Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка выказаў свае меркаваньні пра выбары “Российской газете”


Радыё Свабода Аляксандар Лукашэнка сьцьвярджае, што быў прыхільнікам правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у ліпені 2006 года. Пра гэта ён заявіў сёньня ў інтэрвію “Российской газете”.

Лукашэнка падкрэсьліў, што прызначэньне даты выбараў прайшло паводле Канстытуцыі. Ён сказаў, што сакавік – больш свабодны час для выбарнікаў.

Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаваньне, што прадстаўнікі апазыцыі “у прынцыпе не гатовыя кіраваць краінай, а выбары для іх – гэта спроба зарабіць грошы”.

“Гэта іх бізнэс. Крыніца – Захад і некаторыя расейскія алігархі. Зараз Украіна дапамагае, краіны Балтыі, Польшча”, – заявіў Лукашэнка.

Ён сказаў у інтэрвію “Российской газете”, што падчас прэзыдэнцтва «”крамя працы нічога ня бачыў”. “З асабістага пункту гледжаньня, як у спартоўцаў, трэба было б своечасова сысьці. Але з другога боку, эліта адразу зразумее, а народ адчуе: зьбег. Я не павінен так паступаць”, – сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Падчас інтэрвію органу расейскага ўраду ён заявіў, што Беларусь – адзіны шчыры саюзьнік Расеі, які ніколі ёй ня здраджваў. Лукашэнка таксама выказаў перакананьне, што цяперашняя цана за расейскі газ – 47 даляраў за тысячу кубакмэтраў, якая застаецца і на наступны год зьяўляецца абгрунтаванай.

Паводле яго, “калі Ўкраіна гаворыць аб ўсясьветнай цане на транзыт газу, то, зразумела, і цана на газ павінна быць для яе вышэйшая”.

Акрамя таго, Лукашэнка падкрэсьліў, што Ўкраіна заявіла аб жаданьні ўступіць у НАТО. “Гэта азначае ўзбраеньне паводле натаўскіх стандартах. Значыць, уся абаронная прамысловасьць, у якой удзельнічала Расея, будзе зьнішчана, што прынясе ёй вялізныя страты”.

Як падкрэсьліў кіраўнік Беларусі, Беларусь займае больш радыкальную пазыцыю ў адносінах да НАТО, чым Расея. "Мы сёньня з расейцамі распрацоўваем новую зброю, і калі закупляем узбраеньне, то толькі ў Расеі" – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён выказаў перакананьне, што як толькі Беларусь, як сёньня Ўкраіна, “павярнула б у Эўропу, яе лічылі б самай дэмакратычнай дзяржавай”.

Лукашэнка таксама адзначыў, што “як грамадзянін і прэзыдэнт хацеў бы, каб у выбарах удзельнічалі ўсе, хто пажадае”. “Хай удзельнічаюць усе” – заявіў ён, нагадаўшы пра Зянона Пазьняка, “які ўжо 9 гадоў не жыве ў краіне”.
XS
SM
MD
LG