Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

28 сьнежня 1862 году ў Беларусі адкрылася першая чыгунка


Радыё Свабода Гістарычныя падзеі 28 сьнежня

28 сьнежня 1862 году ў Беларусі адкрылася першая чыгунка. Яна зьвязала Горадню з Парэччам і была часткаю Пецярбурска-Варшаўскай дарогі.

28 сьнежня 1908 году ў Вільні было заснаванае кнігавыдавецкае таварыства “Наша Хата”. За тры гады свайго існаваньня выдавецтва выпусьціла 7 кніжак агульным накладам 17 тысяч асобнікаў, у тым ліку: “Другое чытаньне для дзяцей беларусаў” Якуба Коласа, паэму “Тарас на Парнасе”, кнігу Ядвігіна Ш. “Дзед Завала”. Таварыства спыніла дзейнасьць з-за браку грошай.

28 сьнежня 1928 году скончыліся баявыя дзеяньні Слуцкага антыбальшавіцкага паўстаньня, якое доўжылася адзін месяц. Гнаныя шматкроць большымі сіламі Чырвонае арміі случакі былі вымушаныя перайсьці на польскі бок і былі расфармаваныя польскімі ўладамі.

28 сьнежня ў 1923-м годзе памёр францускі інжынэр, які збудаваў Эйфэлеву вежу, названую ягоным імем; у 1925-м годзе разьвітаўся з жыцьцём расейскі паэт Сяргей Ясенін; у 1937-м ня стала Марыса Равэля, францускага кампазытара, у 1945-м – амэрыканскага пісьменьніка Тэадора Драйзэра, у 1984-м – беларускага празаіка і мовазнаўцы Міколы Лобана, які пісаў вялікія кнігі, у якіх прасочваўся лёс некалькіх пакаленьняў адной сям’і. А яшчэ ўсім беларусам са школы вядомы “Артаграфічны слоўнік“, які Лобан склаў разам з калегам Суднікам.

28 сьнежня 1856 году нарадзіўся Томас Вудра Вільсан, які ў 1912 годзе стане 28-м прэзыдэнтам ЗША ад дэмакратычнай партыі. Рэспубліканцы тады прайгралі, бо іхныя галасы былі раздробленыя паміж Тафтам і Рузвэльтам. Між іншым, праз чатыры гады Вільсан будзе пераабраны на другі тэрмін. Якраз на часы Вільсана прыпадае ўдзел Амэрыкі ў першай сусьветнай вайне. У 1919 годзе Вудра Вільсан быў узнагароджаны Нобэлеўскай прэміяй міру. Вільсан казаў: “Іншы раз людзі называюць мяне ідэалістам. Няхай. Гэта сфэра, якую я ведаю. Я -- амэрыканец. Амэрыка -- адзіная ідэалістычная нацыя ў сьвеце“.

Зьвязаная з Амэрыкай і наступная сёньняшняя памятная дата. 28 сьнежня 1991 году былі ўсталяваныя дыпляматычныя дачыненьні паміж Беларусяй і ЗША.
XS
SM
MD
LG