Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Успамінае сястра “амэрыканскага шпіёна” Янкі Філістовіча…


Ганна Сурмач, Прага Сёньняшнія падзеі ў палітычным жыцьці Беларусі асабліва востра перажываюцца ў беларускім замежжы эмігрантамі старэйшага пакаленьня. Шмат хто зь іх прайшоў цяжкі шлях выпрабаваньняў, стратаў і праз усё жыцьцё пранёс надзею пабачыць сваю Бацькаўшчыну дэмакратычнаю незалежнай краінай.

(Сурмач: ) “Лёс нашай сёньняшняй госьці моцна зьвязаны з тымі драматычнымі падзеямі, якія давялося перажыць беларускаму народу ў мінулым стагодзьдзі. Галіна Каладзейча жыве ў мястэчку Прушч Гданьскі, што ў 9 км ад самога Гданьску. Яна выхавала траіх дзяцей. Ня так даўно пахавала мужа Людвіка Каладзейчу, таксама беларуса, але ўзгадаванага бацькамі-эмігрантамі ў Амэрыцы, якія перад вайною вярнуліся на Бацькаўшчыну.

Галіна не забылася на родную мову і цікавіцца ўсім, што адбываецца ў Беларусі...”

(Каладзейча: ) “Надта цікаўлюся. Не маю добрых прадчуваньняў наконт Беларусі. Можа, можа некалі... Надта ж яна бедная скутая з усіх бакоў”.

(Сурмач: ) “Успамінаеце родныя мясьціны?”

(Каладзейча: ) “Ой, ведаеце, калі была маладая, вельмі перажывала, а цяпер і ў старасьці яшчэ больш думаю. У думках хаджу тымі сьцежачкамі, дарожкамі, дзе з братком сваім хадзілі на грыбы, на ягады. Ня ведаю, як выказаць. Мы рыхтаваліся да добрага жыцьця”.

(Сурмач: ) “У той час Галіну звалі Серафімаю Філістовіч, яна нарадзілася ў 1928 годзе і была на два гады малодшая за брата Янку.

Іхныя бацькі Андрэй і Зося Філістовічы выхоўвалі шасьцёра дзяцей – чатыры дачкі і двух сыноў. Старэйшаму сыну Янку, які мусіў бы ў далейшым стаць побач з бацькам у клопатах пра сям’ю і гаспадарку, жыцьцё падрыхтавала іншую дарогу. Але тады, напрыканцы 1930-х гадоў, яны былі разам і жылі дружнай сям’ёю ў сваёй роднай вёсцы Паняцічы на Вілейшчыне. Бацька быў добрым гаспадаром, і сям’я лічылася заможнаю. Дзеці вучыліся ў школе і чакалася, што будучыня іх забясьпечаная.

Школа, вядома, была польская, але дома размаўлялі па-беларуску. У сям’і была добрая бібліятэка. Галіна ўспамінае, што яе брат Янка вельмі шмат чытаў”.

(Каладзейча: ) “Надта цікавіўся кніжкамі вайсковымі, шмат чытаў. Мы ўсе любілі чытаць. У нас было шмат кніжак, вялікая была бібліятэка. Янка добра вучыўся. Ён разам зь сястрою Веркай хадзіў у школу, дык яна гаварыла, што калі гісторыя, Янка садзіцца, падпірае рукою галаву і яго тады нельга было рушыць”.

(Сурмач: ) “Калі ў верасьні 1939 году Заходняя Беларусь была далучаная да Савецкага Саюзу, Андрэя Філістовіча прызналі за кулака, арыштавалі і пасадзілі ў вілейскую турму. Сям’я таксама рыхтавалася да высяленьня ў Сыбір, але выслаць не пасьпелі, бо Нямеччына распачала вайну супроць СССР”.

(Каладзейча: ) “Калі немцы наступалі, дык усіх вязьняў сабралі і вялі пад Менск, на Хаценчыцы гналі. Па дарозе, хто ня мог ісьці, тых расстрэльвалі. Бацька мой адзіны толькі ў жывых застаўся зь ягонага канвою, ён нават сам не зразумеў, як гэта сталася.

