Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Цэнтарвыбаркам паверыў у восем Дзедаў Марозаў"


Інэса Студзінская, Менск Агляд недзяржаўнай прэсы 29 сьнежня

У чацьвер на пытаньні журналіста "Народнай Волі" Івана Корзуна адказвае старшыня Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Інтэрвію называецца "Падняцца з кален". "Шэйман пайшоў у адстаўку. У якую?" ставіць пытаньне рубам газэта. Па рубрыкай "Правінцыйныя сюжэты" зьмешчаны артыкул Анатоля Гуляева "А перамагае трэці" - пра славутасьці і адметнасьці Клічаўскага раёну Магілеўшчыны.

Сьветлагорская "Ранак плюс" распавядае пра маладую сям''ю Казачэнкаў, у якой месяц таму нарадзілася тройня - Вераніка, Сьвятлана і Дзьмітрый. Мясцовыя ўлады выканалі указаньне прэзыдэнта - шматдзетнай сям''і жытло прадставілі. Сям''і Казачэнкаў з пяці чалавек выдзелілі двухпакаёўку ў старой "хрушчоўцы" на 5 паверсе. У той жа час сем''я супрацоўніка пракуратуры з трох чалавек атрымала дзяржаўную трохпакаёвую кватэру ў новым доме.

Яшчэ адзін матар''ял называецца "Халодны раддом". З-за няспраўнасьці ў сыстэме ацяпленьня ў Сьветлагорскім радзільным доме чатыры дні - з пятніцы па панядзелак - тэмпэратура была менш за 10 градусаў цяпла. Немаўлятак абкладалі грэлкамі, паведамляе "Ранак-плюс".

"Брестская газета" у апошнім у гэтым годзе 52-м нумары друкуе праваслаўны каляндар на 2006 год і падарунак кожнаму чытачу - бясплатны каляровы каляндар-укладыш.

У Баранавічах канфіскаваны буйны арсэнал зброі, што належыў злачыннай групоўцы: карабіны, пнэўматычныя стрэльбы, пісталеты, аптычныя прыцэлы, мэталяшукальнік, больш за 500 патронаў. Злачынная групоўка займалася крадзяжамі і легалізацыяй машын, рабункамі, выкраданьнем людзей, вымаганьнем, піша "Брестская газета".

Супрацоўнікі Столінскай міліцыі затрымалі двух братоў, жыхароў Давыд-Гарадка, якія на двух драбінах перавозілі 20 мяхоў з пакрышанай сухой макавай саломкай, агульнай вагой 270,6 кіляграмаў. Прыблізны кошт наркатычнага зельля на чорным рынку складае 330 тысяч даляраў ЗША. Макавую саломку наркакур''еры нелегальна перавезьлі з тэрыторыі Украіны. Заведзеная крымінальная справа.

"Цэнтарвыбаркам паверыў у восем Дзедаў Марозаў", піша "Комсомольская правда" в Белоруссии". Хтосьці зь беларускіх палітыкаў будзе зьбіраць подпісы ў кампаніі з Дзедам Марозам, а магчыма, нават і ў абліччы самага харызматычнага казачнага пэрсанажу, бо сабраць 100 тысяч подпісаў у разгар сьвятаў можа сапраўды толькі Дзед Мароз.

Ігар Карнялюк граў у Берасьці на танцах. А апошнюю працу - музыку да фільму "Майстар і Маргарыта" - завяршыў тыдзень таму. Інтэрвію славутага земляка чытайце ў "Камсамолцы"-таўстушцы.
XS
SM
MD
LG