Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як будуць сустракаць Новы год Клімаў, Севярынец і Статкевіч?


Любоў Лунёва, Менск Сустракаць Новы год Павал Севярынец і Мікола Статкевіч будуць у калёніі-пасяленьні. Андрэй Клімаў спадзяецца, што на сьвята будзе разам зь сям’ёй у Менску. Апазыцыйныя палітыкі адбываюць пакараньне ў розных месцах за арганізацыю вулічных акцый: Павал Севярынец – на Полаччыне, Мікалай Статкевіч – у Баранавічах, Андрэй Клімаў – у Крупках. Ці атрымаюць палітвязьні нейкія ільготы на сьвяточныя дні?

Мікола Статкевіч пераведзены на хатні рэжым. Сьвяточныя дні ён правядзе ў Баранавічах. Я запыталася ў яго, ці дазволіла яму адміністрацыя спэцкамэндатуры на сьвяточныя дні не адзначацца а 7-й вечара, а больш часу праводзіць на волі? Мікола Статкевіч паведаміў, што ня толькі не дазволіла, але й усталявала за ім больш пільны кантроль.

(Статкевіч: ) “Намесьнік начальніка ўстановы наведаў мяне на працы і паведаміў, што, паколькі ў нас зараз напружаная абстаноўка, уводзяць дадатковыя абмежаваньні да мяне. Пад падпіску былі даведзеныя наступныя рэчы: забаронена кіраваць аўтамабілем; акрамя штодзённай рэгістрацыі і забароны пакідаць кватэру было загадана а 10-й вечара тэлефанаваць з хатняга тэлефона дзяжурнаму, каб той з вызначальніка пераканаўся, што я дома; мяне папярэдзілі, што праверку могуць праводзіць у любы час сутак”.

Мікола Статкевіч за навагоднім сталом будзе разам са сваім бацькам і жонкай, якая прыедзе да яго ў Баранавічы.

Андрэй Клімаў спадзяецца сустрэць Новы год дома ў Менску. Андрэя ў сьнежні не адпускалі наведваць сваю сям’ю, ня гледзячы на тое, што заканадаўствам яму гарантаваны адпачынак раз на месяц. Гаворыць жонка Андрэя Клімава Тацяна Леановіч:

(Леановіч: ) “Я спадзяюся, што Андрэй будзе сустракаць Новы год са сваёй сям’ёй у сваёй кватэры ў Менску. Кіраўнік камэндатуры маёр Сіроткін паабяцаў яму цьвёрда, што адпусьціць на Новы год. Я спадзяюся, што ён выканае слова афіцэра.”

Павал Севярынец будзе ў вёсцы Малое Сітна, дзе ён адбывае пакараньне. Новы год ён сустрэне разам са сваімі сябрамі. Маці Паўла нагатавала яму любімых пірагоў, а бацька напісаў верш. Сёньня ён атрымае гэтую перадачу поштай. Там яшчэ й цёплыя рэчы і ня толькі навагоднія падарункі. Справа ў тым, што заўтра, 30 сьнежня, Паўлу споўніцца 29 гадоў.

Вось, што казалі бацькі Паўла Тацяна і Кастусь Севярынцы:

(Тацяна:) “Шкадуем, што ня з намі, што далёка ад нас – ад сясьцёр, ад бацькоў. Але ён мужны чалавек, ён усё разумее, і мы ўсё роўна разам зь ім. Ён гэта добра ведае і адчувае.”

(Кастусь: ) “Сустрэчу зычыць нам расстаньне, а ціша выставіць грамы, дзе над Алешчай плешча раньне 29-ае зімы”.

Усе палітвязьні атрымліваюць вялікую колькасьць віншавальных паштовак не толькі ад беларускіх грамадзянаў, але й з замежжа. Яны кажуць, што гэтая акцыя салідарнасьці ёсьць вялікай маральнай падтрымкай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG