Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Лазавік: “Апазыцыя павінна быць у камісіях!”


Алесь Дашчынскі, Менск Паводле папярэдніх зьвестак, у склад тэрытарыяльных камісіяў улады не ўключаюць асобаў, якіх вылучылі апазыцыйныя палітычныя партыі.

Разам будзе сфармавана 165 тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Паводле папярэдняй інфармацыі, у склад Менскай абласной камісіі наагул не патрапілі прадстаўнікі, вылучаныя партыямі. Тлумачыць супрацоўніца Менскага аблвыканкаму Вольга Юрастава:

(Юрастава: ) “Палітычных партыяў там няма. Ёсьць ад грамадзкага аб’яднаньня БРСМ адзін чалавек, ад працоўнага калектыву адзін чалавек, ну, выканкам, савет вылучылі па адным чалавеку, і дзесяць чалавек шляхам збору подпісаў. З трынаццаці чалавек у нас дзесяць маюць вопыт працы ў выбарчай камісіі”.

У Менску сытуацыя ня вельмі адрозьніваецца ад вобласьці, хаця ў гарвыканкаме заяўляюць, што ў склад Менскай гарадзкой камісіі ўвайшло 77% прадстаўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў. Гэта Кампартыя Беларусі, ЛДП, Беларуская сацыяльна-спартыўная, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці, Саветы жанчын і вэтэранаў, БРСМ, афіцыйныя прафсаюзы і асацыяцыя шматдзетных бацькоў. Прадстаўнікі партыяў БНФ, АГП, сацыял-дэмакратаў не ўвайшлі ў склад камісіі. Толькі ў Першамайскім раёне Менску ў склад камісіі ўключаны адзін сябра БНФ шляхам збору подпісаў.

Прадстаўніца Менскага гарвыканкаму Тацяна Ждановіч адзначыла, што, прыкладам, Партыя камуністаў беларуская правяла вылучэньне прадстаўнікоў у раённыя камісіі на паседжаньні гаркаму партыі. Але такое права, паводле заканадаўства, мелі раённыя партыйныя структуры. Паводле спадарыні Ждановіч, улады палічылі гэтае вылучэньне прадстаўнікоў незаконным. Якімі ж крытэрамі кіраваліся ўлады пры стварэньні камісіяў у Менску?

(Ждановіч: ) “Пры абмеркаваньні кандыдатураў перавага аддавалася вопытным людзям, якія працавалі раней у камісіях, аўтарытэтным”.

Тым часам сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік перакананы, што апазыцыя павінна быць у камісіях:

(Лазавік: ) “Апазыцыя павінна быць у камісіях. Любы парлямэнт жывы, калі ёсьць апазыцыя. Калі ёсьць думка, якая, можа, не зусім супадае з думкай большасьці, гэта ўносіць жыцьцё ў дзейнасьць любога органу”.

Паводле актывіста БСДП “Грамада” Мечыслава Грыба, пакуль ніякай інфармацыі адносна ўключэньня партыйцаў у склад камісіяў не паступала. Але ён лічыць, што ўсе восем прэтэндэнтаў павінны мець сваіх прадстаўнікоў у камісіях. Але такога, паводле спадара Грыба, ніколі ня будзе. Урэшце, гэтыя камісіі наўрад ці будуць вырашаць асноўнае пытаньне.

(Грыб: ) “Пакуль нам такіх зьвестак зь месцаў, што некага ўключылі ў склад камісіяў, не паступала. Нават калі ўключаць, то ня сябры камісіяў будуць рабіць нешта, а будзе рабіць старшыня, намесьнік, скаратар — і ўсё, вось тройка. Астатнія нават і бачыць нічога ня будуць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG