Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варшаўскі ўнівэрсытэт запрашае і беларускіх студэнтаў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Варшаўскі ўнівэрсытэт аб’явіў конкурс для замежнікаў з вышэйшай адукацыяй, якія хацелі б бясплатна вывучаць ва ўнівэрсытэце паліталёгію. Прапанова накіраваная перадусім да беларусаў і ўкраінцаў, якія займаюцца палітычнай ці грамадзкай дзейнасьцю.

Паводле дырэктара Вышэйшых курсаў Усходняй Эўропы Варшаўскага унівэрсытэту доктара Яна Маліцкага, выдзеленыя 20 стыпэндыяў на гадавы курс паліталёгіі – ад сакавіка да сьнежня 2006 году.

Каб узяць удзел у конкурсе трэба быць ва ўзросьце да 28 гадоў, мець вышэйшую адукацыю і хаця б крыху валодаць польскай, ангельскай і расейскай мовамі.

Прычым, паводле спадара Маліцкага, найбольш шанцаў маюць кандыдаты, якія актыўна займаюцца ў сваіх краінах палітычнай ці грамадзкай дзейнасьцю.

Акрамя лекцыяў і практычных заняткаў па паліталёгіі, слухачы курсаў атрымаюць магчымасьць прайсьці адпаведную стажыроўку ў найбольш аўтарытэтных польскіх ўрадавых установах і недзяржаўных арганізацыях.

Пры гэтым, што вельмі важна, Варшаўскі ўнівэсытэт, пры падтрымцы польскага ўраду, пакрывае выдаткі, зьвязаныя з арэндай кватэры, слухачы атрымаюць таксама стыпэндыю – каля 400 даляраў у месяц.

Заяўкі ад кандыдатаў прымаюцца да 20 студзеня. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць на інтэрнэт-старонцы Варшаўскага унівэрсытэту, альбо ў самім унівэрсытэце ў Варшаве на вуліцы Кракаўскае прадмесьце.

Паштовая скрынка для кантактаў — stypendia.studium@uw.edu.pl

Зьнешнія спасылкі: • Вэбсайт Варшаўскага ўнівэрсытэту — www.uw.edu.pl
XS
SM
MD
LG