Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гаворкі пра ежу, напоі і кулінарныя рэцэпты


Вольга Канапелька, Ягор Маёрчык, Менск Новая перадача сэрыі “Маладыя галасы” (эфір 25 сьнежня)

Гаворкі пра ежу і напоі: “Я яшчэ каштаваў белае мяса, якое вы называеце салам”

Гаворкі пра галодных студэнтаў

(Ягор Маёрчык: ) “Каму не пашчасьціла быць студэнтам і жыць у інтэрнаце, той наўрад ці зразумее, што такое ў чаканьні стыпэндыі ня есьці пару дзён. Гэта калі не засталося ніякіх запасаў, калі твае сябры таксама галодныя, калі каб ня чуць буркатаньня страўніка, ты раней кладзесься спаць, а ў сьне ўсё адно бачыш ежу”.

(Вольга Канапелька: ) “Ягор, так распавядаеш, нібыта ў гады студэнцтва сам жыў у інтэрнаце”.

(Маёрчык: ) “Не, я ў інтэрнаце ня жыў і нават ад голаду не пакутаваў, але шмат маіх сяброў жылі там. Я прыходзіў да іх у госьці і бачыў гэтыя галодныя вочы і ліхаманкавыя позіркі”.

(Канапелька: ) “Што ты рабіў? Падкормліваў іх?”

(Маёрчык: ) “Натуральна, я іх ратаваў. Бег у краму, набываў паўкілі варанай каўбасы, бохан хлеба альбо пакунак пяльменяў. І такім чынам падтрымліваў жыцьцядзейнасьць маладых арганізмаў”.

(Канапелька: ) “Мяркую, што ты са мной пагодзісься, што шчасьце надыходзіць у дзень стыпэндыі. Ужо праз гадзіну ў інтэрнаце бурліць зусім іншае жыцьцё: у калідорах і пакоях сьмех ды вясельле, а на сталах — ежа ды пітво. На гэтую тэму нават ёсьць показка: “Вытрымка з блогу аднаго студэнта. 30-га. Грошай няма. Нічога ня еў, на пары не хадзіў, бо не было сілаў. 1-га атрымаў стыпэндыю. 2-га — нічога ня памятаю, 3-га нічога не памятаю. 4-га — зноў няма грошай”.

(Маёрчык: ) “У кожнай показцы ёсьць частка жарту, а ўсё астатняе — праўда. Мы папрасілі Зьмітра распавесьці праўду пра студэнцкае харчаваньне”.

(Зьміцер: ) “Студэнты харчуюцца ўсім. Студэнцтва — гэта такі пэрыяд жыцьця, калі ў моладзі заканчваюцца дзіцячыя і падлеткавыя выбрыкі — “вось гэтага я ня ем”, “вось гэтага я не хачу”. Прыходзіць студэнцкі час, і студэнты пачынаюць есьці ўсё, усё, што трапляецца пад руку — усё моцна калярыйнае, таннае, што можна прыперці з дому ў вялікіх колькасьцях. Студэнты ядуць розныя рэчы ў немагчымых і незразумелых камбінацыях — селядзец з сочывам ці чорны хлеб са згушчонкай”.



(Маёрчык: ) “Жыцьцёвы цыкль студэнта — гэта ад стыпэндыі да стыпэндыі. Вы атрымалі грошы — што далей?”

(Зьміцер: ) “Цяпер стыпэндыя 60—130 тысяч. Такіх грошай хопіць, каб пару дзён пахарчавацца ў сталоўцы. Там, каб больш-менш добра пад’есьці, трэба 2—3 тысячы. Пэўная сума пойдзе на нявызначаную колькасьць літраў піва. Я мяркую, што ў нармалёвага студэнта стыпэндыі хопіць дзён на пяць”.

(Маёрчык: ) “Да наступнай стыпэндыі 25 дзён. Што робіць студэнт, калі заканчваюцца грошы?”

(Зьміцер: ) “Ён едзе дадому і вязе ад бацькоў любы натурпрадукт — бульба, кавалак сала, тушаніна, салаты, квашаная капуста. З улікам таго, што ў блёку жыве шэсьць чалавек і харчуюцца яны супольна, то ўсе прыпасы зьніштажаюцца за адзін-два дні”.

