Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Каляды і Новы год нам сёлета сапсавалі палітыкі”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

За вокнамі раньні сьнежаньскі змрок і марозная цішыня, а ў хатах і кватэрах — смалісты водар нядаўна прынесеных ялінак, шчодрыя сталы з пакладзеным пад абрусы сенам і — сьвяточны настрой. Дзіцячае чаканьне цуду, прадчуваньне казкі, спадзяваньне на незвычайнае, усё гэта — Каляды, якія сёньня ў Беларусі сьвяткуюць сотні тысяч людзей. Ці выпадкова, што якраз на гэтыя некалькі сьвяточных тыдняў у Беларусі прыпаў пачатак выбарчай кампаніі. І як да гэтага ставяцца людзі? Аўтар аднаго зь лістоў на гэтую тэму — Сяргей Дубко з Горадні:

“Каляды і Новы год нам сёлета сапсавалі палітыкі. Якое можа быць сьвята, калі пачынаецца гэта валтузьня з выбарамі? Зрэшты, думаю, што большасьць людзей усё ж аддасьць перавагу сьвяткаваньням і адпачынку, а не палітыцы і зборшчыкам подпісаў. А палітыкі маглі б і пачакаць, пакуль людзі працьверазеюць і захочуць удзельнічаць у гэтых гульнях. А адбыцца гэта можа не раней, чым настане вясна”.

Думаю, спадар Дубко, разважаючы на гэтую тэму, важна ўлічваць, каму належыць ініцыятыва распачаць выбарчую кампанію акурат напярэдадні гэтых працяглых сьвятаў; хто прымаў такое рашэньне і каму яно выгаднае. Ну, а як ставіцца да зборшчыкаў подпісаў і ўвогуле да кандыдатаў і да выбараў — справа асабістая. Калі толькі не забываць, што сьвяты вельмі хутка канчаюцца, а вось палітыкі, якіх самі людзі прыводзяць да ўлады, разьвітвацца потым з гэтай уладай не жадаюць часам нават на працягу дзесяцігодзьдзяў.

Электронны ліст ад Яўгена Александровіча зь Менску. Слухач піша:

“Як ні старалася дэмакратычная апазыцыя, усё роўна адміністрацыя прэзыдэнта засьпела іх зьнянацку. І застаўся ўсяго тыдзень на падрыхтоўку сьпісаў ініцыятыўных групаў. Баюся, што Казулін не пасьпее скласьці альтэрнатыву Мілінкевічу, нават калі захоча яму перашкодзіць. У нас цяпер палітыка — справа небясьпечная. Асабліва, калі кантактуеш з замежнікамі. Сказаў, што ў краіне парушаюцца правы чалавека — і адразу на нары. Хіба нехта сумняецца, што наш самы сумленны суд адразу прызнае, што гэта была “заведамая хлусьня”? І нават той факт, што Камітэт правоў чалавека ААН заклікаў Беларусь спыніць парушэньне грамадзянскіх правоў — не апраўданьне. Нешта холадна стала ў нашай краіне. Палітычна холадна. Вынік выбараў відавочны”.

Далей у сваім лісьце на “Свабоду” Яўген Александровіч зь Менску разважае пра тое, ці гатовыя да прэзыдэнцкіх выбараў дэмакратычныя палітыкі:

“Кепска, што ў лягеры дэмсілаў такі разлад. Мілінкевіч, здаецца, адзіны, але Казулін, Пазьняк, Фралоў ды іншыя таксама маюць прэзыдэнцкія амбіцыі. Самая анэкдатычная сытуацыя з Пазьняком. Я з павагай стаўлюся да гэтага палітыка, але няўжо ягоныя тутэйшыя аднадумцы ня бачаць, што згодна зь дзейнай Канстытуцыяй яго ніколі не зарэгіструюць кандыдатам? Ён жа ўжо дзевяць гадоў не жыве ў Беларусі.

Калі б не Лукашэнка, дык няхай бы дэмакратычныя сілы спаборнічалі паміж сабой да зьнямогі. Але ж у нас няма дэмакратыі! У гэтай сувязі згадваецца анэкдот часу перабудовачнага дэфіцыту тавараў: “Прадпрыемства вырабіць на замову мыльніцы любых формаў і відаў”. Гумар быў у тым, што мыла днём з агнём нельга было знайсьці. Ці яшчэ такое параўнаньне: дом загарэўся, ратавацца трэба, а гаспадары ўсчалі спрэчку — якія чаравікі лепш абуць”.

Пра ўласныя прэзыдэнцкія амбіцыі цягам апошніх гадоў яўна ці прыхавана заяўлялі каля дзясятка розных палітыкаў — прычым, пераважна дэмакратычных поглядаў. Ці магло быць па-іншаму? Ці варта ўвогуле разьлічваць на тое, што дэмакратычныя сілы ад самага пачатку распачнуць выбарчую кампанію згуртаванай калёнай з адзіным кандыдатам? Згадайце, спадар Александровіч, выбары 1994 і 2001 гадоў. Тады таксама існавала ўсьведамленьне таго, наколькі небясьпечна раздрабленьне сілаў. І таксама гучала шмат заклікаў аб’ядноўвацца і адмаўляцца ад палітычных амбіцыяў. Але ніякага заўважнага плёну тыя заклікі не прынесьлі. І наўрад ці прынясуць цяпер.

Ад асабістых амбіцыяў палітыкі, як правіла, адмаўляюцца толькі тады, калі ў іх зьнікаюць усялякія шанцы на посьпех. У сёньняшняй беларускай сытуацыі гэтае працьверазеньне, відаць па ўсім, адбудзецца рана: большасьць патэнцыйных кандыдатаў наўрад ці здолее набраць неабходныя для вылучэньня сто тысяч подпісаў. Асэнсаваньне ўласнай беспэрспэктыўнасьці да некаторых прыйшло ўжо на этапе фармаваньня ініцыятыўных групаў. Бо набраць людзей у такія групы сёньня, калі любая палітычная дзейнасьць можа скончыцца для чалавека стратай працоўнага месца — надзвычай праблематычна.

На тэму выбараў і ліст ад Васіля Валошкі з пасёлка Радашкавічы Маладэчанскага раёну:

“Хачу зьвярнуцца да Зянона Пазьняка, каб ён не выстаўляў сваю кандыдатуру. Бо тыя 10—15%, якія ўлада адпусьціць для сваіх апанэнтаў, спадарыні Ярмошынай у гэтым выпадку давядзецца дзяліць ужо не на дваіх (Гайдукевіча і Мілінкевіча), а і на вас, спадар Пазьняк. А вы, напэўна, не валодаеце нашай сытуацыяй, альбо ў вас захаваліся амбіцыі, пры якіх вас задаволяць некалькі працэнтаў галасоў (думаю, ня больш за пяць)”.

Далей у сваім лісьце Васіль Валошка параўноўвае ролі, якія могуць выканаць у гэтай выбарчай кампаніі Сяргей Гайдукевіч і Зянон Пазьняк:

“Калі Гайдукевіч, выглядае, сьвядома гуляе на карысьць улады, то роля Пазьняка можа аказацца аналягічнай, хоць сам ён гэтага і не жадае. І тут хочацца зьвярнуцца да вас, шаноўныя супрацоўнікі “Свабоды”. Чаму вы ўвесь час агучваеце інтэрвію з Гайдукевічам? Вы ж гэтым псуеце сваю рэпутацыю. А другое: паглядзіце, як хітра паступае ўлада зь Мілінкевічам. Яго ж у афіцыйных СМІ ўвогуле не існуе. Значыць, асноўная частка насельніцтва нават ня ведае, што такі палітык існуе”.

Радыё Свабода, спадар Валошка, захоўвае незалежнасьць ад любых палітычных партыяў і плыняў. Таму ў нашым эфіры гучаць і Аляксандар Лукашэнка, і Зянон Пазьняк, і Аляксандар Мілінкевіч, і Сяргей Гайдукевіч. Што да дэпутата Гайдукевіча, то ён адзін зь нямногіх у цяперашняй Палаце прадстаўнікоў, хто адважваецца кантактаваць з журналістамі і камэнтаваць тое, што адбываецца ў Авальнай залі Дому ўраду. Менавіта з гэтай прычыны мы нярэдка і зьвяртаемся да яго па камэнтары і па інфармацыю. Што да ягонай палітычнай біяграфіі і пазыцыі, то гэта — асобная тэма. Наконт яе ў нашым эфіры ня раз выказваліся розныя палітыкі і экспэрты. Незалежна ад ацэнак і папрокаў, якія гучаць на ягоны адрас, мы ня лічым патрэбным пераймаць досьвед дзяржаўных СМІ і замоўчваць дзейнасьць яго ці іншых палітыкаў.

Урывак зь ліста Ўладзіслава Жыгалкі зь Менску. Слухач зьвярнуў увагу на адну зь перадачаў “Маладыя галасы”, у якой прагучала меркаваньне, што ў Беларусі моладзі цяжка рэалізаваць свае магчымасьці. Уладзіслаў Жыгалка з нагоды пачутага піша:

“Так, на ўсіх працах, дзе мне самому давялося быць, чалавек ёсьць толькі вінцікам, ці, што яшчэ горш — гэткай своеасаблівай батарэйкай. Канечне, калі зарабляць вялікія грошы, то можна аднавіць сябе, заставацца асобай. Але, на жаль, ніхто і нідзе ў Беларусі не жадае плаціць высокага заробку. Таму кожны чалавек паасобку і ўсё грамадзтва ў цэлым дэградуе. Гэта ўсім відаць. Асабіста мне прыкра было чытаць нядаўна ў “Нашай Ніве” наступнае выказваньне рэжысэра Мікалая Пінігіна: “Нармальны мужчына, які хоча мець сям’ю, ня пойдзе рабіць на сто даляраў у месяц”. Пойдзе, спадар Мікалай, яшчэ як пойдзе! А куды падзецца? Якраз на гэтым і базуецца палітыка, скіраваная на тое, каб задушыць апазыцыю, трымаць яе на галодным пайку. Няўжо вы гэтага не зразумелі? А калі рыпнесься на працу, дзе быццам бы мог зарабіць — на будоўлю, у міліцыю, у палітыку — зробяць інвалідам. Не, лепш ужо сто даляраў”.

Не пагаджуся з вамі, спадар Жыгалка, усё ж ёсьць сёньня магчымасьці зарабляць значна больш, чым сто даляраў — нават у тых людзей, якія ня хочуць падладжвацца пад уладу і не баяцца выказваюць свае палітычныя погляды. Найперш гэта сфэра дробнага гандлю, прадпрымальніцтва. Людзі гандлююць на рынках, адкрываюць уласныя майстэрні і кавярні, працуюць у аўтасэрвісе і прыватных цырульнях, шыюць і рамантуюць адзеньне… Нягледзячы на ўсе перашкоды, прыватная прадпрымальнасьць на кожным кроку дэманструе перавагу над дзяржаўнай абыякавасьцю чыноўнікаў-распарадчыкаў… Вядома, гэта цяжкая праца і высокая адказнасьць, галаўны боль, рызыка, а часам і няўдачы. Але адначасова гэта і незалежнасьць, і пэрспэктыва. І дабрабыт, зароблены ўласнымі рукамі і розумам.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Перадача “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG