Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зінаіда Бандарэнка: “Нас любілі за беларускую мову”


Міхась Скобла, Менск (эфір 25 сьнежня) Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”.

Пяцьдзясят гадоў таму ў навагоднія дні выйшла ў эфір першая айчынная тэлеперадача — пачалася гісторыя Беларускага тэлебачаньня. Ад маленькіх тэлепрыймачоў, экран якіх даводзілася саматужна павялічваць з дапамогай вадзяных лінзаў, да сучасных каляровых “Гарызонтаў” — такі шлях прайшло наша тэлебачаньне. 38 гадоў жыцьця народнай артысткі Беларусі Зінаіды Бандарэнкі зьвязана з тэлеэкранам.

(Міхась Скобла: ) “Спадарыня Зінаіда, калі вы ўпершыню ўбачылі тэлевізар? Ці памятаеце свае ўражаньні?”

(Зінаіда Бандарэнка: ) “Вельмі добра памятаю, я тады вучылася на другім курсе Гомельскай мэдыцынскай вучэльні. Ішла па другім паверсе, зайшла ў гэтак званы чырвоны пакой — так называлася памяшканьне, дзе зьбіраліся студэнты. Заходжу і бачу маленечкі такі тэлевізарчык, які вісіць на сьцяне. І ўсе студэнты ўважліва сочаць, што адбываецца на экране. І я на ўсё жыцьцё запомніла прыгожую жанчыну, якая з экрана нешта гаварыла па-беларуску. Мяне гэта настолькі зачаравала!”

(Скобла: ) “А ці думалася вам пра тое, што пройдзе час, і вы самі будзеце нешта гаварыць з тэлеэкрану? Ці вы марылі пра іншую прафэсію?”

(Бандарэнка: ) “Я марыла пра іншую прафэсію. Справа ў тым, што калі я вучылася ў мэдвучэльні, я адначасова наведвала драматычную студыю, якая знаходзілася ў Палацы чыгуначнікаў Гомелю. Іграла на сцэне і, вядома ж, марыла стаць актрысай. Мяне мой настаўнік, які выкладаў беларускую мову, вазіў у Кіеў — паступаць у Тэатральны інстытут. Але мы не ўлічылі адной акалічнасьці –— здаваць іспыты і вучыцца там трэба было на ўкраінскай мове. Да іспытаў заставалася мала часу, вывучыць мову было немагчыма. Так мы і вярнуліся ні з чым”.

(Скобла: ) “Вы пачыналі працаваць на Гомельскай тэлестудыі. Што яна зь сябе на той час уяўляла?”

(Бандарэнка: ) “Студыя знаходзілася на гарышчы таго самага Палацу чыгуначнікаў, на пятым паверсе. Займала тры пакоі, мэтраў трыццаць квадратных, ня больш. У студыі было дзьве камэры, якія былі прымацаваныя да падлогі, ня рухаліся. І нам даводзілася выходзіць і заходзіць у кадар. Дарэчы, ніхто ня ведае, але першыя пробныя тэлеперадачы пачаліся менавіта з Гомелю, а ня зь Менску. Прынамсі, так мне гаварылі гамяльчане, калі я прайшла конкурс і паступіла на працу. А ў сталіцы тэлебачаньне зьявілася крышачку пазьней, гэты дзень зафіксаваны ў гісторыі — 1 студзеня 1956 году знакамітая Тамара Бастун выйшла і сказала: “Добры вечар, дарагія таварышы, пачынаем нашу першую перадачу”. І вось ужо з тае пары мінула роўна пяцьдзясят гадоў”.

(Скобла: ) “Многія гледачы бачылі вас на экране ў вышытых беларускім арнамэнтам строях. Гэта было ваша ўласнае рашэньне — як апранацца перад камэрай?”

(Бандарэнка: ) “Спачатку гэта была ідэя рэжысэра, які працаваў са мною. На вялікія сьвяты нам раілі надзяваць нешта беларускае. І таму я адразу, як толькі паступіла працаваць на Гомельскую студыю тэлебачаньня, пабегла ў атэлье, дамовілася з вышывальніцамі, і мне вышылі сукенку беларускім арнамэнтам. Гэта ручная праца, і потым гэта ўжо і засталося ў маёй сьвядомасьці: калі было нейкае сьвята, я заўсёды імкнулася выходзіць у беларускім нацыянальным строі. Я вельмі ўдзячная Беларускаму дому моды, дзе працавалі цудоўныя вышывальніцы беларускага арнамэнту, і яны мне пераважна рыхтавалі касьцюмы. Шылі мы і ў атэлье Савету Міністраў. Там працавалі не асабліва майстравітыя швачкі і мадэльеры, але ў іх быў вельмі цудоўны набор тканінаў. Можна было прыйсьці і выбраць на складзе, дзе ляжалі цэлыя скруткі вельмі прыгожых матэрыялаў, якія атрымлівалі з Францыі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі”.

(Скобла: ) “Аднойчы ў тэлевізары я бачыў, як на нейкім канцэрце да вас прыхінуўся Аляксандар Лукашэнка. Памятаеце такі эпізод?”

(Бандарэнка: ) “Гэта было на першых “Дажынках” у Століне. Ішоў канцэрт, які быў разьлічаны на чатыры гадзіны. І ўсе думалі, што Лукашэнка будзе да канца. Аднак высьветлілася, што празь дзьве гадзіны ён павінен устаць, прайсьці на верталётную пляцоўку і адлятаць у Менск. Я вяла той канцэрт. А ўсе баяцца падысьці да Лукашэнкі і спытацца, ці будзе ён разьвітвацца з народам, ці паціху адыдзе. Нехта нават сказаў: ня будзем спыняць канцэрту, можа, ён устане і ціхенька выйдзе. Ну, гэта было на пачатку прэзыдэнцтва Лукашэнкі, думалася, што ён будзе больш сьціплы.

Да яго ніхто не падыходзіць, а першае аддзяленьне канцэрту ўжо заканчваецца. І нам ахоўнікі кажуць: мы зараз проста спынім канцэрт. А людзей жа — мноства, канцэрт адбываўся на беразе ракі. І тады я, пакуль Толя Ярмоленка заканчваў сваю песьню, падышла да краю сцэны, прысела і спытала: “Аляксандар Рыгоравіч, вы паціху сыдзеце, ці на сцэну падымецеся?” “Не, я абавязкова падымуся на сцэну!”. Ён падняўся, наблізіўся і сказаў: “Вось тут Зіна хацела, каб я цішком сышоў, але я хачу з вамі разьвітацца. І хачу пажадаць усім вам, каб вы былі заўсёды такія прыгожыя, як гэта дзяўчына!”

(Скобла: ) “У 2005 годзе мы страцілі паэта Анатоля Сыса. Памятаю, зь якім гонарам ён заяўляў: “Я працую тэхнікам на тэлевізіі!” Цягам усяго жыцьця ён меў сантымэнт да тэлебачаньня. І вас заўсёды добрым словам згадваў”.

(Бандарэнка: ) “У свой час мы на тэлебачаньні абвяшчалі конкурсы на дыктараў і езьдзілі на прагляды ў абласныя цэнтры. І ніяк мы не маглі знайсьці дыктараў славянскага тыпу. І вось аднойчы ў Гомелі да нас прыходзіць хлопец: высокі, з блакітнымі вачыма, прыгожы, з усьмешкай вельмі добрай, такі адкрыты, шчыры. Я была проста зачараваная! А ён адразу пачынае чытаць вершы. Чытаў цудоўна, а размаўляць пры мікрафоне не атрымлівалася ў яго. І ўсё ж мы яго ўключылі ў сьпіс. Думаю — пройдзе-ня пройдзе, але ў сьпіс апошняга туру ўключылі. Сыс прыйшоў на прагляд у Менску, і журы адразу яго закасавала: дыктар зь яго быў ніякі.

А Белтэлерадыёкампанію тады ўзначальваў Генадзь Мікалаевіч Бураўкін. І ён мне параіў: “Зіна, схадзіце да першага сакратара Саюзу пісьменьнікаў Ніла Сымонавіча Гілевіча, ён нешта для хлопца прыдумае”. І я схадзіла. І мы вырашылі хоць нейкім чынам зачапіць Сыса за Менск. Генадзь Мікалаевіч узяў яго на працу тэхнікам, далі яму інтэрнат, і ён пачаў працаваць. Я памятаю, атрымала ад Анатоля напісаны з гумарам ліст: “Зінаіда Аляксандраўна, я прыехаў да маці ў Гарошкаў. Ляжу на печы і ўспамінаю вас…”

(Скобла: ) “Давайце, аднак, вернемся да тэлебачаньня. Якім каналам вы аддаяце перавагу? У вас ёсьць спадарожніквая антэна?”

(Бандарэнка: ) “Ёсьць. У нас вельмі шмат каналаў, выбар вельмі багаты. І таму мне вельмі крыўдна, калі глядзіш ОНТ абрэзанае і глядзіш ОРТ. А інфармацыйныя выпускі… Я іх, шчыра кажучы, гляджу вельмі рэдка. Проста ня хочацца чуць тую няпраўду, якую мы чуем штодня”.

(Скобла: ) “Я не гляджу Беларускае тэлебачаньне” — мне такое даводзілася чуць неаднойчы. А што павінна зьмяніцца, каб глядзелі?”