Недзе пад Хаценчыцамі прыляцеў нямецкі самалёт, абстраляў іх. Але калі лётчык пабачыў, што людзей вядуць пад канвоем, дык адляцеў. Тады расейскія нквэдысты між сабою параіліся, загналі зьняволеных у лес, на паляну, акружылі і пачалі расстрэльваць. Бацька не памятае, як апынуўся на зямлі і страціў прытомнасьць. Калі ачуняў, пачуў галасы, людзі хадзілі на паляне. А потым адчуў, што яму лёгка пачуваецца, ён адкрыў вочы, пачуў, як пяюць жаваранкі, неба блакітнае, сонейка сьвеціць. І першае, што яму падумалася, што ён ужо на тым сьвеце, у раі. Потым убачыў, як над ім нехта нахіліўся. Гэта былі мясцовыя калгасьнікі, якім, відаць, загадалі прыбраць расстраляных.

Нехта сказаў: "А гэты жыве", людзі пашапталіся між сабою і пайшлі. А бацька быў вельмі слабы, неяк перавярнуўся на жывот і папоўз у лес. Людзі потым яго перахавалі, быў надта слабы, ня мог ісьці, быў згаладнелы, страшны. Мы нават яго не пазналі, калі вярнуўся. Прывезьлі яго ў Ільлю да цёткі, мамінай сястры, і адтуль яна нам бацьку прывезла”.

(Сурмач: ) “Акупацыйныя нямецкія ўлады прымусілі Андрэя Філістовіча ўзяць на сябе абавязкі солтыса”.

(Каладзейча: ) “Жылося напачатку спакойна, а потым зьявіліся клопаты. У Маладэчна быў лягер для савецкіх палонных. Нам сказалі, што там надта шмат людзей памірае, сядзяць галодныя. Тата, калі даведаўся, сабраў яйкі, сала, узяў літар сьпірту і паехаў у Маладэчна да камэнданта лягеру, перадаў ім гэта ўсё і сказаў: "Чаму вы трымаеце гэтых людзей, не маеце чым карміць, дык аддайце іх да людзей. Моладзь уся на вайне, засталіся старыя і жанчыны. Дайце іх па хатах на гаспадарку, то і для вас будзе добра і для людзей”. Памалу-памалу і пачалі адпускаць гэтых людзей. Тата разьмеркаваў усіх па хатах, да нас утрох прыйшлі, а часам і пяцёра было. Яны прыходзілі, адчынялі дзьверы і адразу валіліся з ног, не маглі далей ісьці і нават гаварыць. Памятаю, як да нас прыйшлі Макар і Сяргей, дык яны адразу прасілі даць ім працу. А бацька ім сказаў, каб напачатку адпачылі і наеліся”.

(Сурмач: ) “Гэтыя палонныя не ўцякалі ў лес?”

(Каладзейча: ) “Не, яны не ўцякалі, поўна іх было ў вёсцы”.

(Сурмач: ) “Як потым склаўся лёс тых палонных?”

(Каладзейча: ) “Калі партызанка пачалася, некаторыя пайшлі ў партызаны. І тады на бацьку данос паслаў нехта да немцаў, што з-за бацькі арганізавалася гэтая партызанка, што ён распусьціў гэты лягер.

Была яшчэ такая справа: адзін чалавек падслухаў, як партызаны размаўлялі між сабою і абмяркоўвалі, як забіць Філістовіча.

Што сталася б далей, вядома, але, мы хутка сабраліся і выехалі з Паняцічаў у Ільлю, а потым у Вілейку, бацька ў Ільлі быў кіраўніком млыну. Вайна канчалася, памятаю тады на нас прыйшлі двое тых палонных, якія былі ў нас. Яны прыйшлі прасіць, каб тата ім дапамог, бо немцы іх вывозілі ў Нямеччыну. Тата сказаў ім, што ня можа дапамагчы. А калі яны выйшлі, мама пачала прасіць бацьку, каб дапамог, але ён сказаў: "Што ты, фронт ідзе, немцы адступаюць, калі яны тут застануцца, яны ж у паліцыю беларускую самі запісаліся, іх, калі прыйдуць саветы, адразу расстраляюць. А калі іх вывязуць у Нямеччыну, то будуць жывыя". А яны толькі запісаліся ў паліцыю, але яшчэ там не служылі”.

(Сурмач: ) “Вядома, што адзін з гэтых палонных сапраўды так ўратаваўся і памёр яшчэ нядаўна.

Перад наступленьнем Чырвонай арміі мусіла пакінуць родныя мясьціны і сям’я Філістовічаў, бо, вядома, пры савецкай уладзе іх чакала расправа”.