(Маёрчык: ) “Прайшоў яшчэ адзін тыдзень. Да наступнай стыпэндыі яшчэ два тыдні”.

(Зьміцер: ) “Гэтыя пятнаццаць дзён студэнт цягаецца па інтэрнаце да сяброў, якія таксама зьезьдзілі дадому. Кожны студэнт час ад часу заходзіць да сяброў па канспэкт ці па якую кніжку, патрапляе ў час, калі там ядуць. Паводле правілаў беларускай гасьціннасьці яго садзяць за стол, частуюць тым, што ёсьць. Як вынік, студэнт вельмі задаволены, што патрапіў у самы час ды яшчэ і кнігу атрымаў”.

(Маёрчык: ) “А як часта студэнтам удаецца паесьці?”

(Зьміцер: ) “Бываюць вясёлыя дні пасьля стыпэндыі, калі харчавацца выпадае тры-чатыры разы на дзень. У цяжкі час студэнт харчуецца адзін раз на два дні. Студэнты шмат у чым падобныя на прусакоў: нешта ўхапілі, пад’елі, а пасьля можна заваліцца ў сьпячку”.

Гаворкі пра напоі

(Маёрчык: ) “Не пераўтварайце закуску ў ежу” — гэтае народнае выслоўе яскрава паказвае, што на стале галоўнае, а што другаснае. Студэнты ў гэтым сэнсе прынцыпова нічым ня розьняцца ад усяго астатняга дарослага насельніцтва краіны”.

(Канапелька: ) “Ягор, чаму ня розьняцца? Наадварот. Выглядае часам, што маладыя людзі ўжываюць алькаголю болей (прынамсі, значна часьцей), чым тыя, хто маюць працу і сем’і. Дарослыя п’юць зь нейкай нагоды, а ў студэнта кожны дзень сьвята, кожны дзень — нагода. Зноў жа, калі малады чалавек жыве ў інтэрнаце, дзе побач няма бацькоў, фактарам, які стрымлівае, можа быць толькі адсутнасьць грошай на пітво”.

(Маёрчык: ) “Госьця нашай праграмы Аляксандра мы папрасілі прачытаць маленькую лекцыю на тэму “Моладзь і алькагольныя напоі”.

(Аляксандар: ) “Калі казаць пра алькагольныя напоі, варта пачынаць зь піва — гэта самы сталовы для беларускай моладзі напой. Пасьля віно — гэта пайшло ад францускай традыцыі. Завяршаць гэты сьпіс можна гарэлкай, лікёрам і каньяком. Віно ў нас даволі таннае. Варта параўнаць нашы кошты з замежжам, дзе яно нашмат даражэй. Па-другое, цяперашняя моладзь больш гурманы, чым папярэдняе пакаленьне. Яно пачынае цікавіцца культурай пітва, і таму лягічна, што яно пачынае піць віно. Некаторыя маладыя людзі п’юць напоі, якія цяжка назваць віном — чарніла. Але адукаваная моладзь, асабліва беларускамоўная, яны п’юць нармалёвае віно.

Гарэлка — даволі часты госьць у моладзевых кампаніях. Варта адзначыць, што апошні час да гарэлкі больш далучаюцца дзяўчаты, а хлопцы больш імкнуцца да віна. З чым гэта зьвязана? Дзяўчатам цяпер больш складана. Таму яны хочуць пры дапамозе гарэлкі расслабіцца. Апроч гэтага, яны хочуць самасьцьвердзіцца ў мужчынскай кампаніі менавіта праз гарэлку”.

(Маёрчык: ) “Што да традыцыйных беларускіх напояў, наколькі яны распаўсюджаныя?”

(Аляксандар: ) “Я ведаю адзін рэцэпт, паводле якога павінен атрымацца добры каньяк. У трохлітровы слоік трэба заліць адну бляшанку згушчанага малака, дадаць лыжачку кавы, і ўсё гэта заліць гарэлкай, можна накідаць траваў, каб быў водар. Паставіць гэта ўсё на тыдзень. Пасьля сцадзіць — і атрымаецца выдатны напой. Калі там ёсьць гарэлка, мінэральная вада, лімон і кроп, гэта ўсё можна зьмяшаць, і атрымаецца вельмі някепскі напой, якім можна наталіць ня толькі смагу, але і зьняць стому”.

Гаворкі пра кулінараў

(Канапелька: ) “Калі алькагольныя напоі асацыююцца з хлопцамі, дык кулінарнае майстэрства выключна зь дзяўчатамі. І гэта вельмі слушна. Вы самі падумайце, што могуць згатаваць хлопцы? Ягор, што ты можаш згатаваць? Зварыць пяльмені ці макарону, у найлепшым выпадку — пасмажыць бульбы?”

(Маёрчыку: ) “Я яшчэ магу зварыць кашу, магу нарабіць канапак, магу згатаваць яечню — шмат чаго магу! Нават торт магу сьпячы. Спадарства, я прывяду некалькі аргумэнтаў у абарону хлопцаў. Па-першае, ад самага пачатку мы стаім у няроўных умовах. Дзяўчат вучаць гатаваць маці, нават у школе ёсьць адмысловы прадмет, а хлопцы ўсяго дасягаюць самі. Па-другое, колькі б Канапелька ні кпіла з кулінарных здольнасьцяў хлопцаў, паводле дасьледаваньняў, усе самыя лепшыя кухары — гэта мужчыны. Наагул, у рэстарацыях кухараў-жанчын няма. А жанчыны гатуюць ежу ў сталоўках і грэюць хот-догі ў забягалаўках. Вось пасьля гэтага самі мяркуйце, хто больш здатны да кулінарнага майстэрства”.

(Канапелька: ) “Ягор, я з табой абсалютна згодная. Хай лепшымі кухарамі будуць мужчыны. Чаму ў сем’ях гатуюць пераважна жанчыны?”

(Маёрчык: ) “Усе вельмі проста. Жанчыне патрэбная пляцоўка для самарэалізацыі. І гатаваньне ежы — тая частка жыцьця, дзе жанчына можа праявіць свае здольнасьці найбольш поўна. А мужчына, як сапраўдны джэнтэльмэн, ня можа пазбавіць жанчыну магчымасьці гатаваць ежу”.

(Канапелька: ) “Ты такі разумны! Апавёў нам баек пра тое, якія мужчыны джэнтэльмэны. Я мяркую, ты пагодзісься, што яны вельмі часта проста лянуюцца. І доказам таго, што рацыю маю я, а ня ты — інтэрвію з нашай госьцяй Тацянай. Калі ты знойдзеш хлопца, які гатуе лепш за яе, тады мы нашу спрэчку і працягнем”.

(Маёрчык: ) “Ці магчыма спалучыць простае і арыгінальнае? Што са студэнцкай лядоўні можна выкарыстаць, каб зрабіць фантастычны стол зь незвычайнымі стравамі?”

(Тацяна: ) “Варым звычайную макарону. Вараную каўбасу наразаем кавалачкамі, смажым яе з усіх бакоў. Пасьля дробна крышым памідоры і пятрушку, зьмешваем з макаронай і дадаем шмат масла. Атрымліваецца вельмі смачна. Але яшчэ я вельмі люблю бліны. Апроч мукі, цукру і малака, дадаем туды алей, ванілін. Варым згушчанае малако. Намазваем блін і скручваем яго ў трубачку. Таксама атрымліваецца вельмі смачна”.



(Маёрчык: ) “А яшчэ пару-тройку рэцэптаў...”

(Тацяна: ) “Мая галоўная страва — смажаніна ў глячках. Гліняны глячык добра змазваем алеем. На самае дно кладзецца кавалачак сала. Сьвініну ці філе кураняці я рэжу маленькімі кавалачкамі, выкладваю гэта ўсё слаямі. Туды дадаецца морква, фасоля і грыбы, абсмажаныя ў сьмятане, бульба. Некалькі лыжак маянэзу, прыправаў, абсмажваю да залацістага колеру цыбулю. Усю гэтую масу заліваю ў гляк. Абавязкова дадаю зеляніну. Гэты глячык ставіцца ў духоўку. Там ён знаходзіцца прыкладна гадзіну. Пасьля заліваем плаўленым сырам і падаем у глячках на стол. Атрымліваецца вельмі цікава і вельмі прыгожа. Я люблю экспэрымэнтаваць з рознымі салатамі. Бярэцца рыба (можна кансэрвы), дробна націраецца. Дадаем крэвэткі, чарнасьліў і грэцкія арэхі, зьверху кладзем кавалачкі ананасу. Усё гэта запраўляецца маянэзам”.

