Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

27 сьнежня 1932 году ў СССР уводзіцца пашпартная сыстэма


RFL/RL Падзеі гэтага дня ў гісторыі

27 сьнежня 1822 году нарадзіўся Луі Пастэр, францускі хімік і бактэрыёляг, заснавальнік сучаснай мікрабіялёгіі і імуналёгіі. Менавіта Пастэр і прыдумаў тое, што цяпер называюць пастэрызацыяй -- скажам, пастэрызаванае малако -- усе, напэўна, чулі такі тэрмін, але ня кожны здагадваўся, што паходзіць ён ад прозьвішча Пастэра. А сутнасьць у тым, што Луі Пастэр даказаў, што мікраарганізмы выклікаюць браджэньне і прыдумаў, як гэтага пазьбягаць, г. зн. як кансэрваваць прадукты. А яшчэ Пастэр распрацаваў вакцыны супраць многіх хваробаў -- між іншым, курынай халеры, сыбірскай язвы і шаленства.

27 сьнежня ў розныя гады пакінулі гэты сьвет беларускі кампазытар нямецкага паходжаньня Ян Голанд, які пісаў опэры ў Нясьвіжы пад апекаю Радзівілаў, а пасьля працаваў выкладчыкам у Віленскім унівэрсытэце; беларускі паўстанец Зыгмунд Мінейка, які падчас паўстаньня Каліноўскага быў вайсковым кіраўніком у Ашмянскім павеце, а пасьля ўдзельнічаў у вайне Грэцыі з Турцыяй за востраў Крыт і стаў ганаровым грамадзянінам Грэцыі; віленскі беларускі мовазнавец Антон Антановіч. Антановіч прысьвяціў сваю навуковую кар’еру вывучэньню ўнікальных помнікаў пісьма -- Кітабаў. Гэта кнігі беларускіх мусульманаў 17 стагодзьдзя, якія пісаліся па-беларуску арабскімі літарамі, дзякуючы чаму да нашага часу дайшлі асаблівасьці тагачаснага беларускага вымаўленьня, якія кірылічныя кнігі не перадавалі. У манаграфіі “Беларускія тэксты, пісаныя арабскім пісьмом, і іх графіка-арфаграфічная сыстэма“ -- гэтая кніга выйшла ў Вільні ў 1968-м годзе -- Антановіч дасьледаваў 24 рукапісныя помнікі татара-мусульманскага пісьменства на беларускай мове. Трэба заўважыць, што так грунтоўна гэтую тэму ў беларускай навуцы дасьледаваў толькі ён.

27 сьнежня 1932 году ў СССР уводзіцца пашпартная сыстэма і абавязковая прапіска па месцы жыхарства. Пасьля кастрычніцкага перавароту 1917 году пашпарты ў Савецкім Саюзе былі адмененыя як адна з праяваў царскай адсталасьці і дэспатызму. Але эўфарыя ўсеагульнага камуністычнага шчасьця хутка скончылася. Цяпер парушэньне ўжо савецкага пашпартнага парадку цягнула за сабою крымінальную адказнасьць.

27 сьнежня ў розныя гады нарадзіліся амэрыканская артыстка і сьпявачка нямецкага паходжаньня Марлен Дзітрых, беларускі паэт Анатоль Вялюгін і вядомы францускі кінаактор Жэрар Дзепардзьё.
XS
SM
MD
LG