Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вакацыі ліцэістаў у Вільні


Тацяна Поклад, Вільня Калядныя паездкі Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Я. Коласа у Вільні сталіся адной з традыцыяй для ліцэістаў і іх літоўскіх сяброў. Сёлета на Каляды ліцэй прыехаў у Вільню упершыню не вучыцца, а адпачываць і сьвяткаваць.

У 2003 годзе закрыты беларускі уладамі ліцэй Літва упершыню запрасіла у поўным складзе прыехаць на вучнёўскую сэсію у часе калядных вакацыяў, у свабодныя на гэты час будынкі інтэрнату Літоўскага Дому і Віленскага ліцэю. Цягам двух сваіх папярэдніх візытаў у Вільню ліцэісты і выкладчыкі напружана працавалі, пакуль усе іх калегі адпачывалі на вакацыях. Цяпер усё іначай. Дырэктар ліцэю Уладзімер Колас распавёў нашаму радыё, што сёлета ня будзе віленскай вучнёўскай сэсіі:

(Колас:) “Гэта не вучнёўская сэсія у тым пляне, як гэта было раней. Але гэта ужо традыцыя, мы ўжо ня можам на Каляды бязь Вільні, і мы зараз проста прыехалі дзеля таго, каб пабачыць ізноў калядную Вільню, каб сустрэцца са сваімі сябрамі. Мы насамрэч ужо ня можам бяз такіх візытаў і, я думаю, і надалей яны будуць працягвацца. Дарэчы, гэтыя сяброўскія сувязі, якія тут завязаліся, яны працягваліся і у Менску, зусім нядаўна, напрыканцы лістападу, мы адзначалі 15-годзьдзе Ліцэю, і да нас прыяжджаў цэлы “дэсант” зь Вільні – з Літоўскага Дому і зь Віленскага Ліцэю, -- мы сьвяткавалі разам. Тут мы таксама будзем вітаць нашых літоўскіх сяброў і таксама удзельнічаць у карнавале у Віленскім Ліцэе, ужо трэці раз запар.”

Самі ліцэісты кажуць, што для іх гэтая паездка была калядным падарункам і што Вільню яны адчуваюць як сваё, блізкае месца.

(Стэфа:) “У гэты раз мы тут ня вучымся – прыехалі адпачыць у прыгожым горадзе з прыгожымі людзьмі”

(Натальля:) “Я хацела пабачыць калядную Вільню, пабыць з сябрамі у свабоднай нефармальнай абстаноўцы”

(Тацяна:) “Я у ліцэі нядаўна вучуся, хачу і тут знайсьці новых сяброў”

(Алена:) “Я проста вельмі люблю гэты горад, для мяне ён як родны, мая гістарычная радзіма”

(Хрысьціна:) “Я тут другі раз, у гэты прыезд Вільня успрымаецца як родны горад, спадзяюся ізноў убачыць усе тутэйшыя цудоўныя мясьціны, адчуць віленскую энэргетыку, -- я і ўжо яе адчула і за адзін дзень...”

(Тацьцяна:) “Я зараз на чацьвёртым курсе, гэта мой трэці прыезд. Я спадзяюся, што Вільня гэтаксама цёпла будзе сустракаць тых, хто пойдзе за намі, хто цяпер на першым, на другім курсах, хто яшчэ прыйдзе да нас.”

Дырэктар ліцэю У.Колас патлумачыў, што цяперашняя паездка – за уласны кошт, бо спонсарскай падтрымкі сёлета няма, таму здолелі прыехаць ня ўсе. Ўсяго прыехалі 40 чалавек, 25 дзяцей і частка выкладчыкаў і бацькоў. Ліцэісты прывезьлі у Вільню калядную праграму, а таксама зладзілі вясёлую і зьмястоўную вечарыну для мясцовых беларусаў.
XS
SM
MD
LG