Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Калядная гісторыя Анатоля Вярцінскага


Інэса Студзінская, Менск Гэта гісторыя адбылася амаль 40 гадоў таму – у сярэдзіне 60-х. Малады супрацоўнік тыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, пачынаючы паэт Анатоль Вярцінскі напісаў верш “Навагодні тост”, які быў ужо завёрстаны ў сьвяточны нумар выданьня. У апошні працоўны дзень адыходзячага году яго выклікаюць да галоўнага рэдактара “Літаратуры і мастацтва” Нічыпара Пашкевіча. Пра тое, што адбылося далей, распавядае паэт Анатоль Вярцінскі.

(Вярцінскі: ) “Заходжу ў кабінэт. Ён гаворыць па тэлефоне, а потым кажа: “Дзякуй, Аркадзь Аляксандравіч, мы ўсе віншуем Вас з надыходзячым Новым годам. Перадаю слухаўку аўтару верша”. Гэта значыць, мне. І вось я чую: “Добры дзень, Анатоль! Гэта гаворыць Аркадзь Куляшоў. Зь цікавасьцю прачытаў твой верш. Малайчына! Асабліва спадабаліся радкі: Нам памагае ўбачыць Час: Тут – толькі попел, там – алмаз, Тут – зерне, там – палова, Там – пустазвонства гучных фраз. Тут – ісціннае слова.

Пачуўшы пахвалу ад самога Аркадзя Куляшова, настаўніка, любімага, паважанага паэта, які, да слова сказаць, быў ня вельмі шчодры на пахвалы, ня вельмі актыўна ўдзельнічаў у так званым “працэсе выхаваньня маладых вершатворцаў, – ды яшчэ пачуць уласныя радкі ў ягоным прамаўленьні – гэта было, вядома, для мяне падзеяй, ці не найлепшым у жыцьці калядным падарункам…

І яшчэ вось што. Тая падзея, той калядны сюрпрыз атрымалі літаральна ўчора нечаканы працяг. Пазванілі ў дзьверы. Адчыняю. “Вам пасылка”, – гаворыць паштальён. Чытаю на пасылцы: “Олекса Полейчук, Кіеў”. Здагадваюся, што гэта. Распакоўваю. Асобнікі зборніку маіх вершаў, перакладзеныя на украінскую мову пад назовам “Беларускі гадзіннік”. Прабягаю вачыма прадмову Віктара Грабоўськага. Ён параўноўвае радкі перакладу з радкамі арыгіналу. І выдзяляе якраз тыя радкі, якія працытаваў шмат гадоў таму Аркадзь Куляшоў. “Ось як гучыць цэ украіньскаю”, – піша аўтар прадмовы. І цытуе далей на ўкраінскай…

Вось сапраўды адна з тых падзеяў, якія інакш, як калядным цудам, не назавеш”.
XS
SM
MD
LG