Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распачаўся суд над удзельнікамі акцыі ў абарону газэты “Віцебскі кур”ер”


Радыё Свабода, Віцебск Гэтая акцыя праходзіла ў Віцебску 10-га сьнежня на знак пратэсту супраць таго, што “Віцебскі кур”ер” з новага году забаранілі прадаваць у шапіках “Саюздруку”. Сямёра затрыманых партыйных актывістаў былі выкліканыя сёньня ў Кастрычніцкі раённы суд, але зьявіцца туды змаглі ня ўсе: Аляксандар Дарафееў, сябар ініцыятыўнае групы кандыдата аб”яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, 21 сьнежня быў арыштаваны і без усялякіх тлумачэньняў пеавезены ў Менск.

Сацыял-дэмакраты Аляксей Гаўруцікаў,Зьміцер Караткевіч, Кацярына Сампоева, Іван ды Аляксандра Церашы, а таксама кіраўнік абласной арганізацыі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў зайшлі ў судовую залю а палове на трэцюю дня, а выйшлі толькі ў пачатку восьмай вечара. Але судовы працэс судзьдзя Валянціна Міхасёва так і не завяршыла. Распавядае ўдзельнік судовага пасяджэньня Смолікаў:

(Смолікаў: ) “У судовай залі мы правялі больш за чатыры гадзіны, нас усіх апыталі ў якасьці сьведак. Міліцыянты прадэманстравалі дакумэнтальную кроніку, зьнятую службовым апэратарам, зь якой бачна, што міліцыя можа ўсё, а грамадзяне Беларусі ня могуць нічога. Урэшце адклалі вынясеньне пастановы на заўтра – на наступны дзень”.

Дарэчы, якім бы не было рашэньне судзьдзі, адзін з удзельнікаў акцыі Іван Цераш, ужо атрымаў спагнаньне за сваю апазыцыйную дзейнасьць: як толькі ў газэце “Віцебскі кур’ер” зьявіўся рэпартаж пра затрыманьне зь ягоным фотаздымкам, адміністрацыя прадпрыемства кацельных і цеплавых сетак даслала папярэджаньне, што зь ім ня будзе працягнуты кантракт.

На сёньняшні суд ня змог зьявіцца яшчэ адзін затрыманы – беспартыйны актывіст Аляксандар Дарафееў, сябар ініцыятыўнай групы кандыдата аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча. Паводле ягонай жонкі Натальлі Дарафеевай, 21-га сьнежня па спадара Аляксандра зайшлі двое ў цывільным: напачатку яны запыталіся, дзе знаходзіўся Аляксандар у часе выбухаў 14-га і 22-га верасьня, а потым прапанавалі праехаць у Першамайскі райаддзел міліцыі, каб запісаць ягоныя словы.

Дахаты Аляксандар Дарафееў ўжо не вярнуўся, і толькі назаўтра жонка даведалася, што яго адразу ж павезьлі ў Менск і нібыта падазраюць ужо ў іншай крымінальнай справе – групавым разбойным нападзе.

Спадарыня Натальля адмовілася ад паслуг прызначанага дзяржаўнага адваката, бо не выключае, што затрыманьне мужа зьвязана зь ягонай палітычнай актыўнасьцю.

Тым часам, як адбываўся суд над іншымі ўдзельнікамі акцыі, у кватэры Дарафеевых міліцыя ўчыніла ператрус.
XS
SM
MD
LG