Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня пачынаецца збор подпісаў выбарцаў


Уладзімер Глод, Менск Сёньня пачынаецца збор подпісаў выбарцаў у падтрымку патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. Згодна зь дзейным заканадаўствам, гэтая працэдура будзе цягнуцца да 27 студзеня 2006 году ўключна. Кожны з прэтэндэнтаў на вышэйшую пасаду павінен заручыцца падтрымкай ня менш 100-а тысяч выбаршчыкаў. Зьбіраць подпісы могуць толькі сябры ініцыятыўных групаў. Ці ёсьць нейкія прынцыповыя адрозьненьні на гэтым этапе выбарчай кампаніі параўнальна з папярэднімі прэзыдэнцкімі выбарамі, што праходзілі ў 2001 годзе?

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік цьвердзіць, што ніякіх зьменаў у працэдуры збору подпісаў фактычна няма:

(Лазавік:) "Заканадаўства за гэты час не зьмянілася. Не зьмяніліся і патрабаваньні Цэнтарвыбаркаму да гэтай працэдуры. Таму, я думаю, што для бальшыні грамадзянаў, асабліва для палітычна актыўнай часткі нашага грамадзтва, працэдура даволі знаёмая. Цяжкасьцей ня будзе. Ня будзе іх у пляне прававым. А вось у арганізацыйным пляне цяжкасьці будуць, і, мабыць, нямала, таму што сабраць 100 тысяч подпісаў – справа складаная. Тым больш, што цяпер, асабліва ў гарадах, ня ў кожны дом, ня ў кожны пад''езд можна свабодна зайсьці. Напэўна, трэба будзе арганізоўваць пікеты для збору подпісаў, шукаць нейкія формы працы з грамадзянамі".

Зьбіраць подпісы маюць права выключна сябры ініцыятыўных групаў. Паколькі ўсе яны ўжо зарэгістраваныя, паўстае пытаньне, якая нагрузка падае на аднаго чалавека ў розных камандах прэтэндэнтаў і ці маюць ініцыятыўныя групы, так бы мовіць, ударныя рэгіёны, дзе яны разьлічваюць сабраць найбольш подпісаў? У лепшым становішчы групы двух Аляксандраў – Лукашэнкі ды Мілінкевіча. Кожная зь іх мае больш за пяць тысячаў актывістаў. Па тры тысячы чалавек будуць працаваць у групах Аляксандра Казуліна і Сяргея Гайдукевіча, дзьве тысячы – у камандзе Зянона Пазьняка, па адной – Аляксандра Вайтовіча ды Валерыя Фралова. І самая маленькая – ініцыятыўная група Сяргея Скрабца, у якой усяго 143 асобы. Хачу нагадаць, што на этапе збору подпісаў выбарцы могуць аддаваць свае галасы ня толькі аднаму, але і некалькім патэнцыйным кандыдатам на прэзыдэнта.

А што тычыцца найбольш пэрспэктыўных рэгіёнаў, дык вось як адказалі Сяргей Папкоў – кіраўнік групы Зянона Пазьняка і Валеры Фралоў:

(Папкоў: ) "Ударныя – Менск, Гарадзенская і Берасьцейская вобласьці".

(Фралоў: ) "Мабыць, раўнамерна. Менск, зразумела, ён у нас самы вялікі. Віцебск, Магілёў, Гомель...".

Спадар Лазавік гаворыць, што зборшчыкаў подпісаў чакаюць аб''ектыўныя цяжкасьці. Некалькі чалавек, зь якімі я размаўляў пра гэта, лічаць: галоўнае пры зборы подпісаў – умець знаходзіць непасрэдны кантакт з выбарцамі. Тыя, хто ўжо займаліся гэтым падчас ранейшых выбараў, у лепшым становішчы, чымсьці навічкі. Прынамсі, так разважае намесьнік старшыні Аб''яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфэр:

(Альфэр: ) "Я думаю, што ніякай розьніцы паміж зборам подпісаў цяпер і раней ня будзе. І людзі, якія маюць досьвед збору подпісаў, для іх ня будзе вялікіх цяжкасьцей. А вось тым, хто упершыню займаецца гэтай справай, у іх спачатку будуць цяжкасьці. Думаю, што пэўная частка людзей проста ня зможа сабраць подпісы, бо гэта, перадусім, камунікацыя зь людзьмі. А праца з людзьмі патрабуе спэцыфічных уласьцівасьцяў характару чалавека".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG