Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – апошні дзень падпіскі на газэты наступнага году


Вячаслаў Кулік, Менск Як недзяржаўныя выданьні выходзяць з таго становішча, у якім апынуліся? Пра папярэднія вынікі гэтай кампаніі паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода.

Упершыню, бадай, дзяржаўнае прадпрыемства “Белпошта” страціла манаполію на падпіску газэт. Наўмысна выкінутыя з каталёгу будучага году недзяржаўныя выданьні даюць зарабіць іншым пасярэднікам. Расказвае рэдактар рэгіянальнай газэты “Борисовские новости» Анатоль Букас.

(Букас: ) «Я, па-першае, валантэраў адправіў – зьбіраюць цяпер падпіску. Плюс аб’явіў падпіску праз банкі. Заходзіць чалавек, бярэ паведамленьне, занатоўвае яго і аддае апэратару – разавы плацёж. Яны ня маюць права яго не прыняць. Бяруць камісійныя: ад 0,5 да 2 працэнтаў”.

З Барысава паведаміў Анатоль Букас. Таксама на Меншчыне вядзе падпіску “Рэгіянальная газэта”, якую рэдагуе Аляксандр Манцэвіч.

(Манцэвіч: ) “Падпісваюцца людзі. Я мяркую, што на ранейшым узроўні будзе тыраж у Вілейцы, Валожыне, Мядзелі, Маладэчна.

Пра сытуацыю на Берасьцейшчыне гутарым з намесьнікам рэдактара выдавецкага дому “Intex-press” Алесем Белым.

(Белы: ) “Людзі ідуць да нас. Складаем дамову куплі-продажу паводле якой мы будзем дастаўляць газэту да людзей дахаты”.

А ці ёсьць у вашых супрацоўнікаў жаданьне перайсьці ў іншае – дзяржаўнае – выданьне?

(Белы: ) “За ўсіх гаварыць ня хачу. Асабіста ў мяне такога жаданьня няма і ня будзе. У гэтым я перакананы”.

Паслухаем таксама выдаўцоў дзяржаўнага друку. На сувязі – рэдактар газэты “7 дзён” Віктар Чыкін.

(Карэспандэнт: ) “Віктар Валянцінавіч! Скажыце, калі ласка, як зь падпіскай справы?”

(Чыкін: ) “А хто яго ведае! Дзесьці будзе трыццаць з хвастом. Апошнія гады мы на гэтым узроўні”.

Малы таксама наклад цяпер у “Народнай газэты”. Выправіць справу закліканы новы рэдактар выданьня Уладзімер Андрыевіч. Да яго пытаньне.

(Карэспандэнт: ) “Радуе Вас ці засмучае падпіска?”

(Андрыевіч: ) “Радуе... Вас задаволіць гэты адказ ці не? Усё тады”.

Тэлефаную прафэсару Івану Сачанку. Запытваю ў настаўніка беларускіх журналістаў, чаму буксуе падпіска на дзяржаўныя газэты.

(Саўчанка: ) “На вялікі жаль, газэты канцэнтруюць увагу на сталіцы. А вось геаграфія абласьцей прадстаўлена заўжды скупа, на мой погляд”.

(Карэспандэнт: ) “А, магчыма, таму мала інфармацыі зь правінцыі таму, што, як гаворыцца, чым далей у лес, тым больш дроў – гэта значыць праблемаў”.

(Саўчанка: ) “А праблемы вельмі цікавяць, як жа. Бачым іншы раз тое-сее, а ў асноўным Менск, Менск, Менск...”

Прафэсар мае рацыю. На гэтую тэму штодня шмат тэлефанаваньняў на Радыё Свабода. Вось адно зь іх.

(Рабочы: ) “Наўкола давялі плян: раённая, менская і прэзыдэнцкая. Куды тут дзецца, калі ўсе квітанцыі трасуць...”.

Зразумела чаму чалавек засмучаны. Заробак да навагодняга сьвята яшчэ ня выдалі, а грошы на падпіску дзяржаўных газэт ужо ўтрымалі”.
XS
SM
MD
LG