(Бандарэнка: ) “Калі б Беларускае тэлебачаньне перайшло на нашу родную беларускую мову, да яго б больш павярнулася людзей. Я ў гэтым проста перакананая! Нас любілі менавіта за беларускую мову. Я памятаю, як я абараняла беларускую мову на Цэнтральным тэлебачаньні ў Маскве. Мы туды прыяжджалі, з намі прыяжджалі нейкія калектывы ці выканаўцы: “Сябры”, “Песьняры” ці вось аднойчы я з народнай артысткай Сьвятланай Данілюк езьдзіла. Як гэта тады рабілася? Мы рыхтавалі нейкую мастацкую падводку, а пасьля нас ішоў канцэртны нумар. І вось эстонская дыктарка Тэльмак павінна была прамаўляць такія словы: “Эстония, советская страна”. А яна на рэпэтыцыі: “Эстония! Моя страна!” О, які вэрхал пачаўся! “Вы что говорите?! Не ваша, а советская страна!” А эстонка ў адказ: “О да, я веччером скожу как нужно”. І вечарам на ўвесь Савецкі Саюз яна ізноў паўтарыла: “Эстония! Моя страна!”

А мне далі чытаць верш Петруся Броўкі ў перакладзе Якава Хелемскага, дзе былі такія радкі: “Шуршащие ленты шуршащих дорог…” Я думаю, Божачка мой, ну чаму ўсё “шуршащее”? Нешта ня вяжацца. І я прачытала верш Анэлі Тулупавай, які яна напісала спэцыяльна для мяне: “Сінявокая азярніца, дай да рук тваіх прытуліцца, да тваіх ласкавых далоняў, ці ж маглі яны быць у палоне…” А пасьля верша пайшла песьня. Усё было добра, праўда, потым я даведалася, што з-за мяне пакаралі рэдактара. Бо ўсе дыктары чыталі па-расейску, адна я па-беларуску”.

(Скобла: ) “Пры найноўшых тэхналёгіях у Беларусі да гэтай пары няма 100-адсоткавага ахопу насельніцтва айчынным тэлевяшчаньнем. Паводле афіцыйнай статыстыкі, 2% жыхароў краіны ня маюць сыгналу БТ. Вы ім спачуваеце ці зайздросьціце?”

(Бандарэнка: ) “О, я ім зайздрошчу! У такім выпадку, вядома ж, яны атрымліваюць больш праўдзівую інфармацыю”.

(Скобла: ) “Кіраўніком краіны перад новым кіраўніцтвам Белтэлерадыёкампаніі пастаўлена задача “ўзьняць беларускае тэлебачаньне да сусьветнага ўзроўню”. У вашым разуменьні што гэта такое?”

(Бандарэнка: ) “Я лічу, што гэта свабода думкі. Калі няма свабоды думкі ўдзельнікаў перадачаў, ня будзе прызнаньня. Да ўдзелу ў перадачах павінны запрашацца людзі з рознымі поглядамі, тады будзе цікава. Я думаю, што самы чорны час на тэлебачаньні яшчэ наперадзе. Мне прыпамінаецца, як аднойчы Аляксандар Зімоўскі наракаў, што на БТ мала аналітычных праграмаў. І сапраўды, аналітыкі на тэлебачаньні няма, і гэта ўсе адчуваюць. І людзям робіцца нецікава, губляецца глядацкая аўдыторыя. Гледачы ж маюць магчымасьць параўнаць БТ з расейскімі тэлеканаламі. Колькі там аналітыкі! Людзі сустракаюцца, выказваюць розныя пункты гледжаньня, спрачаюцца, дыскутуюць. У нас гэтага няма. Таму сьцяг Зімоўскаму ў рукі! Але мне думаецца, нічога зьмяніць да лепшага яму ў дадзеных умовах ня ўдасца”.

(Скобла: ) “Вы сталі народнай артысткай у 1985 годзе, яшчэ ў Савецкім Саюзе. Многія знаныя дзеячы культуры не-не дый уздыхнуць па тым часе. Асабліва вызначаўся ў гэтым народны пісьменьнік Іван Шамякін. Ледзь ня ў кожным творы бедаваў па распадзе “вялікай краіны”. А вы не настальгуеце па савецкім часе?”

(Бандарэнка: ) “Я настальгую па тым часе, але не настальгую па Савецкім Саюзе, па той дыктатуры, якая была. Таму што мы жылі ў няпраўдзе. І зноў апынуліся ў няпраўдзе. Як тут можна перажываць настальгію? Мы проста чакаем, што да нас урэшце прыйдзе свабода”.

(Скобла: ) “За што хваляць людзі Беларускае тэлебачаньне, дык гэта за трансьляцыю калядных набажэнстваў, асабліва калі з касьцёлаў, па-беларуску. Тады яго глядзяць усе — і каталікі, і праваслаўныя. Зь юбілеем тэлебачаньня вас, спадарыня Зінаіда!”

(Бандарэнка: ) “Дзякуй. Тут я хачу падтрымаць вас. Сапраўды, Беларускае тэлебачаньне робіць добрую справу, трансьлюючы калядныя службы з касьцёлаў. Гэта сапраўды настолькі сьвяточна, хораша, калі чуеш беларускую мову, калі так добра камэнтуецца ўсё. Я заўсёды ўключаю тэлевізар і слухаю. Гэта і ёсьць яднаньнем нацыі. Хачу павіншаваць усіх суайчыньнікаў з Новым годам, з Раством Хрыстовым. Каб новы год прынёс нам усім радасьць, здароўе і свабоду!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG