Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК: Скрабец можа весьці прэзыдэнцкую кампанію з-за кратаў


Паводле “Інтэрфакс” Былы дэпутат палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец, падазраваны ва ўчыненьні эканамічных злачынстваў, мае права ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі 2006 году. Пра гэта заявіў сёньня сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік.

Ён патлумачыў, што Скрабец мае права балятавацца на прэзыдэнта, паколькі цяпер знаходзіцца пад сьледзтвам, але ня мае непагашанай судзімасьці.

Спадар Лазавік дадаў, што калі ініцыятыўная група Сяргея Скрабца была сфармаваная ў адпаведнасьці з заканадаўствам, яна будзе зарэгістраваная. Аднак калі падчас выбарчай кампаніі ўступіць у дзеяньне прысуд адносна Скрабца, то ЦВК будзе вымушаная скасаваць рэгістрацыю ягонай ініцыятыўнай групы ці рэгістрацыі самога Скрабца ў якасьці кандыдата на прэзыдэнта, у выпадку калі ён будзе зарэгістраваны.

Сакратар ЦВК выказаў меркаваньне, што ў сувязі са сьціслымі тэрмінамі выбарчай кампаніі наўрад ці рашэньне суду ўступіць у дзеяньне падчас яе.

Мікалай Лазавік паведаміў, што калі такі кандыдат пераможа на выбарах, а рашэньне суду адносна яго ўступіць у дзеяньне, то выбары давядзецца скасаваць.

Нагадаем, што ініцыятыўная група Сяргея Скрабца – самая малалікая. У яе складзе 148 чалавек.
XS
SM
MD
LG