Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выбарчых камісіях прадстаўнікоў апазыцыі амаль ня будзе


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня завяршылася фармаваньне 165 тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Неўзабаве Цэнтравыбаркам атрымае поўныя зьвесткі пра склад гэтых камісіяў, аднак ужо цяпер вядома, што прадстаўнікоў апазыцыі ў іх фактычна няма.

Найперш у Цэнтравыбаркам прыйшлі зьвесткі наконт Менскіх гарадзкой і дзевяці раённых выбарчых камісіяў. У кожную зь іх увайшлі 13 чалавек. Сярод іх сябры ЛДП, Сацыяльна-спартыўнай, Партыі працы і справядлівасьці, Кампартыі Беларусі, БРСМ, Савету жанчын і вэтэранскіх аб’яднаньняў, інвалідаў і шматдзетных бацькоў. Амаль палова ў гэтых камісіях — жанчыны.

Паводле сакратара Цэнтравыбаркаму Мікалая Лазавіка, моладзі патрапіла няшмат. Прадстаўнікоў са сфэры адукацыі амаль 15%, са сфэры сацыяльнай абароны і аховы здароўя амаль 11%, дзяржаўных службоўцаў больш за 12%.

Сярод грамадзянаў, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў, ёсьць толькі адзін прадстаўнік Партыі БНФ, а таксама аграрнай і лібэральна-дэмакратычнай партыяў. Наагул, у Менску ў камісіі ўключылі 44,5% сябраў палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў. Аднак апазыцыі ў камісіях фактычна няма. Такая ж сытуацыя і ў некаторых іншых тэрытарыяльных камісіях у абласьцях. Чаму так атрымался? Паводле Мікалая Лазавіка, у гэтым вінаватыя выканкамы і Саветы дэпутатаў.

(Лазавік: ) “У першую чаргу, гэта пазыцыя органаў, якія фармуюць выбарчыя камісіі. Яны падбіраюць у склад камісіяў людзей, якія дзелавымі якасьцямі, уменьнем працаваць з заканадаўствам, зь людзьмі найбольш падыходзяць. Выбар быў, прэтэндэнтаў было зусім дастаткова. Выбіраюць найлепшых зь лепшых”.

Штабы прэтэндэнтаў на кандыдата не задаволеныя папярэднімі вынікамі фармаваньня камісіяў. Паводле кіраўніка штабу кандыдата аб’яднанай апазыцыі Сяргея Калякіна, улады дзейнічаюць паводле схемаў, апрабаваных у часе мінулых выбараў і рэфэрэндумаў. У штабе пакуль няма зьвестак, каб прадстаўнікоў дэмсілаў уключылі ў склад камісіяў.

(Калякін: ) “Гэта сьведчаньне таго, што ўлады зноў ня хочуць праводзіць празрыстых і сумленных выбараў. Гэта ўжо сёньня ёсьць спроба фальшаваць выбары”.

Улады прапусьцілі двух прадстаўнікоў ЛДП у склад камісіяў у Менску. Лідэр ЛДП Сяргей Гайдукевіч лічыць, што гэтага мала:

(Гайдукевіч: ) “Ну, проста няма словаў. Ужо далі самых падрыхтаваных. Ну, ёлкі-палкі... Ну, што яны там — зусім, ці што?”

Кіраўніку штабу Аляксандра Казуліна Мечыславу Грыбу пакуль невядома, каб былі ў складзе камісіяў сябры БСДП “Грамада”.

(Грыб: ) “Мы на гэты конт падрыхтавалі заяву, каб падпісаць разам зь іншымі прэтэндэнтамі на кандыдата, каб выказаць свой рашучы пратэст супраць гэтага. І патрабаваць, каб нашых людзей уключылі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, таму што па тэрытарыяльных ужо час прайшоў і ўжо назад нічога ня вернеш”.

Паводле інфармацыі Цэнтравыбаркаму, фармаваньне ўчастковых камісіяў дзеля выбараў прэзыдэнта пачнецца пасьля стварэньня выбарчых участкаў. Пасьля гэтага можна будзе падаваць заявы на ўключэньне прадстаўнікоў у камісіі. Вылучэньне прадстаўнікоў завяршыцца 29 студзеня.
XS
SM
MD
LG