Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Washington Post” аналізуе палітыку Крамля адносна Беларусі і Ўкраіны


Юры Дракахруст, Прага “Высокая цана дэмакратыі” – у рэдакцыйным артыкуле пад такой назвай “Washington Post” аналізуе палітыку Крамля адносна Беларусі і Ўкраіны. Са зьместам публікацыі вас азнаёміць наш карэспандэнт.

Праз год пасьля Аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне Расея не спыняе барацьбу з пашырэньнем дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе, яе найноўшай зброяй зьяўляецца газ – піша газэта.

Журналіст распавядае пра тое, як Масква запатрабавала ад Кіева плаціць за газ у новым годзе ўтрая больш, чым раней – па 160 даляраў за тысячу кубамэтраў. Калі Украіна спрабавала дамовіцца аб паступовым падвышэньні цаны, Расея прыгразіла падняць цану яшчэ вышэй – больш за 200 даляраў, папярэдзіўшы, што ў выпадку адмовы плаціць з 1 студзеня падача газа ва Ўкраіну будзе адключаная.

“Washington Post” адзначае, што Ўладзімер Пуцін справакаваў гэты крызыс напярэдадні важных парлямэнцкіх выбараў ва Ўкраіне, якія прызначаныя на 26 сакавіка. Скачок газавых можа стаць пакараньнем для “памаранчавых” рэвалюцыянэраў.

Газэта падкрэсьлівае, што прэзыдэнт суседняй з Украінай Беларусі Аляксандар Лукашэнка ня ведае такога клопату. Ён таксама рыхтуецца да выбараў, яны прызначаныя на 19 сакавіка, аб іх раптоўным пераносе было абвешчана на наступны дзень пасьля сустрэчы з Пуціным. У адрозьненьні ад Украіны для Беларусі Расея захоўвае сёлетняю цану паставак газу – па 47 даляраў за тысячу кубамэтраў.

Паводле “Washington Post”, пасьля Аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне заходнія лідэры спадзяваліся, што Беларусь можа стаць наступнай : Джордж Буш публічна назваў Беларусь “апошняй дыктатурай Эўропы”, Кангрэс ЗША і Эўразьвяз ухвалілі праграмы падтрымкі дэмакратыі ў гэтай краіне. Аднак потым увага да Беларусі заходніх урадаў зьменшылася. Але ня зьменшылася ўвага Пуціна. Ён па-ранейшаму лічыць Аранжавую рэвалюцыю ва Ўкраіне вынікам змовы заходніх спэцслужбаў, сёлета ён прыклаў вялікія намаганьні, каб спыніць падобныя рухі ў Эўразіі і прадухіліць падобнае разьвіцьцё падзеяў у Расеі.

Сакавік можа стаць важным этапам у гэтай контррэвалюцыі : напачатку пераабраньне Лукашэнкі, які, можна быць упэўненым, скарыстаецца падманам і ўжыве сілу, праз тыдзень выбары ва Ўкраіне, што могуць значна аслабіць дэмакратычныя сілы, якія летась Пуцін беспасьпяхова спрабаваў перамагчы – піша “Washington Post”.

Ці паўстане Захад на абарону дэмакратыі ў Беларусі і ва Ўкраіне? – задае пытаньне газэта і адзначае, што пакуль прыкметаў гэтага амаль ня бачна. Эўразьвяз адклаў пачатак пашырэньня замежнага вяшчаньня на Беларусь. Міністар замежных справаў Польшчы Стэфан Мелер падчас візыту ў ЗША абмяркоўваў зь дзяржсакратаром Кандалізай Райс сытуацыю ва Ўкраіне ў сувязі з павялічэньнем газавых цэнаў, аднак ніякай дамоўленасьці пра сумесныя дзеяньні дасягнута не было.

Шмат хто у адміністрацыі Буша не гатовы рэагаваць і нават прызнаваць, што агрэсіўная палітыка Пуціна падрывае прадэмакратычную палітыку Буша – адзначае “Washington Post” і дадае – пакуль захоўваецца апатыя Злучаных Штатаў, цана, выстаўленая Пуціным, працягвае расьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG