Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сэкс і рамантычнае каханьне – як яны ўплываюць на біяхімічныя працэсы ў мозгу


Сяргей Шупа, Прага Новая перадачы сэрыі “Навіны сучаснай мэдыцыны”. Сёньня яно прысьвячаецца каханьню. Што такое каханьне? Гэта стагодзьдзямі спрабуюць высьветліць паэты і мастакі. Самі закаханыя часта ня могуць адказаць на гэтае пытаньне. Аднак усё больш і больш адказаў на яго знаходзяць навукоўцы.

Вам ня сьпіцца? Ня можаце есьці? Цэлымі днямі нічога ня можаце рабіць, апрача як сядзець і аддавацца марам? У вас усе сымптомы вострага прыступу закаханасьці. Вы, як кажуць амэрыканцы, crazy in love…

Але што такое рамантычнае каханьне і як яно ўплывае на наш мозг?

Навукоўцы пачалі знаходзіць адказы на гэтае пытаньне. І выглядае, што вялікую ролю тут адыгрывае хімія і генэтыка.

Вось, прыкладам, як мужчыны і жанчыны выбіраюць сабе партнэра. Выяўленая, што мужчынаў збольшага прывабліваюць сымэтрычныя твары. Бо сымэтрыя сьведчыць пра тое, што чалавек мае здаровыя гены – а гэта добра, каб мець здаровых дзяцей.

Перавагі, якія людзі аддаюць пры выбары твару, дасьледаваў брытанскі псыхоляг Бэн Джоўнз:

(Джоўнз: ) “Лічыцца, што сымэтрыя азначае стабільнасьць разьвіцьця, здольнасьць вырасьці здаровым індывідам. Гэта прыклад таго, што дазваляе нам выглядаць здаровымі, а значыць, прывабнымі”.

На гэтым этапе важную ролю адыгрываюць полавыя гармоны – мужчынскі тэстастэрон і жаночы эстраген. Вялікае значэньне пры выбары партнэра маюць і пахі, хоць часта мы пра гэта не здагадваемся.

Паводле некаторых дасьледаваньняў, мужчынаў і жанчын вабіць пах некага, чыя імунная сыстэма адрозьніваецца ад іхнай. Паводле іншых – жанчынам падабаюцца мужчыны, якія пахнуць як іх бацька.

Гэрэт Лэнг, прафэсар экспэрымэнтальнай фізіялёгіі ў Эдынбургу, кажа, што тут няма ніякай супярэчнасьці – усё тлумачыцца генэтычна.

(Лэнг: ) “Мы выбіраем і адчуваем цягу да тых, хто ня надта падобны да нас генэтычна, але й ня надта адрозьніваецца. Мы можам адчуваць гэтую генэтычную розьніцу праз пахі. Так што, у пэўнай ступені, мы прынюхваемся да людзей, якія нам падабаюцца, або нам падабаюцца людзі, якія адпаведна пахнуць”.

Але сэксуальная прыцягальнасьць – гэта толькі адна з выяўленых некаторымі навукоўцамі трох розных фазаў каханьня.

Яшчэ адна фаза – гэта рамантычнае каханьне.

Цяпер навукоўцы ўжо ведаюць, якія часткі мозгу актывуецца, калі нехта закахаецца. Адна зь іх зьвязаная з заахвочваньнем – мы робім нешта, таму што нам ад гэтага робіцца добра.

Навукоўцы ведаюць нават, якія менавіта хімічныя рэчывы ўдзельнічаюць у гэтым працэсе. Адно зь іх – дапамін (dopamine), які выклікае пачуцьцё прыемнасьці ад ежы, каханьня або наркотыкаў.

Яшчэ адно рэчыва – сэратанін (serotonin). Некаторыя дасьледаваньні далі надзвычайныя парадаксальныя вынікі – закаханыя людзі маюць нізкі ўзровень гэтага рэчыва – як і людзі з дэпрэсіяй або пэўнымі разумовымі хваробамі.

Усё гэта сьведчыць пра тое, што закаханыя падобныя да людзей у стане вар’яцтва або наркатычнай залежнасьці. Вось жа, можна стацца залежным і ад каханьня, addicted to love…

Вось што кажа пра гэта ўжо цытаваны намі Гэрэт Лэнг:

(Лэнг: ) “Каханьне прыносіць надзвычайнае задавальненьне; сэкс прыносіць надзвычайнае задавальненьне. Лекі, якія выклікаюць залежнасьць, выклікаюць залежнасьць менавіта таму, што яны падключаюцца якраз да гэтых каналаў, якія прыносяць нам моцныя пачуцьці прыемнасьці і задавальненьня. Таму гэтыя паралелі непазьбежныя... Вядома, мы робімся залежнымі ад пачуцьця закаханасьці, мы радуемся яму, прагнем яго, працуем на яго”.

На жаль, звычайна рамантычнае каханьне з часам прамінае.

Каб яно захавалася надаўжэй, патрэбная дапамога яшчэ двух хімічных рэчываў – вазапрэсіну (vasopressin) і аксітацыну (oxytocin). Абодва выдзяляюцца пасьля займаньня каханьнем.

Навукоўцы выявілі ролю аксітацыну ў замацаваньні прывязанасьці, назіраючы за стэпавымі палёўкамі – жывёлінкамі падобнымі да мышэй, незвычайнымі тым, што яны захоўваюць аднаго партнэра ўсё сваё жыцьцё.

Прафэсар Лэнг тлумачыць:

(Лэнг: ) “У мозгу самкі палёўкі актыўна выдзяляецца гармон аксітацын – ён у вялікай колькасьці трапляе ў мозг. І менавіта надзвычай важнае ўзьдзеяньне аксітацыну можа выклікаць пераключэньне каналаў у мозгу, якія ўплываюць на зьмену паводзінаў. У чалавека шмат аксітацыну выдзяляецца падчас полавай актыўнасьці, як у мужчынаў, гэтак і ў жанчын. Таму ёсьць падставы меркаваць,што нешта падобнае адбываецца і ў чалавека. Аксітацын паступае ў мозг і можа адыгрываць важную ролю ў замацаваньні сталай сувязі паміж партнэрамі”.

Аднак нягледзячы на відавочны прагрэс, прафэсар Лэнг лічыць, што навуцы яшчэ далёка да таго, каб раскрыць усе таямніцы каханьня. На яго думку, пакуль што паэтам гэта ўдаецца нашмат лепей.
XS
SM
MD
LG