Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што чакае беларускую эканоміку ў 2006 годзе?


Юлія Шарова, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

Сёлета ў Беларусі, мяркуючы па афіцыйных зьвестках, дасягнуты значны эканамічны рост. Што стаіць за “беларускім эканамічным цудам”, і чаго варта чакаць эканоміцы Беларусі ў наступным годзе? Гэтую тэму абмяркоўваюць экспэрт дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі й мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык і аглядальніца штотыднёвіка “Белорусы и рынок” Тацяна Манёнак.

(Юлія Шарова: ) “Амаль два месяцы таму, на паседжаньні ўраду, дзе абмяркоўвалі праект сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны на 2006 год, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па выніках гэтага году ВУП павінен узрасьці на 10%. І хоць урадоўцы лічаць такую задачу даволі складанай, але запэўніваюць, што загад кіраўніка краіны будзе выкананы. Некаторыя незалежныя экспэрты схільныя лічыць, што чыноўнікі будуць папросту маніпуляваць лічбамі, а сапраўднага росту быць ня можа. Як вы лічыце, Аляксандар, ці можна казаць пра сапраўдны эканамічны рост у Беларусі?”

(Аляксандар Чубрык: ) “Канстатаваць эканамічны рост у Беларусі, відавочна, можна, але ж я ня думаю, што ён адпавядае тым лічбам, якія ў нас рэгіструюцца афіцыйнай статыстыкай. Калі вы паглядзіце на дынаміку росту ВУП сёлета, то там відаць, што ад пачатку году да жніўня тэмпы росту ВУП зьніжаліся. І калі стала відавочна, што ў трэцім квартале ня будзе выкананы плян, то адразу ж тэмпы росту ўзрасьлі. Гэта было відаць толькі ў адным месяцы. І цяпер па выніках адзінаццаці месяцаў яны дасягнулі амаль 9%. Верагодна, што нейкія маніпуляцыі зь лічбамі робяцца, але я б не сказаў, што іх робяць чыноўнікі. Я мяркую, што гэта робіцца на ўзроўні прадпрыемстваў”.

(Шарова: ) “Тым ня менш, можна сказаць, што беларуская эканоміка не стаіць на месцы, а ўсё ж расьце? Можа быць, не такімі тэмпамі, якія падае ўрад у сваіх справаздачах?”

(Чубрык: ) “Гледзячы, якія галіны браць. Відавочна, што, напрыклад, у нафтаперапрацоўцы ў першай палове году быў даволі значны рост, вытворчасьць харчоў таксама расла даволі хутка. Але ж, напрыклад, на тым жа гадзіньнікавым заводзе на складах былі запасы недзе каля гадавога аб’ёму вытворчасьці. Уся эканоміка, канечне, расьце, аднак вам ніхто ня скажа праўды, якімі тэмпамі”.

(Шарова: ) “Наколькі эканамічны рост сёлета залежыць ад коштаў на энэрганосьбіты? Як вядома, расейскі газ для Беларусі застаецца параўнальна танным, як і расейская сырая нафта, якую тут актыўна перапрацоўваюць і прадаюць на Захад ужо ў выглядзе нафтапрадуктаў”.

(Тацяна Манёнак: ) “Танныя энэрганосьбіты для Беларусі — канкурэнтны козыр. Сапраўды, мы бачым, што два гады запар Расея дастаўляе нам прыродны газ за той жа кошт. Да таго ж, трэба мець на ўвазе, што мы атрымалі крэдыт пад тое ўскоснае падаражаньне прыроднага газу ў сувязі з новым прынцыпам спагнаньня ПДВ. Таму Беларусь у параўнаньні з суседнімі краінамі выглядае вельмі выйгрышна. Мы ведаем, за якую цану краіны Балтыі атрымліваюць прыродны газ, тая ж суседняя Польшча. Гэта дае магчымасьць беларускаму ўраду рабіць нейкія прэфэрэнцыі для шмат якіх прадпрыемстваў.

Зь іншага боку, мы бачым, што сёньня нафтапрадукты робяцца адным з прыярытэтных экспартных прадуктаў для Беларусі. Кошт нафты ўвесь час на ўсясьветных рынках узрастае. Для Беларусі расейскія кампаніі дастаўляюць нафту больш танна. Гэта для іх вельмі выгадна: рэч у тым, што Беларусь павінна ўзгадняць памер мыта з Расеяй і зьмяняць яго адначасова. Аднак беларускі ўрад паставіў сябе такім чынам, што вось гэтае мыта ўзрастае крыху пазьней, і таму гэты лаг, які ствараецца, стымулюе расейскія кампаніі дастаўляць нафту, перапрацоўваць тут і з выгадай прадаваць. Хоць гэтыя нафтапрадукты ўжо лічацца беларускай прадукцыяй.

Хацелася б зьвярнуць увагу яшчэ на адзін прадукт — гэта мінэральныя ўгнаеньні, калійныя ўгнаеньні найперш. Каньюнктура склалася вельмі прымальная для Беларусі, кошт увесь час расьце. Сёлета мы атрымаем блізу 500 мільёнаў даляраў дадаткова — паводле аптымістычных ацэнак”.

(Шарова: ) “Хоць каньюнктура застаецца спрыяльнай, тэмпы росту пакрысе запавольваюцца. Летась ВУП узрос на 11%, сёлета будзе ў межах 10%, на наступны год прагназуюць 7—8%. Нават урад чакае таго, што эканамічны рост ня будзе такім шпаркім, як сёлета ці летась. Чаму запавольваюцца тэмпы эканамічнага росту?”

(Чубрык: ) “Нават наш урад разумее, што ніякіх фактараў дзеля таго, каб ВУП рос такімі тэмпамі, няма. Напрыклад, калі паглядзець на праграму сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2006—2010 гады, там можна ўбачыць, што разглядаліся тры варыянты разьвіцьця эканомікі краіны на гэтыя пяць гадоў. Першы варыянт — аптымістычны, другі — рэалістычны, трэці — захаваньне нейкага статус-кво. І вось урад спыніўся, канечне, на рэалістычным сцэнары. Згодна нават з рэалістычным сцэнаром, у нас ня будзе амаль ніякіх вонкавых крыніцаў інвэстыцыяў. Нават урад разумее, што ў тых палітычных і эканамічных умовах, якія створаныя ў краіне, замежныя інвэстары сюды ня пойдуць. Таму яны і закладаюць зьмяншэньне тэмпаў росту ВУП, бо няма на што спадзявацца, няма ніякіх асаблівых крыніцаў фінансаваньня”.

(Манёнак: ) “Мне падаецца, трэба таксама зьвярнуць увагу на агульную сытуацыю, якая складваецца для беларускіх прадпрыемстваў. Калі пагутарыць з дырэктарамі тых самых прадпрыемстваў, яны разумеюць, што з гэтай эканомікі выцягнуць яшчэ нешта большае за тое, што яны ўжо выцягнулі, вельмі складана.

Зусім нядаўна была прэсавая канфэрэнцыя наконт сытуацыі ў кандытарскай прамысловасьці. Нават адказны чыноўнік з канцэрну ня мог схаваць сваёй занепакоенасьці. Ён казаў, што канкурэнцыя ўзрастае, што расейскія і ўкраінскія холдынгі маюць вельмі вялікія інвэстыцыі. Яны канкуруюць ня толькі на сваіх рынках, але і на беларускім, і вельмі цяжка будзе айчынным прадпрыемствам, калі яшчэ мець на ўвазе тое, што Расея і Ўкраіна імкнуцца далучыцца да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. Рынкі адчыняцца яшчэ для кітайскага тавару”.

(Шарова: ) “Можна сказаць, што беларуская эканоміка і надалей будзе расьці, разьвівацца, але вельмі непрапарцыйна?”

(Чубрык: ) “Разьвівацца яна ня будзе, а расьці будзе. Але ж я ня думаю нават, што яна будзе расьці рэальна тымі ж тэмпамі, якія закладзеныя ў праграму сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця. Тут я б дадаў да таго, што сказала Тацяна: цяпер вельмі для нас складаная сытуацыя склалася на расейскім рынку. Традыцыйныя пакупнікі нашай прадукцыі, таго ж самага машынабудаваньня, цяпер зьменшылі імпарт прадукцыі зь Беларусі. Гэта ня толькі з тае прычыны, што мы перайшлі на новы прынцып спагнаньня ПДВ.

У расейскай эканоміцы цяпер адбываюцца структурныя зьмены. Там цяпер агулам павялічваюцца інвэстыцыі. А вось традыцыйныя пакупнікі беларускай прадукцыі зьмяншаюць інвэстыцыі. Такім чынам, мы бачым, што ў такіх галінах расейскай эканомікі, якія найбуйнейшыя, у якіх найболей грошай, робяцца інавацыі. Працуюць ня коштам тых старых савецкіх тэхналёгіяў, якія цяпер выкарыстоўваюць у беларускай прамысловасьці, а коштам новых тэхналёгіяў. Расейскія кампаніі разумеюць, што ім стане вельмі складана, калі пачнецца больш жорсткая канкурэнцыя з кітайскімі вытворцамі.

Сёлета, канечне, наш урад і многія эканамісты ўсё сьпісваюць на ПДВ, на гэтыя зьмены. Але ж больш доўгатэрміновы фактар — структурныя зьмены ў расейскай эканоміцы. Канкурэнцыя на ўнутраным рынку — тут, вядома ж, урад здолее нешта зрабіць коштам абмежаваньняў розных на імпарт, наўпроставых і ўскосных. А замежныя рынкі для нас будуць больш і больш вузкія, таму я мяркую, што пэрспэктываў у беларускай эканомікі вельмі мала. Нам патрэбныя рэформы, бо мы папросту губляем час”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG