Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніводзін магілёўскі дэмакрат не патрапіў у выбарчыя камісіі Магілёўшчыны


Радыё Свабода, Магілёў У Магілёўскай вобласьці сфармавалі тэрытарыяльныя камісіі дзеля выбараў прэзыдэнта, у склад якіх не ўключылі ніводнага прадстаўніка дэмакратычных партыяў і аб’яднаньняў.

Дэмакраты загадзя даведаліся пра час і месца фармаваньня Магілёўскай абласной і гарадзкой выбарчых камісіяў, загадзя падрыхтавалі дакумэнты для вылучэньня сваіх прадстаўнікоў у адпаведныя камісіі, аднак з тых ці іншых прычынаў ніводнага зь іх не прапусьцілі.

На сумесным пасяджэньні прэзыдыюму абласнога савету і аблвыканкаму мусілі падабраць трынаццаць кандыдатураў у склад абласной камісіі. Улады без альтэрнатывы прапанавалі роўна трынаццаць. Праваабаронца Барыс Бухель, актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Партыі камуністаў Беларусі Ўладзімір Парфёнаў і Валеры Беразіенка прадставілі пратаколы сваіх арганізацыяў на вылучэньне — вэртыкаль не падтрымала іхных кандыдатураў.

Старшыня аблвыканкаму Барыс Батура наўпрост заявіў, што ня бачыць сэнсу ўключаць апазыцыянэраў у склад камісіі, бо ў любым выпадку яны выкажуць незадаволенасьць вынікамі выбараў. Уладзімеру Парфёнаву адмовілі, бо ён даглядае хворае дзіця. Спадару Бухелю растлумачылі, што для працы ў камісіі яму не хапае прафэсіяналізму. Старшыня праўленьня Магілёўскага праваабарончага цэнтру Барыс Бухель даводзіў, што мае вышэйшую адукацыю, багаты досьвед працы ў выбарчых камісіях і праваабарончых арганізацыях, дасканала ведае Выбарчы кодэкс. Ён лічыць, што адмаўляюць з прычыны недасканаласьці выбарчага заканадаўства.

(Бухель: ) “Калі параўнаць з парлямэнцкімі выбарамі, Цэнтрвыбаркам сваёй пастановай №35 на гэтых выбарах яшчэ больш ускладніў вылучэньне членаў палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў у выбарчыя камісіі. Цяпер партыі і аб’яднаньні ня могуць накіроўваць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі тых тэрыторыяў, дзе ня маюць сваіх структураў”.

У Ленінскім раёне адхілілі адпаведную заяву актывіста Магілёўскага праваабарончага цэнтру Міхася Савіцкага — нібыта за тое, што цэнтар ня мае нізавых структураў. Міхась Савіцкі з гэтым не пагадзіўся. Паводле яго, МПЦ ёсьць мясцовым рэгіянальным аб’яднаньнем, дзейнічае толькі ў Магілёве і ня мусіць ствараць нізавых структураў.

Асноўныя прычыны афіцыйнай адмовы — недахоп прафэсіяналізму заяўнікаў, у чым абвінавацілі і камуністаў, прафэсара Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту камуніста Валерыя Беразіенку, і пэнсіянэра Георгія Сугакевіча, якія падавалі дакумэнты ў Магілёўскую абласную ды гарадзкую выбарчыя камісіі.

У камісіі вэртыкаль ўключыла службоўцаў, якія працавалі на выбарах раней — у склад Магілёўскай гарадзкой камісіі ўвайшлі дзевяць чалавек, восем зь якіх ужо працавалі на прэзыдэнцкіх выбарах-2001. У Бабруйску і Крычаве апазыцыянэрам гэтак жа адмовілі ў праве працаваць у выбарчых камісіях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG