Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У гадавіну цунамі ў Азіі прайшлі жалобныя цырымоніі


Вячаслаў Ракіцкі, Прага У краінах Паўдзённа-Ўсходняй Азіі адбыліся жалобныя цырымоніі з нагоды гадавіны катастрафічнага цунамі, ахвярамі якога сталі болей як 220 тысяч чалавек.

Роўна год таму надзвычай магутны землятрус выклікаў гіганцкія хвалі, якія забралі жыцьці дзесяткаў тысяч чалавек з розных краін сьвету і разбурылі шматлікія гарады і паселішчы. Увесь сьвет людзі ў розных кутках сьвету з жахам глядзелі па тэлевізіі кадры, як разьюшаны акіян змывае вёскі, курортныя гарадкі разам з турыстамі і мясцовымі жыхарамі.

У эпіцэнтры катаклізму апынулася інданэзійская правінцыя Ачэ. Там загінулі прыблізна 168 тысяч чалавек. Хвалі зьнішчылі каля 600 тысяч працоўных месцаў. Сёньня там адбылася жалобная цырымонія з удзелам прэзыдэнта Інданэзіі Сусілы Бамбанга Юдаёны.

(Юдаёна: ) “Запомніце мае словы, у нас дастаткова энэргіі, жаданьня і волі, каб усё аднавіць. Мы сустракаем 2006 год з упэўненасьцю, што цалкам адновім Ачэ і Ніяс, зробім іх яшчэ лепшымі. Адно зь дзівосных наступстваў цунамі – паяднаньне сьвету. Ніколі да гэтага стыхійная катастрофа не выклікала гэтулькі спачуваньня, жаданьня дапамагчы і вялікадушнасьці”.

У часе цырымоніі сьпявалі дзеці, і іхны сьпеў выклікаў сьлёзы дарослых.

У Тайляндзе цунамі забраў жыцьці болей як 5 тысяч тайцаў і замежных турыстаў. Міністар турызму краіны Прача Малінот, які сёньня выступаў на цырымоніі на высьпе Пхукет, сказаў, што цунамі было адной з самых жахлівых катастрофаў у гісторыі чалавецтва, а для кожнага чалавека, які перажыў яе, яна мае найперш глыбокае асабістае значэньне.

(Прача: ) “Для ўсіх, хто тут сабраўся, гэты трагічны момант не зафіксуецца як другая старонка гісторыі, а застанецца глыбока ў нашых успамінах. Вось чаму мы тут, і тайцы, і замежныя госьці, якія згубілі сваіх блізкіх назаўсёды”.

На Шры-Лянцы цырымонія памяці з удзелам прэзыдэнта краіны Махінды Раджапакшы адбылася недалёка ад гораду Гале. Менавіта там хваля цунамі ў імгненьне разбурыла цягнік, і, як мяркуецца, загінулі болей за тысячу чалавек. А ўсяго ў Шры-Лянцы загінулі ці зьніклі бязь вестак каля 35 тысяч чалавек.

Вядучы жалобнага мітынгу абвясьціў, што пасьля ўдараў званоў уся краіна на знак памяці будзе маўчаць дзьве хвіліны.

У рознай ступені цунамі закранула болей як два мільёны чалавек у 13 краінах на ўзьбярэжжы Індыйскага акіяну. Прыблізна паўтары мільёны чалавек страцілі сваіх блізкіх. Хвалі нанесьлі страты болей як на 10 мільярдаў даляраў.

Землятрус, які выклікаў цунамі, адбываўся 8 хвілін. Але яго наступствы будуць адчуваць не адно пакаленьне цягам многіх дзесяцігодзьдзяў.
XS
SM
MD
LG