Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне апазыцыю таксама не ўключаюць у камісіі


Радыё Свабода, Гомель 28 тэрытарыяльных камісіяў па выбарах прэзыдэнта павінны быць сфармаваныя ў Гомельскай вобласьці. Асабовы склад сямі камісіяў у буйных гарадах рэгіёну ўжо вядомы. Там няма прадстаўнікоў кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча.

Тэрытарыяльныя камісіі, разам з абласной, сфармаваны ўжо ў Гомелі, Мазыры, Жлобіне. Кіраўнік штабу кандыдата ад апазыцыі ў рэгіёне Ўладзімер Кацора гаворыць:

(Кацора: ) “Ад нашай каманды мы падавалі ў склад тэрытарыяльных камісіяў 23 чалавекі. Сёньня ёсьць ужо першыя вынікі. Сем тэрытарыяльных камісіяў сфармаваны, і ні адзін наш прадстаўнік туды ня ўключаны”.

Прэзыдыюм Гомельскага гарадзкога савету дэпутатаў і гарвыканкам сфармавалі пяць тэрытарыяльных камісіяў: адну гарадзкую і чатыры раённыя. У кожную зь іх штаб кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі прапаноўваў сваіх прадстаўнікоў. Прычым, пераважна шляхам збору подпісаў выбарцаў. Аднак ніводзін вылучэнец ад апазыцыі ў склад камісіяў не ўвайшоў.

Старшыня гарсавету Ўладзімер Чарнаштан кажа, што ў прэзыдыюме ня бачылі нават сьпісаў усіх вылучэнцаў у камісіі:

(Чарнаштан: ) “Гэта не да мяне пытаньне. Гэтым займаецца аддзел арганізацыйнай работы гарвыканкаму. Калі быў учора прэзыдыюм, прынесьлі сьпісы магчымага складу камісіяў. Трынаццаць чалавек у кожную, з указаньнем прозьвішчаў. Сказалі: прапаноўваем вось гэтых людзей у камісіі. Сказалі, што былі яшчэ і іншыя асобы, але палічылі, што ўказаныя людзі найбольш вопытныя, іх і ўключылі. А хто там быў яшчэ, мы і ня ведаем. Прозьвішчаў тых, што былі яшчэ, ня бачылі”.

Цэнтравыбаркам запэўніваў грамадзкасьць, што перавага пры фармаваньні тэрытарыяльных камісіяў будзе аддавацца дасьведчаным людзям. Можа, вылучэнцы ад апазыцыі сапраўды навічкі ў выбарчай справе?

(Кацора: ) “Калі паглядзець на склад тых людзей, якіх мы прапаноўвалі, то гэта Марат Афанасьеў і Віктар Хоміч, дэпутаты Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, гэта Эдуард Касых, былы першы намесьнік старшыні Гомельскага гарвыканкаму. Калі ўжо казаць, што яны недасьведчаныя, то хто, у такім разе, дасьведчаны? Гэта азначае, што выбары наўрад ці будуць адкрытыя і сумленныя. Як і ва ўсе апошнія гады, улада працуе на так званую “элегантную перамогу” Аляксандра Лукашэнкі”, — лічыць кіраўнік штабу кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі ў рэгіёне Ўладзімер Кацора.
XS
SM
MD
LG