Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“На душы зусім не сьвяточна, а наадварот — неспакойна і трывожна”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Звычайна ў такія, як сёньня, апошнія дні году лісты, якія мы атрымліваем ад сваіх слухачоў — у асноўным віншавальныя, з падсумаваньнем вынікаў, з позіркам у будучыню, з роздумам і развагамі над пражытым. Але сёлета найбольш значныя палітычныя падзеі адбыліся якраз на схіле году. Гэта адбілася і на нашай навагодняй пошце. Галоўная тэма большасьці лістоў апошніх двух тыдняў — пачатак прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі і падзеі, што адбываюцца вакол яе.

“Шаноўны Валянцін, не магу змаўчаць, бо на душы ў гэтыя навагоднія дні зусім не сьвяточна, а наадварот — неспакойна і трывожна, — піша наш даўні слухач і аўтар Мікалай Волін зь Менску. — Толькі ўлады абвясьцілі выбар, як празь некалькі гадзінаў у эфіры “Свабоды” ваш аглядальнік Карбалевіч даў магчымасьць у сваёй перадачы двум “лукашыстам” даказваць, што ў апазыцыі няма ніякіх шанцаў на перамогу. І сам ён, па сутнасьці, падтрымаў іх. Гэта ж — удар па псыхіцы апазыцыі (прытым, думаю, ён быў падрыхтаваны загадзя).

Спадары, наперадзе цяжкая барацьба. І той, хто кажа барацьбітам “Вы прайграеце!”, дапамагае Лукашэнку. Гэта — відавочна. Можа, гэта плата “Свабоды” за тое, што вам яшчэ дазваляюць працаваць? Але як жа цяжка чуць такія выказваньні на нашым адзіным радыё. Сьцьвярджэньні Карбалевіча і ягоных экспэртаў пра тое, што Захад з прычыны ўкраінскіх парлямэнцкіх выбараў ня зьверне ўвагі на выбары ў Беларусі, зроблены, напэўна, таксама дзеля таго, каб зьнішчыць у нас надзею на перамогу Мілінкевіча. Мы, вядома, не паддамося, але, баюся, у некаторых могуць апусьціцца рукі”.

Ня першы раз, спадар Волін, вядзём мы з вамі завочны дыялёг наконт таго, якую місію выконвае Радыё Свабода і якую пазыцыю яна займае пры асьвятленьні падобных падзеяў. Так, галоўныя каштоўнасьці, якія мы падтрымліваем — гэта дэмакратыя і правы чалавека. Але дасягнуць гэтых мэтаў, мы лічым, людзі ў Беларусі змогуць толькі тады, калі будуць ведаць праўдзівыя навіны і разнастайныя пункты гледжаньня на ўсе працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі і вакол яе.

Вядома, ёсьць і іншы шлях — падаваць толькі тую інфармацыю, якая зручная для пэўнай палітычнай сілы (у нашым выпадку, да прыкладу, дэмакратычным партыям). І апраўданьне можа знайсьціся — прыблізна такое, як падаяце ў сваім лісьце вы, спадар Волін: навошта сваімі крытычнымі ацэнкамі і сумневамі зьнішчаць надзею ды сеяць сумнеў у шэрагах прыхільнікаў дэмакратычных зьменаў. Але пры такім падыходзе, спадар Волін, газэта ці радыё ператвараецца са сродку масавай інфармацыі ў сродак масавай прапаганды. А чакаць аб’ектыўнай інфармацыі ды ўсебаковых камэнтароў ад прапагандысцкіх мэдыяў не выпадае: у Беларусі пра гэта добра ведаюць на шматлікіх прыкладах.

Наступны ліст ад Адася Качаноўскага з Маладэчна. Слухач піша:

”Вось які выпадак назіраў я нядаўна ў нас у Маладэчне. Заканчвалася будаўніцтва Палацу культуры. Чакалі Лукашэнку. А якраз насупраць палацу, праз дарогу — трухлявыя драўляныя жылыя дамкі, дахі якіх пакрытыя старым толем ды кавалкамі ржавай бляхі. Напэўна, каб Лукашэнка іх ня ўбачыў, збудавалі велізарную драўляную заслону. Пафарбавалі. А потым вялікімі літарамі напісалі: “Радзіма мая дарагая, ты ў шчасьці жаданым жыві!”. Ну, проста Эдэм. Дык вось, гэта — з вонкавага боку, навідавоку. А папраўкі ж у Крымінальным кодэксе схаваныя. Чаму б не сказаць людзям так, як ёсьць: Беларусь імкнецца ў Архіпэляг ГУЛАГ.

Згадваюцца справядлівыя словы Анатоля Стрэлянага: “Сапраўдны твар улады ня той, які яна паказвае, а той, які ўтойвае”. Свайго сапраўднае імя не называю, бо памятаю словы Васіля Быкава: “КДБ бачыць скрозь зямлю”. Гэта я адчуў і на сваёй скуры”.

Такія вялізныя шчыты, агароджы ды заслоны людзі бачылі ў Беларусі, бадай, паўсюль, дзе чакалі ці чакаюць з высокім візытам першую асобу. Што хаваюць за гэтымі агароджамі? Старыя пахілыя хаткі ды занядбаныя гаспадарчыя пабудовы. Адметна, што ніякага практычнага сэнсу ў гэтым камуфляжы няма. І мясцовыя жыхары, і начальства, і сам Аляксандар Лукашэнка выдатна ведаюць, што хаваецца за шчытамі і пасьпешліва пастаўленымі ды пафарбаванымі агароджамі. Людзі з гэтага цішком пасьмейваюцца, але ставяцца паблажліва. Чыноўнікі ж разважаюць так: пэнсіянэраў, якія жывуць у хатках-развалюхах, фарбаваць фасады ды мяняць дах не прымусіш, а ў бюджэце грошай на гэта няма. Дзеля эстэтыкі, каб не псаваць краявіду і не раздражняць начальства непажаданым кантрастам, паставім лепш шчыт ды напішам патрыятычны лёзунг.

