Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памяць легендарных полацкіх князёў ушануе Нацбанк


Юлія Шарова, Менск Памятную манэту “Ўсяслаў Полацкі” ад сёньняшняга дня выпускае ў абарачэньне Нацбанк. Манэта з выявай славутага князя, якога яшчэ называлі Ўсяслаў Чарадзей, распачынае новую сэрыю “Ўмацаваньне й абарона дзяржавы”. Аднак набыць яе будзе надзвычай складана.

Тэматыку памятных манэтаў для сэрыі “Ўмацаваньне й абарона дзяржавы” Нацбанк абірае, запытаўшыся рады ў навукоўцаў-гісторыкаў. Першым яны параілі Ўсяслава Чарадзея, як асобу, што ўнесла велізарны ўклад у разьвіцьцё беларускай дзяржавы – і манэта зьявілася. На ейным авэрсе – Сафійскі сабор у Полацку, узьведзены ў пэрыяд праўленьня князя Ўсяслава. На рэвэрсе – сам Усяслаў Чарадзей, гады ягонага княжаньня (1044-1101), а таксама адлюстраваньне ваўка на фоне сонца, што сымбалізуе незвычайныя здольнасьці й магутнасьць князя (паводле легендаў, ён здольны быў абарачацца ў ваўка).

Манэта будзе двух тыпаў: срэбная (даражэйшая) і медна-нікелевая (таньнейшая). Як паведаміў прэсавы сакратар Нацбанку Міхаіл Журавовіч, на памятных манэтах можна будзе ўбачыць выявы іншых знакавых асобаў у беларускай гісторыі.

(Журавовіч: ) “У наступным годзе гэтая сэрыя таксама будзе працягнутая й будзе прысьвечаная таксама полацкаму князю Рагвалоду й ягонай дачцэ Рагнедзе. Манэты выйдуць накладам, як срэбная, гэтак і медна-нікелевая, па 5.000 штук”.

Кошт адной срэбранай будзе сягаць недзе 50 тысяч рублёў, кажа Міхаіл Журавовіч. Звычайна іх выпускаюць меншым накладам, у дзьве тысячы штук. Аднак у зьвязку з тым, што памятныя манэты карыстаюцца ўсё большым попытам, наклад істотна павялічылі.

За гэты год Нацбанк выпусьціў 17 памятных манэтаў з розных сэрыяў, а звычайна штогод выпускае 7-8. Попыт на іх расьце, нават за мяжой. Дарэчы, у пачатку 2005 году амэрыканскае выдавецтва “Краузэ Паблікейшн” назвала манэту “Беларускі балет” найлепшай у сьвеце.

У Беларусі цяпер набыць памятную манэту Нацбанку ўсё адно што гадоў трыццаць таму – кружэлку папулярнага заходняга сьпевака, кажа кіраўнік клюбу калекцыянэраў “Пошук”, нумізмат Аляксандар Арлоў. Манэты робяцца рарытэтамі ўжо ў момант іхнага выпуску й разыходзяцца літаральна за колькі гадзінаў. Каб займець сабе такі рарытэт, трэба прыйсьці ў аддзяленьне Нацбанку гадзіне а пятай раніцы, да адкрыцьця. І ўсё адно шанцы невялікія. Тыя, хто пасьпеў набыць манэту, потым перапрадае яе. “Навар” можа сягаць 100 адсоткаў, кажа Аляксандар Арлоў.

(Арлоў: ) “У нас нават ёсьць экспэртнай камісіяй зацьверджаныя цэньнікі й там як паглядзіш на некаторыя, нават ня срэбныя, якія каштавалі няхай 5.000, дык цяпер яны 50 даляраў”.

А літаральна гэтымі днямі беларускія нумізматы зьвярнуліся зь лістом да старшыні Нацбанку Пятра Пракаповіча. Яны скардзяцца на тое, што манэты нельга ўжо набыць нават па падпісцы – калекцыянэры вымушаныя набываць іх у перакупшчыкаў.
XS
SM
MD
LG