Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мін’юст зноў абвінавачвае апазыцыйныя партыі


Радыё Свабода Міністэрства юстыцыі паўторна заявіла пра “грубыя парушэньні патрабаваньняў закону з боку шэрагу палітычных партыяў”. У гэтым месяцы мін’юст ужо вынес пісьмовыя папярэджаньні за парушэньне артыкулу 10 закону “Аб палітычных партыях” Беларускай партыі зялёных, Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”, Партыі БНФ і Беларускай патрыятычнай партыі.

Паводле новай рэдакцыі закону “Аб палітычных партыях”, прынятай у ліпені сёлета, кожная партыя павінна мець менскую гарадзкую, а таксама рэгіянальныя арганізацыі ня менш як у чатырох вобласьцях краіны. У папярэджаных Мін’юстам партыяў у некаторых вобласьцях такіх структураў не было.

У паведамленьні, апублікаваным учора на інтэрнэт-сайце міністэрства, адзначаецца, што “некаторыя палітычныя партыі ігнаруюць патрабаваньні дзейнага заканадаўства”.

У сувязі з гэтым, гаворыцца ў паведамленьні, міністэрства “вымушанае паўторна зьвярнуць увагу палітычных партыяў на неабходнасьць дзейнічаць у дакладнай адпаведнасьці з заканадаўствам Беларусі і сваімі статутамі”.

Яшчэ калі ў сярэдзіне сьнежня шэрагу партыяў былі вынесеныя папярэджаньні, у інтэрвію Радыё Свабода намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч выказаў меркаваньне, што Мін’юсту быў дадзены загад ліквідаваць апазыцыйныя партыі, але ён жа нагадаў, што ў пэрыяд выбарчай кампаніі беларускае заканадаўства забараняе ліквідацыю ці прыпыненьне дзейнасьці палітычных партыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG