Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Зянон Пазьняк зусім адарваўся ад беларускай рэчаіснасьці, калі прапаноўвае такія фокусы зь бюлетэнямі”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў – 26 сьнежня. Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Мікола Саскевіч: ) “Сёньня прыняў прысягу і ўсе справы новы прэзыдэнт Польшчы. Таму я віншую ўвесь польскі народ! А таксама віншую новага прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага і яго жонку Марыю Качыньскую! Наперад, Польшча, толькі наперад! Посьпехаў усяму польскаму народу! І дапаможа Польшчы пан Бог наш! Жыве Беларусь і Свабода!”

(Мікола Купава: ) “У нас цяпер дрэннага хоць адбаўляй. Але сёньня ўсё ж хачу мовіць не пра дрэннае, хаця зусім без благога абысьціся немагчыма. А сьветлыя падзеі, як жыцьцядавальныя промні сонца здараюцца ў нашым жыцьці ня так ужо і рэдка, і яны грэюць душу, нацаляюць засмаглую гістарычную памяць беларуса. Такімі промнямі сьвятла ў панстве цмока зьяўляюцца нацыянальныя сьвяты, імпрэзы, выданьні выдатнай кнігі, прачытаньне, перачытаньне любімай кнігі, альбо нават зьмяшчэньне ў газэце яркага допісу разумнага чалавека.

Сёлета выйшла з друку выдавецтва “Тэхналёгія” выдатная кніга Алеся Жлубкі “Міндаў – кароль Літовіі”. Я мяркую, што гэты фаліянт стане кнігай году. І, зразумела, гэта адно з выдатнейшых падзеяў 2005 году.

У канцы лістапада мы азначалі 75-я ўгодкі выдатнага беларускага паэта, пісьменьніка, драматурга Ўладзімера Караткевіча. Мерапрыемствы, прысьвечаныя юбілею нашага славутага літаратара, праходзілі, хочацца думаць, па ўсёй Беларусі, але самыя маштабныя сьвяткаваньні былі ў Воршы на радзіме пісьменьніка.

Я прыехаў у Воршу 25 лістапада і прывёз мастацкую выставу Беларускага зьвязу мастакоў “Зямля пад белымі крыламі”. Была на гэтых сьвяточных мерапрыемствах і журналістка беларускай службы Радыё Свабода, якая паводле свайго статуту павінна была даць поўную ўсебаковую інфармацыю.

На вялікі жаль, з інфармацыі 26-га лістапада, шаноўныя слухачы, вы амаль пра многае не даведаліся, у тым ліку і пра нашу выставу, і шмат пра што іншае. Таму мушу даць сёньня на Радыё Свабоду сваю вэрсію бачанага. Што ж адбылося на сьвяткаваньне ў Воршы 25-26 лістапада.

Я не журналіст і ня мог быць на ўсіх мерапрыемствах у горадзе, якіх праходзіла так шмат, што людзі дзіву даваліся ў шчырым захапленьні. Па-першае, 24-25 лістапада былі адчыненыя дзьве мастацкія выставы: удзельнікаў летняга пленэру, прысьвечанага Караткевічу, які праходзіў у Воршы і ваколіцах, і выстава твораў мастакоў Віцебшчыны. У гэтыя ж дні былі прэзэнтацыі кніг пра Ўладзімер Караткевіча, у тым ліку толькі што выдадзены “Быў. Ёсьць. Буду”. Два дні 25 і 26 лістапада праходзіла міжнародная навуковая канфэрэнцыя, у працы якой прымалі ўдзел, апрача навукоўцаў зь Беларусі, спэцыялісты з Варшавы, Бэрліна, Львову.

І, дарэчы, малады нямецкі дасьледнік творчасьці Караткевіча гаварыў на цудоўнай беларускай мове.

25 лістапада адбылася гарадзкая вечарына і канцэрт. А 26 лістапада ў дзень нараджэньня пісьменьніка ў 10:00 раніцы людзі сабраліся на беразе Дняпра ля помніку паэта. А затым пасьля адкрыцьця экспазыцыі ў 2-й залі музэя Ўладзімера Караткевіча і адбылося адкрыцьцё выставы твораў беларускіх мастакоў “Зямля пад белымі крыламі”. Аснову выставы ствараюць творы Арлена Кашкурэвіча, пачынальніка мастацкай караткевічыяны, Віктара Мікіты, Уладзімера Куркоўскага, Івана Пратасені, выдатных жывапісцаў Гаўрылы Вашчанкі, Анатоля Бараноўскага, акварэлі – Аўчыньнікава, Мяжуева і аўтара гэтых словаў, і іншых твораў. Усяго на выставе прадстаўлены працы 20 мастакоў і паказана 40 твораў.

Пасьля адкрыцьця выставы мы з Уладзімерам Арловым і Алегам Драбышэўскім былі запрошаны ў №3-ю гарадзкую школу, дзе вучыўся Ўладзімер Сямёнавіч, дзе я пачынаў вучобу, у якой скончыў дзьве клясы. Вучні школы паказалі спэктакль паводле твораў пісьменьніка. Гэта былі хвалюючыя хвіліны сумоўя і творчасьці юных актораў.

Іншыя госьці Воршы паехалі на сустрэчы ў іншыя школы і іншыя навучальныя ўстановы гораду, дзе таксама актыўна адзначалі юбілей Караткевіча. А яшчэ было сьвята вуліцы Караткевіча, на якой ўсталявана мэмарыяльная дошка пісьменьніка, зь якой мы даведваемся, што вуліца носіць імя народнага пісьменьнік Беларусі Ўладзімера Караткевіча”.

(Мікалай Бельскі: ) “У мяне такое пытаньне. Як хутка будуць будавацца аграгарадкі ў мусульманскіх краінах?”

(Спадар: ) “З нараджэньнем Вас Ісуса Хрыста! Са сьвятам! З Раством! Калі вось мяне пытаюць: як ты былы камуняка, а зараз вось у касьцёл ходзіш. Што з табой здарылася? Дык я адказваю, што нічога са мной ня здарылася. Я не адракаюся ад свайго матэрыялістычнага сьветаразуменьня, сьветапогляду, я проста дадаў да яго сваё новае сьветаразуменьне, тэістычны сьветапогляд, рэлігійны сьветапогляд. Чаму? Бо сярод усіх рэлігіяў, хрысьціянства бліжэй да душы чалавека і да маёй душы. Таму што прапаведуе і дабро, і не прымаюць, як кажуць, ні зло, ні подласьць, ні д’ябальшчыну”.

(Спадар: ) “Спадар Жданко, Вашая заява аб тым, што ў адрозьненьні ад беларускага радыё ў вашых перадачах могуць выказвацца людзі, якія лічацца ў розных партыях, гэта вельмі дэмакратычна. Але за гэтым, на маю думку, стаіць вашая асабістая апалітычнасьць. Я часта слухаю вашыя агляды допісаў і званкоў слухачоў. Яны большай часткай ідэйнапамяркоўныя, без глыбокага асэнсаваньня. Павучыцца бы вам гэтай справе ў Анатоля Стрэлянага. Вы, спадар Жданко, не настаўнік, а мы – ня вашыя вучні! Капайце глыбей і шырэй!”

(Бартось Марыя: ) “Пазваніла, каб павіншаваць вас з Новым годам! Жадаю вам здароўя, усяго самага найлепшага! Спакою, дабрыні і ласкі!”

(Пятро Пятровіч Баравік, Новалукомль: ) “Дарагое Радыё Свабода! Творыцца неверагоднае! Ад мяне зараз зьбегла сям’я, невядома чаму. Мяне арыштоўвалі, выпусьцілі на некалькі дзён, зноў хочуць арыштаваць ні за што. Ня краў я гэтую шапку! Я прашу палітычнага прытулку для мяне і маёй сям’і, калі я застануся жыву, калі нічога ня зробяць зь сям’ёй. Я прашу, знайдзіце дзе-небудзь мястэчка для маёй сям’і!”

(Спадар: ) “Учора Лукашэнка Аляксандар Рыгоравіч наш дарагі па тэлебачаньню абвясьціў, што вось гэты ціск, бюракратычныя выкрунтасы, гэтая страшная мутня папяровая, гэтая цяганіна – гэта, аказваецца, так трэба было, ён кажа, каб залатаць дзіркі. Якія дзіркі? Пры чым тут дзіркі? Эканомікай трэба займацца! А цяпер што? 10 год ён гэтым займаўся, а цяпер колькі год яму патрэбна, каб адкруціць вось гэта ўсё? Ці Паўлаў паперкі зьбірае. Да заўсёды ў Менску было чыста! А зараз тысячы людзей таўкуцца, паперкі па Менску зьбіраюць. А далей што? Ці мотавэлязавод возьмем. Аляксандар Рыгоравіч зноў няправільна сказаў, што гэта калісьці гонар і прыгажосьць быў рэспублікі! Нічога падобнага! Яны як выраблялі жалезкі, так і вырабляюць, нягледзячы на тое, што мір прасунуўся! Проста іх пхнулі на Расею і паўсюль, бо не было нічога іншага. Трэба хаця б асновы ведаць эканомікі.

Правільна кажуць, што калі рабы прыходзяць да ўлады, яны значна горшыя за гаспадароў. Вось у чым справа, паняцьця ня маюць людзі, чым яны займаюцца. А цяпер раскручваюць, груба крычаць адзін на аднаго і г.д. Не ў гэтым справа. Трэба ведаць, трэба адчуваць, трэба бачыць эканоміку!

Не магу маўчаць яшчэ наконт аднаго выказваньня Аляксандра Рыгоравіча, бо гэта зьяўляецца шмат дзе вызначальным. Ён кажа, што на Захадзе такі самы кавардак, як і ў нас, такая ж бюракратыя, таксама дрэнна, нават можа недзе і горш. І мы не павінны на іх раўняцца. Мы павінны быць лепей, таму вось так трэба рабіць.

Дарагі Аляксандар Рыгоравіч, які Захад вы маеце на ў вазе? Калі вы маеце на ў вазе Румынію, Баўгарыю і Польшчу, то, калі ласка, раўняйцеся на іх. А вы вазьміце Швайцарыю, Швэцыю, Нарвэгію, тую ж Нямеччыну, Францыю – вось раўняйцеся на каго! Мы і праз сто гадоў не дасягнем таго, што ў Швэцыі, Швайцарыі, Нарвэгіі ёсьць цяпер! 100-200 гадоў пройдзе, мы можа толькі падыдзем да таго ўзроўню, што зараз у Ангельшчыне. Пра што вы кажаце? Трэба іншы падыход мець. А ў нас мысьленьне 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Вось у чым бяда”.

(Спадар: ) “Раней я лічыў Зянона Станіслававіча Пазьняка дальнабачным палітыкам. А цяпер бачу, што ён зусім адарваўся ад беларускай рэчаіснасьці, калі прапаноўвае, так бы мовіць, такія фокусы з гэтымі бюлетэнямі. Ужо ж мінулы раз прапаноўваў Паганяйла нешта падобнае. І што з гэтага атрымалася?

Штаб адзінага кандыдата таксама прапаноўваў стварыць нейкі банк народнай мудрасьці. І што? Зноў пра яго нічога не чуваць. Занадта мы любім пракукарэкаць, і на гэтым усё скончыць. На мой погляд, калі што прапаноўваць, то трэба давесьці да канца і пытаць думку ў людзей.

Напрыклад, у мяне ёсьць такая ідэя. Калі Лукашэнка не баіцца і ўпэўнены, што яго падтрымлівае 70% насельніцтва, то зрабіць бюлетэнь у выглядзе такіх абвестак, якія сустракаюцца на аўтобусных прыпынках, калі зьнізу ёсьць адрыўныя квіток з нумарамі тэлефонаў. Дык вось на гэтых адрыўных квітках надрукаваць прозьвішча кандыдата. І тады б чалавек адарваў яго і кінуў у спэцыяльную скрыню, якая можа быць у наглядальнікаў.

Але перш за ўсё трэба патрабаваць ад Цэнтрвыбаркаму, каб інфармацыя была адкрыта па бюлетэням. Што я маю на ўвазе: каб было вядома, было абвешчана, колькі ўвогуле бюлетэняў надрукавана. І, па-другое, каб бюлетэнь меў нейкую ступень абароны, каб ня можна было яго так проста падрабіць”.
XS
SM
MD
LG