Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінцук Вячорка: Уладам ня патрэбныя лішнія вочы ў камісіях


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня завяршаецца фармаваньне тэрытарыяльных выбарчых камісій. Усяго іх будзе створана 165. Зь іх 7 абласных і менская гарадзкая, 118 раённых, 16 гарадзкіх і 24 раённыя ў гарадах. Паводле першых папярэдніх дадзеных у склад камісій не трапляюць прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партый.

На ўчорашні вечар Цэнтарвыбаркам яшчэ ня меў дадзеных па выніках фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісій. Хаця ў шэрагу гарадоў і раёнаў гэтыя камісіі ўжо сфармаваныя, і сёньня пройдуць першыя арганізацыйныя паседжаньні. На жаль, у асобных органах мясцовай ўлады ня вельмі ахвотна дзеляцца інфармацыяй наконт складу ўтвораных камісій. Але паводле атрыманай папярэдняй інфармацыі, сытуацыя для апазыцыі складваецца ня лепшым чынам. Фактычна, паўтараецца тое, што было падчас мінулых выбарчых кампаній, калі ў склад камісій траплялі адзінкі з прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў. Да прыкладу, у менскую абласную і гарадзкую камісіі, а таксама ў берасьцейскую абласную не патрапілі прадстаўнікі апазыцыйных партый. Сярод тых, каго ўлады прапусьцілі ў камісіі – кампартыя Беларусі, ЛДП, БРСМ, афіцыйныя прафсаюзы, Саветы жанчын і вэтэранаў. Да прыкладу, у Віцебску сфармаваны гарадзкая і тры раённыя камісіі. Прадстаўніца гарвыканкаму Марыя Марозава цьвердзіць, што ў камісіях прэзэнтавана моладзь, вэтэраны, Савет жанчын. Таксама падавалі сваіх прадстаўнікоў Кампартыя і партыя камуністаў Беларусі.

Спадарыня Марозава не сказала, хто зь іх трапіў у склад камісій, але нагадала, што ячэйкі ў кампартыі большыя, чым у апазыцыйнай ПКБ. Чым кіраваліся ўлады, што ўлічвалася пры фармаваньні камісій? Пытаньне да Марыі Марозавай.

(Марозава: ) “Уклад чалавека ў сацыяльна-эканамічнае і пазытыўнае разьвіцьцё гораду. Пераконваю вас, ацэнка была аб’ектыўная. Калі, да прыкладу, вэтэран Савету вэтэранаў, заслужаны, аўтарытэтны чалавек, лідэрскія якасьці, інтэлектуальны чалавек, мы, канешне, за яго прагаласавалі ўсе. У нас многа такіх прадстаўнікоў, Савет жанчын.”

Тым часам, сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік заявіў, што апазыцыя якраз павінна быць у выбарчых камісіях, бо гэта ўносіць жыцьцё ў дзейнасьць любога органу.

Вось што мне распавёў лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка.

(Вячорка: ) “На гэты момант інфармацыя, якая паступае з абласьцей, аднолькавая: нікога не ўключаюць. Я думаю, што ніякай нечаканасьці ў гэтым няма. Мы гэта прадбачылі. Нашым абавязкам, аднак, было такіх людзей прапанаваць, людзей кампэтэнтных, з досьведам, часта з профільнай адукацыяй. Ну з тым, каб карціна таго, што плянуе ўлада была ўжо цяпер, у канцы сьнежня, ясная. У тым ліку для міжнароднай супольнасьці. Уладам ня трэба лішнія вочы ў камісіях”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG