Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскім актывістам прысудзілі штраф памерам больш як тры мільёны


Радыё Свабода, Віцебск Удзельнікам акцыі ў абарону недзяржаўнай газэты “Віцебскі кур’ер” сёньня прысудзілі па 580 тысяч штрафу (агулам больш як тры мільёны рублёў).

Нагадаем, што з новага году прадпрыемства “Аблсаюздрук” адмовілася распаўсюджваць газэту “Віцебскі кур’ер”, і з гэтае прычыны 10-га сьнежня ў Віцебску прайшла акцыя пратэсту. Сямёра ўдзельнікаў акцыі былі затрыманыя. Учора іх выклікалі ў Кастрычніцкі раённы суд, а сёньня судзьдзя Валянціна Міхасёва завяршыла разгляд гэтае справы.

Паводле судовае пастановы, сацыял-дэмакраты Аляксей Гаўруцікаў, Зьміцер Караткевіч, Кацярына Сампоева, Іван ды Аляксандра Церашы, а таксама кіраўнік абласной арганізацыі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў прызнаныя вінаватымі ў арганізацыі несанкцыянаванага пікету.

І нягледзячы на тое, што усе партыйныя актывісты былі затрыманыя за адміністрацыйнае парушэньне ўпершыню, судзьдзя спадарыня Міхасёва вырашыла адразу пакараць іх грашовым штрафам, а не абысьціся папярэджаньнем, як раней практыкавалася ў падобных выпадках.

Гаворыць сёньняшні падсудны Аляксей Гаўруцікаў:

(Гаўруцікаў: ) “Суд разгледзеў прадстаўленыя супрацоўнікамі міліцыі відэаматэрыялы і зрабіў выснову, што мы відавочна выражалі пратэст. І не зважаючы на тое, што палова з нас – беспрацоўныя, на нашыя даведкі пра нізкія заробкі – у мяне, да прыкладу, заробак усяго 200 тысяч, усім аднолькава адмерылі па 20 базавых велічыняў штрафу. Гэта значыць, па 580 тысяч рублёў”.

Адзін зь сямі затрыманых 10-га сьнежня актывістаў, Аляксандар Дарафееў, не зьявіўся на судовы працэс, бо на цяперашні момант ён знаходзіцца пад арыштам.

Паводле словаў ягонай жонкі, 21-га сьнежня спадара Дарафеева запрасілі даць нейкія тлумачэньні ў Першамайскім райаддзеле міліцыі, аднак замест гэтага адразу ж завезьлі ў Менск. Натальля Дарафеева дагэтуль ня ведае, у чым канкрэтна вінавацяць або падазраюць ейнага мужа, але ня выключае, што гэта зьвязана з ягонай палітычнай актыўнасьцю: за колькі дзён да затрыманьня ён стаўся сябрам ініцыятыўнае групы кандыдата аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча.
XS
SM
MD
LG