Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты ў Вілейцы абураныя тым, што іх не ўключылі ў камісіі


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць У Вілейцы з трох прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, якія прэтэндавалі на сяброўства ў раённай выбарчай камісіі, не патрапіў ніводны.

Дэмакраты Вілейшчыны вылучылі ў тэрытарыяльную камісію вядомых у раёне асобаў. Гаворыць лідэр тутэйшай суполкі Партыі БНФ Аляксей Сюдак:

(Сюдак: ) “Гэта Алесь Наркевіч – вядомы вілейскі бард, Віталь Паўлоўскі – настаўнік і Іосіф Маціюн – гэта камуніст, ён дэпутат раённага савету. Усіх трох мы вылучылі шляхам збору подпісаў”.

Сёньня прэтэндэнты на сяброўства ў камісію даведаліся, што ніводзін зь іх у яе не патрапіў – раённыя ўлады агучылі сьпіс, у якім Наркевіча, Паўлоўскага і Маціюна не аказалася. Так было вырашана на паседжаньні кіраўнікоў райвыканкаму і райсавету.

Як паведаміла прадстаўніца райвыканкаму Тамара Юркевіч, усяго ў складзе камісіі 13 асобаў:

(Юркевіч: ) “І рабочыя, і служачыя, і кіраўнікі – усе розныя. Сяброўства ў партыях мы не ўдакладнялі. Самі партыі не вылучалі. Пратаколы партыяў не паступалі”.

Супрацоўніца райвыканкаму таксама паведаміла, што ўзначаліў тэрытарыяльную камісію ранейшы кіраўнік Яўген Ігнатовіч – старшыня Вілейскага райсавету. Апроч яго, у складзе камісіі начальнік раённай дзяржінспэкцыі па насеньняводзтву, юрыст райвыканкаму, сакратар БРСМ… Раённыя ўлады лічаць, што ўсе яны – аўтарытэтныя на Вілейшчыне асобы. Прынамсі, высокі аўтарытэт у раёне мае і выкладчык гісторыі вілейскай гімназіі Іосіф Маціюн:

(Маціюн: ) “Думалі, што я ўсё ж такі дэпутат раённага савету, і мне можна будзе патрапіць нейкім чынам у камісію. Але гэтага ня здарылася. Сёньня ў школе гаварылі настаўнікі, што, канечне, патрэбна было б туды ўключыць чалавека ад адукацыі. Тым больш, што настаўнікі з нашай школы далі ўсе подпісы. Там было 32 подпісы – усе настаўніцкія. Чым я аказаўся няўгодны там, я гэтага ня ведаю”.

Абураны рашэньнем раённых уладаў і кіраўнік вілейскага выбарчага штабу прэтэндэнта на прэзыдэнта ад аб’яднанай апазыцыі Уладзімір Малярчук:

(Малярчук: ) “У нас усе людзі з вышэйшай адукацыяй. Не ўключаць не было ніякіх падставаў. Нашых людзей не ўключалі ні разу. На ўсіх выбарах мы выстаўляем і ніводнага разу нас не ўключалі”.
XS
SM
MD
LG