(Каладзейча: ) “Тата хацеў уцякаць, ён казаў: "Не застрэлілі тады, дык цяпер даб''юць”. Мама пагадзілася: "Паедзем усе разам." І мы паехалі ўсе, апрача Янкі”.

(Сурмач: ) “Янка Філістовіч на гэты час служыў у Беларускім батальёне ў Вілейцы. Ён пайшоў пры немцах у беларускае войска добраахвотна. Галіна сьцьвярджае, што гэтая думка ў яго зьявілася пасьля аднаго выпадку, калі да яе, тады маладой дзяўчыны, прыставаў адзін са службоўцаў нямецкай адміністрацыі, расеец. Брат кінуўся яе абараняць і пасьля сказаў, што ён больш ня хоча пачуваць сябе прыніжаным і каб бараніць сваю сям’ю пойдзе ў паліцыю.

Галіна ўспамінае пра той момант, калі брат сабраўся ў Вілейку, каб запісацца ў беларускую паліцыю”.

(Каладзейча: ) “Ён сказаў: “Пайду ў Вілейку, запішуся і буду сядзець у бюро”. І пайшоў. Памятаю, як адыходзіў. Выйшлі мы з мамай за ім, а ён так прыхінуўся пры дзьвярах: "Мая мамачка, надта ж мне цяжка, мне шкада маіх маладых гадоў". Мама: "Сынок, не ідзі". Пайшоў, запісаўся”.

(Сурмач: ) “Гэта быў апошні раз, калі вы яго бачылі?”

(Каладзейча: ) “Не, былі сустрэчы яшчэ, я тады ужо ў Вілейцы жыла, ён прыходзіў да нас, а потым іх вывезьлі недзе, ня ведаю куды”.

(Сурмач: ) “Разам з батальёнам Янка Філістовіч таксама выехаў на Захад.

Сям’я Філістовічаў дабралася да Усходняй Прусіі, працавалі там паўгоду ў нямецкай гаспадарцы, а калі вайна скончылася, вырашылі скіравацца дадому.

Пад Гданьскам, на прапускным пункце ў Тчэве, польскі вайсковец пацікавіўся, куды яны едуць”.

(Каладзейча: ) “Нас везьлі расейцы пад канвоем, пазьбіралі усіх бежанцаў. Адзін паляк, вайсковец, калі абоз прыпыніўся, запытаўся, адкуль мы і куды едзем. Бацька сказаў "Едзем дамоў", а ён кажа: "Што, вы дамоў, хто вас дамоў павязе, вы ў Сыбір адразу трапіце. Людзі, пастарайцеся застацца тут, уцячыце ад іх, яны вас загубяць”.

(Сурмач: ) “Вы тады засталіся ў Польшчы?”

(Каладзейча: ) “Засталіся, удалося нам уцячы. У горадзе, дзе засталіся, тата пайшоў зарэгістравацца. Войт яму сказаў, што трэба прадставіць дакумэнт, што мы былі раней польскімі грамадзянамі. Мы такі дакумэнт знайшлі і нас зарэгістравалі, мы ўжо сталі, як жыхары Польшчы. Тата працаваў там цесьляром”.

(Сурмач: ) “Ваша сям’я атрымлівалі тады нейкія зьвесткі ад Янкі?”

(Каладзейча: ) “Не, нічога, толькі па вайне я бачыла яго тут у Пыпліне каля Гданьску. Нас забралі расейцы, моладзь, прыбіраць на вакзале, каб ачысьціць ад руінаў і амуніцыі. І я там яго бачыла, ён быў там, іх таксама расейцы прыгналі на працу.”

(Сурмач: ) “Вы тады зь ім размаўлялі?”

(Кладзейча: ) “Не, я так хацела, але мы надта баяліся. Тата сказаў нам, што калі будуць, можа, расейцы спэцыяльна нам яго падстаўляць, то каб не прызнаваліся.

Я ўвесь час глядзела ў той бок, ён быў можа за 20 мэтраў ад мяне, але ён цэлы час глядзеў уніз, толькі браў гэтыя скрынкі, нёс і не разглядаўся па баках”.

(Сурмач: ) “Ня бачыў Вас зусім?”

