Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акадэмік Вайтовіч: У 2006 годзе нас чакае чарговая “элегантная” перамога


Міхал Стэльмак, Менск Якія падзеі 2005 году вы лічыце найбольш значнымі? Што чакае Беларусь у новым годзе? На гэтыя пытаньні Радыё Свабода адказвае акадэмік Аляксандар Вайтовіч.

(Вайтовіч: ) “Мне найбольш запомнілася адна мая навуковая праца. Таму што мы атрымалі досыць важныя вынікі. Я мяркую, што мы адкрылі новую заканамернасьць. Пасьпяхова разьвіваецца стварэньне супэркампутараў, і я з гонарам магу сказаць, што штуршок да пастаноўкі гэтай тэматыкі даў я, будучы прэзыдэнтам Акадэміі. Я вельмі рады, што гэта і цяпер разьвіваецца.

Што тычыцца Парку высокіх тэхналёгіяў, то мы такі парк прапанавалі яшчэ ў 1997—1998 гады. Але не сустрэлі тады ніякай падтрымкі ў нашай беларускай улады. І вось згублена шмат гадоў, і нарэшце яны прыйшлі да высновы, што гэта трэба зрабіць. Наагул, трэба добра прыгледзецца да Парку, які яны зрабілі. У мяне шмат пытаньняў. Вось яны сказалі, што там будуць займацца такімі справамі, як будаўніцтва гатэляў, жыльля. Я баюся, што гэтае будаўніцтва стане самай галоўнай справай адміністрацыі Парку. Тыя людзі, якія займаюцца Паркам высокіх тэхналёгіяў цяпер, і Мясьніковіч, і Цапкала, мала чаго ў навуцы разумеюць”.

(Карэспандэнт: ) “Якім запомнілася вам сёлетняе грамадзка-палітычнае жыцьцё Беларусі?”

(Вайтовіч: ) “Нічога такога яскравага не было. Запомнілася тое, што я ўвайшоў у гэтае грамадзка-палітычнае жыцьцё і шмат чаго зразумеў з таго, чаго раней не разумеў”.

(Карэспандэнт: ) “Што, на вашу думку, чакае Беларусь у 2006 годзе?”

(Вайтовіч: ) “Чакае чарговая “элегантная” перамога Аляксандра Рыгоравіча ў выбарах. Я быў кіраўніком грамадзянскай ініцыятывы “За справядлівыя выбары” летась, калі былі парлямэнцкія выбары і рэфэрэндум. І там я зразумеў, што вынікі, якія былі абвешчаныя выбарчай камісіяй, мала адпавядаюць таму, што было насамрэч”.
XS
SM
MD
LG