Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

26 сьнежня 1937 году чэкісты расстралялі Антона Ждановіча і Мікалая Касьпяровіча


RFE/RL Каляндар Свабоды

Спачатку – каляндар учорашняе нядзелі.

25 сьнежня ўсе беларусы-хрысьціяне, апроч праваслаўных, сьвяткавалі Нараджэньне Хрыстова. Вернікі Беларускага экзархату Расейскае праваслаўнае царквы адзначаць Хрыстовыя Народзіны пасьля Новага году. Што да Калядаў 25 сьнежня, дык гэтая дата стала важнай і для беларускай палітычнай гісторыі.

Менавіта ў такі дзень у 1979 годзе ў цэнтры Менску міліцыя разагнала першую Калядную працэсію, якую наладзілі студэнты зь Беларускай Майстроўні – арганізацыі, што стане пачаткам усяго арганізаванага адраджэнскага руху ў паваеннай Беларусі.

А 25 сьнежня 1991 году незалежная Беларусь была прызнаная найбуйнейшымі краінамі сьвету на чале з ЗША. «З майго гледзішча, -- сказаў неяк былы Старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, -- нацыянальная гісторыя Беларусі пачалася менавіта ў гэты дзень».

25 сьнежня 1891 году ў Вішневе на Валожыншчыне нарадзілася Ўладзіслава Луцэвіч, жонка Янкі Купалы. Згадаем таксама дзьвюх народны артыстак Беларусі, што прыйшлі на сьвет 25 сьнежня: у 1918-м нарадзілася Зінаіда Канапелька, а ў 1936-м – Ліля Давідовіч.

Цяпер – сёньняшні каляндар.

26 сьнежня 1926 году выйшаў на экраны першы беларускі мастацкі фільм “Лясная быль”. Зьняў яго кінарэжысэр Юры Тарыч паводле аповесьці Міхася Чарота “Сьвінапас”. Цікава, што рабіліся першыя беларускія фільмы ў Расеі, у тагачасным Ленінградзе – па-беларуску. Калі ж кінастудыя перабралася ў Беларусь, у Менск, фільмы пачалі здымаць і цяпер здымаюць пераважна па-расейску.

26 сьнежня 1937 году ў Менску НКВД расстрэльвае двух дзеячоў беларускага адраджэньня: актора Антона Ждановіча, які з 1917 году граў у вандроўных тэатральных трупах, а пасьля ў Белдзяржтэатры-1 пад псэўданімам Антук Крыніца, і этнографа і мовазнаўцу Мікалая Касьпяровіча, які быў адным з галоўных завадатараў краязнаўчага руху ў БССР 20-х гадоў.

26 сьнежня ў розныя гады прыйшлі на сьвет кампазытар, народны артыст Беларусі Яўген Цікоцкі – заснавальнік жанраў опэры і сымфоніі ў беларускай савецкай музыцы і кітайскі камуністычны кіраўнік Мао Цзэдун.
XS
SM
MD
LG