(Каладзейча: ) “Ня ведаю. Я адразу яго пазнала. Тады я хацела засьпяваць беларускую песьню, якую мы зь ім сьпявалі. Але пабаялася, што да мяне прычэпяцца ахоўнікі”.

(Сурмач: ) “Гэта было ў траўні 1945 году, тады Галіна паспрабавала знайсьці там брата, але не атрымалася.

Янка Філістовіч пасьля таго, як выехаў разам зь Беларускім батальёнам на Захад, спрабаваў перайсьці да чэхаславацкіх партызанаў, але быў выкрыты немцамі. Уратавала яго толькі тое, што Нямеччына капітулявала, ва Ўсходнюю Эўропу прыйшла савецкая армія і Янка апынуўся сярод вызваленых і, відаць, разам зь імі быў накіраваны на працы пад Гданьск.

Потым Філістовіч трапіў ў Заходнюю Нямеччыну, жыў ў лягеры для перамешчаных асобаў. Адтуль выехаў у Францыю, вучыўся ў Сарбоне, а потым у Лювэне ў Бэльгіі, вывучаў гісторыю, як некалі марыў у дзяцінстве.

Аднак яго не пакідала думка аб вяртаньні на Радзіму. У верасьні 1951 году з дапамогай амэрыканскіх спэцслужбаў быў закінуты ў Беларусь дзеля арганізацыі патрыятычных сілаў на барацьбу з савецкай уладай за незалежнасьць Беларусі.

Праз год падпольнай працы быў схоплены і расстраляны.

Галіна, ведалі вы тады нешта пра лёс брата?”

(Каладзейча: ) “Нічога, нічога не ведалі. Упершыню мы пасьля вайны даведаліся, што ён на Захадзе. Аляксандр Лашук напісаў. Я ўжо была замужам, гэта недзе 1950 год быў, мы жылі асобна ад бацькоў і яны мне напісалі, што атрымалі фотку Янкі і ліст ад ягонага сябра, што ён жыве на Захадзе і заўзята вучыцца, калі скончыць вучобу, то прыедзе да нас”.

(Сурмач: ) “Дзе гэтая фотка?”

(Каладзейча: ) “Ёсьць ў мяне”.

(Сурмач: ) “Калі вы даведаліся, што ён апынуўся ў Беларусі і што там з ім сталася?”

(Каладзейча: ) “Дзядзька Максім, татаў брат з Каўказу, паехаў у Беларусь, усё гэта там разьведаў і напісаў нам, мы тады жылі ў Тчэве. Памятаю, гэта было ў 1954 годзе, мы сядзелі тата, мама і я і чыталі пісьмо ад дзядзькі Максіма.

Тата пачаў чытаць, дзядзька напачатку так асьцярожна распавядаў, потым далей чытае і так паступова твар ягоны шарэе, шарэе. Мама зьмянілася ў твары. Дзядзька распавёў пра тое, што Янку закінулі на парашуце ў Беларусь, і што ён быў схоплены і асуджаны, але на колькі гадоў, ён ня ведае. Памятаю мамін крык”.

(Сурмач: ) “А калі даведаліся, што Янка расстраляны?”

(Каладзейча: ) “Мы доўга ня ведалі, мы ўсё чакалі. Я хадзіла да варажэяў, усё мы не верылі, што яго няма.

Недзе толькі два ці тры гады таму я першы раз памінала яго ў царкве, як памерлага, а так усё не магла паверыць, што не жыве.

У Вільні мы былі з мамай недзе ў 1967 годзе, езьдзілі да цёткі, мы пайшлі ў царкву, і там мама паставіла сьвечку за сваіх бацькоў і за Янку. Гэтая ягоная сьвечка спачатку так добра гарэла, а потым зрабілася смутная, маленькая і згасла. Мама сказала: "Ужо сынка нашага няма".

(Сурмач: ) “Бацькі Галіны памерлі і пахаваны ў Тчэве, бацька – у 1968 годзе, маці – у 1972 годзе, памёр і малодшы брат Аляксандр. Сёстры Філістовічы жывуць цяпер у розных краінах – Галіна і Ганна ў Польшчы, Кацярына у Даніі, Вера ва Ўкраіне. Яны могуць яшчэ распавесьці пра тое, што давялося перажыць сям’і Філістовічаў.

Галіна, у Беларусі давялося пабываць некаму з вас?”

