Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты Палаты хочуць, каб дзяржава аплачавала іх размовы па мабільных


Іна Студзінская, Менск Агляд недзяржаўнай прэсы 26 сьнежня

“Народная Воля” публікуе артыкул “Ці павесяць у Палаце Прадстаўнікоў партрэт Сямёна Шарэцкага?” На апошнім пленарным паседжаньні дэпутат Мікалай Дубовік запатрабаваў, каб парлямэнтарам кампэнсавалі частку выдаткаў на мабільныя тэлефоны, а Валянціна Качан заклікала “паважаць гісторыю” і зрабіць у фае Авальнай залі галерэю партрэтаў усіх сьпікераў парлямэнту.

“Падман i паўпраўда на Беларускiм тэлебачаньнi аб выдачы вiз у пасольствах краiн Эўразьвязу ствараюць няўпэўненасьць i падрываюць нашы намаганьнi, ськiраваныя на паляпшэньне нямецка-беларускiх стасункаў” - такую заяву зрабiў пасол Нямеччыны ў Менску Марцiн Хэкер. Матэрыял у “Народнай Волі” зьмешчаны пад рубрыкай “Анатомія хлусьні”.

Напярэдадні году сабакі карэспандэнт маладэчанскай “Рэгіянальнай газэты” Сяргей Зянько зьездзіў у кіналягічны цэнтар Смаргонскага памежнага атраду, аналягаў якога няма на постсавецкай прасторы. Рэпартаж называецца "Каб сабака стаў сябрам".

(Зянько: ) "Я спытаўся, што прынясе Год Сабакі ўласна самім сабакам. Жанна Мамонава, інструктар-кіноляг сказала, што апасаецца, што можа стаць больш бадзяжных сабак. Бо ў год сабакі пачнуць дарыць жывых істотаў, нагуляюцца, а потым будуць выкідаць на вуліцу. Калі ўжо чалавек вырашыў купіць сабаку, то яна дае парады, як яго выхоўваць".

Дарэчы, менавіта з дапамогай службовай сабакі 19 сьнежня ў аўтобусе, які йшоў з Літвы, пад сядзеньнем была знойдзена партыя псыхатропных таблетак "экстэзі", паведамляе маладэчанская "Рэгіянальная газэта".

Тыднёвік “Белорусы и рынок” робіць выснову, што прадпрыемствы робяцца ўсё больш залежнымі ад дзяржаўных датацыяў, а ўлады імкнуцца да ўзмацнентня дзяржаўнага ўплыву і кантролю ў сфэры вытворчасьці. “Аддзяленьне ўласнасьці ад адказнасьці” называецца матэрыял Ірыны Крыловіч.

Першамайскі раённы суд Віцебску вынес рашэньне на карысьць Паўла Левінава, які патрабаваў ад камунальнікаў прыбіраць ягоны пад''езд з пэрыядычнасьцю, вызначанай заканадаўствам, паведамляе "Витебский курьер". Судовае рашэньне ўступіла ў сілу 17 сьнежня, але дагэтуль пад''езды не прыбіраюць. Паколькі рашэньне суду праігнаравана, Левінаў мае намер падаць новы пазоў.
XS
SM
MD
LG