Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусі даюць танны газ?


Міхал Стэльмак, Менск Расейская кампанія “Газпром” і беларускае прадпрыемства “Белтрансгаз” сёньня заключылі кантракт на пастаўку ў Беларусь газа і яго транзыт праз тэрыторыю Беларусі ў 2006 годзе. На думку аналітыкаў, вызначэньне цаны на газ мае палітычную матывацыю.

Паводле кантракту, “Газпром” у наступным годзе паставіць Беларусі 21 мільярд кубамэтраў газу, у тым ліку паўтара мільярды – пры наяўнасьці тэхнічнай магчымасьці. Каштаваць гэтае паліва будзе 46 даляраў 68 цэнтаў – за тысячу кубамэтраў. Такім чынам, расейцы захавалі для беларусаў умовы 2005 году.

Як вынікае з тлумачэньняў кіраўніцтва “Газпрому”, на гэта ёсьць тры прычыны. Па-першае, Беларусь і Расея ствараюць саюзную дзяржаву. Па-другое, “Газпром” сёлета стаў уласьнікам беларускага ўчастка магістральнага газаправоду “Ямал-Эўропа”. І, па трэцяе, сёлета былі адноўлены зь Беларусьсю перамовы наконт стварэньня сумеснага прадпрыемства на базе “Белтрансгазу”.

Між тым, на думку вядомага беларускага палітыка Станіслава Шушкевіча, сёньняшняя зьдзелка мае іншы падтэкст:

(Шушкевіч: ) “Я перакананы, што такім чынам нармалізуецца статус расейскіх баз і што тут даволі танна перапампоўваюць гэты газ праз Беларусь. І таму для нас больш танны газ толькі таму, што Расея не плаціць за іншае”.

Варта зазначыць, што падобным чынам патлумачыў 26 сьнежня беларуска-расейскую зьдзелку ў газавым пытаньні і Аляксандр Лукашэнка, які ў інтэрвію “Российской газете” назваў кошт газа для Беларусі абгрунтаваным, паколькі яна нібыта, у адрозьненьне ад Украіны, не дамагаецца ўсясьветных коштаў на транзыт паліва, ня зьбіраецца ўступаць у НАТО, а на яе тэрыторыі ёсьць вайсковыя аб’екты, якія “працуюць у інтарэсах Расеі”.

Паводле іншых меркаваньняў, наступствам сёньняшняй зьдзелкі стане страта Беларусьсю прадпрыемства “Белтрансгаз” і ўсталяваньне кантролю над ім з боку Расеі. У прыватнасьці, вось што зазначыў палітоляг Андрэй Суздальцаў:

(Суздальцаў: ) “Яны цягам двух месяцаў павінны аформіць усе дакумэнты па перадачы 51 працэнта акцый “Белтрнсгаза”. Гэта наша гадавая цана за розьніцу паміж украінскім і беларускім цэнамі за газ. Мы праядзім “Белтрансгаз” за адзін год. А што будзем аддаваць у 2007 годзе? Гэта плата за трэці тэрмін. Аляксандра Рыгоравіча прымусілі плаціць за сваю ўладу”.
XS
SM
MD
LG