Вынаходзтва гэтае, заўважу, не беларускае. У былым Савецкім Саюзе шматмэтровыя біг-борды з траскучымі камуністычнымі лёзунгамі можна было бачыць на кожным кроку. І вельмі часта было так: чым большы шчыт — тым большую занядбанасьць і ўбоства ён засланяў.

Ліст ад Леаніда Курпатава зь Ліды:

“Мне часта даводзіцца сустракацца зь людзьмі майго пакаленьня — 30—40-гадовымі. Асноўная большасьць іх тужыць па савецкай уладзе. Кажуць, што тады ўсё было больш надзейна, і ў маладосьці, і ў старасьці. Я неяк задумаўся — чаму яны так лічаць? Думаю, таму, што іх не цікавіла і цяпер не цікавіць жыцьцё ў іншых, больш разьвітых краінах — асабліва заходніх. А параўноўваюць яны Беларусь з краінамі СНД. Адзін з такіх маіх суразмоўцаў нават сказаў, што лепшага жыцьця яму і ня трэба. Усё гэта — вынік узьдзеяньня былой камуністычнай і сучаснай дзяржаўнай ідэалёгіі. Пачытаеш дзяржаўныя газэты, паглядзіш тэлебачаньне, дык у нас, аказваецца, усё добра і выдатна. Ну, проста жывем у нейкай краіне “Лімоніі” без галечы і беднаты. А на самой справе людзі жывуць, як тыя краты ў сваіх норах — нічога наўкол ня бачаць і ня чуюць. А ім трэба раскрываць вочы і паказваць іншы, больш дасканалы сьвет”.

На працягу апошніх дзесяці-пятнаццаці гадоў, спадар Курпатаў, пасьля таго, як зьнікла жалезная заслона, мільёны беларусаў мелі магчымасьць пабачыць сьвет і параўнаць сваё жыцьцё з жыцьцём людзей у іншых краінах. Вельмі многія гэтай магчымасьцю скарысталіся. Ды і цяпер паездкі за мяжу, асабліва ў суседнія Польшчу ды краіны Балтыі, для многіх у Беларусі звыклая зьява. Так што справа тут, спадар Курпатаў, хутчэй за ўсё, ня толькі і ня столькі ў дэфіцыце інфармацыі. Пераважная большасьць сёньняшніх 40-гадовых беларусаў добра ведаюць, наколькі адрозьніваецца іхнае жыцьцё ад жыцьця, да прыкладу, у Нямеччыне ці Аўстрыі. Іншая рэч — ці гатовыя яны прыкласьці ўласныя намаганьні дзеля таго, каб адбыліся зьмены тут, у Беларусі?

І што вабіць іх у той колішняй савецкай сыстэме? Ці ня тое, што якраз уласных намаганьняў, ініцыятывы, прадпрымальнасьці, рызыкі там амаль не патрабавалася? За кожнага на працягу ўсяго жыцьця — ад школьнай парты да выхаду на пэнсію — амаль усё вырашала дзяржава: які заробак у яго павінен быць, у якой кватэры яму жыць, куды езьдзіць, дзе адпачываць… Жыцьцё было, як правіла, зусім не заможным, але ва ўсіх амаль аднолькавым. Можа, якраз гэтыя аднолькавасьць, прадвызначанасьць, незапатрабаванасьць уласнай адказнасьці, адсутнасьць глебы для зайздрасьці да больш пасьпяховага і прадпрымальнага суседа і вабіць значную частку людзей, якія сумуюць па савецкай сыстэме?

На заканчэньне кароткія віншавальныя лісты ад нашых даўніх слухачоў. Вось, напрыклад, некалькі радкоў зь віншавальнай паштоўкі Людмілы і Алеся Ліцьвінавых зь Менску:

“Дзякуй вам за вашу працу. Няхай Новы год будзе для беларусаў больш шчасьлівы, чым папярэдні”.

А вось фрагмэнт зь ліста Анастаса Семяновіча з пасёлка Бараўляны Менскага раёну:

“Пасьля цяжкай траўмы зь лета і да 9 сьнежня быў у шпіталі. Увесь гэты час ня мог слухаць “Свабоду”, і вельмі з гэтай нагоды сумаваў. Як толькі сын прывёз мяне дамоў, я — адразу да прыймача. Вялікі дзякуй за вашы якасныя перадачы. Жыцьцёвы досьвед мне падказвае: будзьце гатовыя да таго, што вас пачнуць глушыць. Буду вельмі рады, калі памылюся. Перад Новым годам хочацца верыць у лепшае”.

І на заканчэньне ўрывак з навагодняга ліста ад нашага даўняга сябра Віктара Скарахода зь Менску. Ён піша:

“Шчыра віншую ўсіх супрацоўнікаў “Свабоды” з 2006 годам! Для мяне “Свабода” — надзейнае маральнае апірышча на схіле майго жыцьця ў любімай і так па-барбарску здрапежанай Беларусі. Але — будзем спадзявацца!”

Будзем спадзявацца, спадар Скараход! Гэтай надзеі і веры ў лепшую будучыню зычым у гэтыя пераднавагоднія дні ўсім слухачам “Свабоды”. Вясёлых усім Калядаў і шчасьлівага Новага году! Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG