Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завяршылася вылучэньне прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі


Алесь Дашчынскі, Менск Вылучыць іх маглі палітычныя партыі і грамадзкія аб’яднаньні, працоўныя калектывы, а таксама грамадзяне шляхам збору подпісаў. Тэрытарыяльныя камісіі павіны быць сфармаваныя не пазьней за 28 сьнежня. Займаюцца гэтай справай мясцовыя органы ўлады – выканкамы і прэзыдыюмы саветаў.

Ці патрапяць прадстаўнікі апазыцыі ў гэтыя структуры? Ці гэта рэальна? