Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледзтва ў справе супраць актывістаў СПБ працягнута яшчэ на месяц


Сяргей Астраўцоў, Горадня Генэральная пракуратура працягнула яшчэ на месяц сьледзтва ў крымінальнай справе аб запалохваньні дырэктара шчучынскага Дому польскага Віктара Богдана. Сьледзтва доўжыцца ўжо чатыры месяцы, падазраванымі ў справе зьяўляюцца намесьнікі старшыні не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў на Беларусі (СПБ) Анжалікі Борыс Юзаф Пажэцкі і Веслаў Кеўляк, а таксама журналісты Анджэй Пісальнік і Андрэй Пачобут. Нядаўна справу перадалі з шчучынскай раённай міліцыі ў гарадзенскую абласную.

Паводле Андрэя Пачобута, пэўна ўлады не плянуюць судовага працэсу над імі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў і тым жа часам яны ня хочуць спыняць справу, каб трымаць усіх чатырох падазраваных у напружаньні, абмяжоўваць іхнія дзеяньні. У сувязі з расьсьледаваньнем ім скасаваны ў пашпартах штамп аб дазволе выезду ва ўсе краіны сьвету.

Крымінальная справа датычыць артыкула 185, у якім гаворыцца аб змушэньні да нейкіх дзеяньняў і прадугледжвае пакараньне — да двух гадоў абмежаваньня волі. Спадар Богдан сьцьвярджае, што прадстаўнікі Саюзу палякаў з Горадні змушалі яго пакінуць пасаду. У ліпені яны прыяжджалі да яго з мэтай праверыць, адкуль у Дома польскага мільённыя даўгі, але спадар Богдан адмовіўся прадставіць ім фінансавую дакумэнтацыю. У канфлікце вакол СПБ ён ад пачатку займаў праўладны бок і лічыў кіраўніцтва Саюзу на чале з Борыс нелегітымным.
XS
SM
MD
LG