавы з Пуціным, там, у Расеі, перад Новым годам і Калядамі беларускі народ атрымаў чарговы „падарунак” — прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца на чатыры месяцы раней, чым скончацца цяперашнія паўнамоцтвы Аляксандра Рыгоравіча.

Дадзенае рашэнне, якое грымнула як пярун з яснага неба... для апазыцыі, якой заставаліся лічаныя дні для фармавання ініцыятыўных груп, гэта быў удар ніжэй паса. Праўда...дзякуючы дзеяньням сённяшняй улады, апазыцыя навучылася імгненна рэагаваць на кожны яе крок. І няма сумненьняў, што ініцыятыўныя групы аб’яднанай кааліцыі зьбяруць патрэбную колькасць подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча», - напісаў Віктар Сазонаў.

У 2006 годзе «Ніва» будзе сьвяткаваць свой 50-ці гадовы юбілей. З гэтай нагоды газэта зьмяшчае інтэрвію зь першым галоўным рэдактарам тыднёвіка беларусаў Польшчы Георгіем Валкавыцкім, які кажа, што выпрацоўваючы канцэпцыю «Нівы», кіраваўся, сярод іншага, і адным зь лістоў, якіх вельмі шмат прыходзіла тады ў рэдакцыю новай газэты: „Хай тыднёвік не кладзе ў галаву чытача формул і дэфініцый, хай не стараецца быць прарокам. Няхай артыкулы будуць арыгінальныя, жывыя, каб узьдзейнічалі ня толькі на думкі, але і на ўяўленьні, і пачуцьці». Паводле спадара Валкавыцкага, у сваёй працы ён заўсёды вельмі пільна прыслухоўваўся да меркаваньняў менавіта чытачоў.
XS
SM
MD
LG