Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты шукалі наркотыкі, а знайшлі “джынсавую сымболіку”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Намесьнік начальніка Сьветлагорскага райаддзелу міліцыі маёр Пётра Зыкун азнаёміў грамадзкага актывіста Тэльмана Масьлюкова з пратаколам адміністратыўнага парушэньня, складзенага па выніках ператрусу кватэры. Паводле міліцыі, ён падазраваўся ў захоўваньні зброі і наркотыкаў.

У пратаколе міліцыянты запісала Масьлюкову наступнае абвінавачваньне: “Прывёз зь Менску друкаваныя выданьні з заклікамі незарэгістраванай арганізацыі “Зубр” і такім чынам дзейнічаў ад імя незарэгістраванай палітычнай арганізацыі”.

Ператрус кватэры спадара Маслюкова міліцыянты ўчынілі 2 сьнежня з прычыны “падазрэньня ў захоўваньні зброі і наркотыкаў”.

Міліцыянты забралі тады два капіявальныя апараты (адзін зь іх быў пасьля вернуты), пяць кампакт-дыскаў, чатыры кнігі ды розныя друкаваныя выданьні, у тым ліку і брашуру з рэзалюцыяй ААН пра правы чалавека ў Беларусі.

З усяго вынятага парушэньне беларускага заканадаўства міліцыянты згледзелі толькі ў інфармацыйных бюлетэнях “16”, прысьвечаных Дню беларускай салідарнасьці. У бюлетэні надрукаваны матэрыял за подпісам арганізацыі “Зубр” пра тое, што джынсавая вопратка і джынсавая атрыбутыка сталі ў Беларусі сымбалямі імкненьня да свабоды.

Застаецца пытаньнем: ці будуць абвінавачвацца ў “дзеяньнях ад імя незарэгістраванай арганізацыі” і ўсе тыя, хто носіць джынсавую вопратку?
XS
SM
MD
LG