(Маёрчык: ) “Асабістае пытаньне: а мужчыны ўжо падалі да ног праз вашы кулінарныя здольнасьці?”

(Тацяна: ) “Былі такія хлопцы, якія гэта вельмі цанілі. Штодня яны прыходзілі да мяне ў госьці, і я абавязкова павінна была што-небудзь цікавае прыгатаваць. Ад пачатку мне гэта падабалася, але вельмі хутка надакучыла”.

Гаворкі пра кітайскую кухню

(Маёрчык: ) “На кухнях у студэнцкіх інтэрнатах адбываецца ня толькі сутыкненьне густаў, але, не пабаюся гэтых словаў, сутыкненьне цывілізацыяў. Уявім сытуацыю, калі на адным паверсе жывуць беларускія студэнты і навучэнцы з арабскага сьвету альбо краінаў Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Для адных можа быць недапушчальным гатаваньне страваў са сьвініны, іншыя ў шоку ад таго, што сусед смажыць селядцы”.

(Канапелька: ) “Але ёсьць стравы, папулярныя ва ўсім сьвеце, якія з нацыянальных зрабіліся інтэрнацыянальнымі. Першае, што прыходзіць да галавы — японская і кітайская кухні. Японцаў у Беларусі мала, а вось кітайскія студэнты навучаюцца ў шмат якіх ВНУ. У “Маладых галасах” удзельнічае студэнт з Кітайскай Народнай Рэспублікі Гуань Яй. Я запыталася ў нашага госьця, як ён гатуе кітайскія стравы ў беларускіх умовах?”

(Гуань Яй: ) “Звычайна я набываю харчы на рынку. Гэта гародніна — капустка, памідоры, набываю таксама мяса і некаторыя спэцыі. Рыбу я набываю ня так часта. Справа тут ня ў кошце, а ў маёй ляноце. Мне лянота кожны раз чысьціць гэтую рыбу. І пасьля ўсё купленае я гатую па-кітайску. Штолета я ежджу ў Кітай і адтуль прыводжу разнастайныя соўсы. Аснова гатаваньня па-кітайску — гэта соўсы”.



(Канапелька: ) “Ці каштавалі вы беларускія нацыянальныя стравы?”

(Гуань Яй: ) “Так. Мае беларускія сябры паказвалі мне, як гатаваць дранікі. Гэта сапраўдны далікатэс! Але мне згатаваць такое вельмі цяжка. Я яшчэ каштаваў белае мяса, якое вы называеце салам. Гэта таксама сапраўдны далікатэс, мне вельмі спадабалася. Але я ніколі не згатую такой стравы, бо я ня ведаю, як гэта робіцца. У Кітаі ў нас няма такіх страваў”.

(Канапелька: ) “Наступнае пытаньне пра напоі — што ўжываюць кітайскія студэнты?”

(Гуань Яй: ) “Я звычайна п’ю кока-колу. Але калі мае сябры жадаюць выпіць гарэлкі ці піва, я да іх далучуся. Калі быў кітайскі Новы год, я запрасіў некалькіх маіх сяброў, і мы тады пілі піва “Александрыя” і “Крыніцу”. Добра тады мы напіліся! Наагул, беларускае піва вельмі прыемнае і вельмі таннае. У нас у Кітаі піва каштуе значна даражэй, і мы ня п’ем столькі піва. У Менску я бачу шмат людзей, якія п’юць піва, ідучы па вуліцы. У Кітаі вы такога не пабачыце, бо мы ня толькі п’ем піва, але нешта яшчэ і ямо”.

(Канапелька: ) “Маладыя галасы” фінішуюць. Нагадаю, мы гаварылі пра ежу і пітво”.

(Маёрчык: ) “Спадзяемся, вы ня будзеце злоўжываць алькаголем, а стравы, згатаваныя паводле кулінарных рэцэптаў, якія прагучалі ў нашым эфіры, зоймуць належнае месца на вашым стале”.
XS
SM
MD
LG