Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Калядныя гісторыі Ўладзімера Арлова


Севярын Квяткоўскі, Менск Пісьменьнік Уладзімер Арлоў часьцяком працуе на навагоднія сьвяты. Але з радасьцю ахінаецца ва ўспаміны, дзе дастаткова месца калядным гісторыям ад часоў дзяцінства і юнацтва. Некалькімі такімі гісторыямі спадар Арлоў падзяліўся са слухачамі Радыё Свабода.

(Карэспандэнт:) “Мы размаўляем з Уладзімерам Арловым у кавярні “Стары Менск”. Спадар Уладзімер, у часе адной з сустрэчаў з чытачамі Вам задалі пытаньне – як вы будзеце сьвяткаваць Каляды? Вы адказалі, што правядзеце сьвяты ў працы. Ці можна сказаць, што стаўленьне да навагодніх сьвятаў з узростам у Вас зьмянілася?”

(Арлоў:) “Акурат сёньня я і хацеў заняцца ўспамінамі пра той час, калі я быў не такі дарослы. Калі мне было два гады, бацькі ўзялі мяне на сьвяточны ранішнік у полацкую пракуратуру, дзе працаваў мой тата. І там на ялінцы я вельмі ўпадабаў адну цацку – бусьліка. Ведаеце, ён быў бел-чырвона-белы. Я тады яшчэ ня быў знаёмы з колерамі нашага нацыянальнага сьцягу. Але, пэўна, штосьці спрацавала ў падсьвядомасьці. І калі мама паднесла мяне да ялінкі, я учапіўся ў гэтага бусьліка. Як не спрабавалі мяне ад яго адарваць, усё было марна. Таму, мяне пакінулі ў спакоі, і я сваю ручку ад ялінкі адарваў толькі разам з бусьлікам. Гэты бусьлік дагэтуль захоўваецца ў Полацку ў доме, дзе жылі мае бацькі, дзе цяпер жыве мая сястра. І звычайна на ялінку яна абавязкова вешае гэтага бусьліка”.

Мы сталелі, і разам з намі больш сталымі рабіліся калядныя гісторыі, у якія мы траплялі.

Анатомію ў нашым клясе выкладала маладзенькая выпускніца ўнівэрсытэту. Увесь час, калі напрыканцы ўроку яна казала, маўляў, у каго ёсьць якія пытаньні, другагоднік Вася Шуйскі падымаў руку, і цікавіўся: “Калі мы будзем праходзіць размнажэньне чалавека, і ці будуць практычныя заняткі?”

І вось, насунуліся Каляды, Вася Шуйскі прынес паштоўку. Там было напісана “З Новым Годам, з Новым шчасьцем”, і мы там падпісаліся. На вольным месцы Вася Шуйскі напісаў, што спадзяецца, што ў новым годзе мы ўсе будзем займацца практычнымі заняткамі па размнажэньню чалавека з нашай настаўніцай.

Не пасьпелі скончыцца зімовыя вакацыі, як нас ўсіх пачалі цягаць да дырэктара. Але ўрэшце наша настаўніца анатоміі звольнілася са школы, і больш я яе ня бачыў.

Калі яна раптам чуе нашу праграму, я хачу папрасіць у яе прабачэньня. І сказаць, што ўсё гэта рабілася не ад зла, а ад нашай у яе закаханасьці”.
XS
SM
MD
LG