(Каладзейча: ) “Я была ў нашай вёсцы зь сястрой Аняй 15 гадоў таму. Калі паехала ў Беларусь, я ужо была пад прозьвішчам мужа – Каладзейча і Галіна, а не Серафіма”.

(Сурмач: ) “Як вас там сустрэлі?”

(Каладзейча: ) “У Паняцічах ніхто нас не чапаў. Там мы былі коратка, паехалі туды на таксоўцы з Маладэчна. Потым мы ад''яжджалі зь Вільні і мне на пэроне стала дрэнна, я была такая знэрваваная, я самлела і трапіла у шпіталь у Вільні, а потым мяне прывезьлі дадому ў Польшчу, і я шэсьць тыдняў яшчэ хварэла, такія былі перажываньні пад час гэтай паездкі.

Сястра казала, што калі ехала са мною у таксоўцы з Маладэчна ў Паняцічы, то, кажа, калі даткнулася да мяне, дык я была як быццам з дрэва, уся зьмярцьвелая.

А я глядзела на гэтыя кусты, я знала гэтыя лясы, успамінала брата”.

(Сурмач: ) “Пазналі вас у вёсцы?”

(Каладзейча: ) “Мы прыехалі, сталі каля нашага дому, там школа была. Стаялі, глядзелі праз плот, прыйшлі суседкі. Я сказала: "Гэта ж я, Сіма, мы дочкі Андрэевы". Яны прывіталіся, пачалі размаўляць”.

(Сурмач: ) “Яны не баяліся?”

(Каладзейча: ) “Не, не баяліся, тады ўжо іншы час прыйшоў”.

(Сурмач: ) “А да вас прыяжджалі сваякі ў Польшчу?”

(Каладзейча: ) “Прыяжджалі зь Вільні пляменьнікі, зь Менску быў пляменьнік, цёткі прыяжджалі – Вольга і Нюта, маміныя сёстры. Цётка Вольга сядзела доўга, 10 гадоў у Сыбіру. За гэта была сасланая. Яму дапамагала. Яна і муж яе былі асуджаныя. Яна шмат распавядала. Людзі дапамагалі. Тады шмат было арыштавана, уся радня мамы. Такія спакойныя былі людзі, надта добрыя і ўсе пацярпелі”.

(Сурмач: ) “Трапіла да вас гэтая кніжка М. Пасьлядовіча “Па воўчых сьцежках”, якая была выдадзена ў Беларусі ў 1958 годзе”.

(Каладзейча: ) “Мне з Аўстраліі дзядзька Скабей напісаў, што ёсьць кніжка, што трэба напісаць у беларускую бібліятэку ў Беластоку, замовіць і прышлюць – гэта мелася на ўвазе. Ня ведаю, як яны прыслалі – я знайшла ў паштовай скрынцы пакунак, нават грошай не трэба было плаціць. Тады яшчэ бацькі жылі, чыталі, было шмат плачу, шмат гора”.

(Сурмач: ) “У кніжцы Пасьлядовіча Янка Філістовіч прадстаўлены “амэрыканскага шпіёнам”, ворагам, але прыйшоў час, калі стала магчымым распавесьці пра яго, як нацыянальнага героя. У 1997 годзе выйшла кніга Аляксандра Лукашука “Філістовіч: вяртаньне нацыяналіста”, дзе сапраўды вярталася добрае імя чалавека, які ахвяраваў сваё жыцьцё дзеля ідэі незалежнасьці сваёй Бацькаўшчыны.

Але, бацькі ягоныя не дачакаліся гэтага часу”.

(Каладзейча: ) “Ведаеце, я цяпер калі паеду на могілкі да бацькоў, памалюся, і мне так хочацца засьпяваць. Калі б гэта было не ў горадзе, засьпявала б свайму тату, ён так любіў сьпяваць, тата меў добры голас, яго ў вёсцы салаўём звалі. Мы ўсе таксама добра сьпявалі”.

(Сурмач: ) “А што Вы б засьпявалі б там, калі б было можна?”

(Каладзейча: ) “Люблю наш край, старонку гэту....

Янку ўспамінала, ягонай рукою напісаны на фота верш:

Усё праходзіць, у далі зьнікае, Маланкай мігне, прабяжыць. Адно толькі гора ніяк не мінае І вера на долі ляжыць Усё праходзіць, мінае, як дым Сьветлы ж сьлед будзе вечна жывым!”
XS
SM
MD
LG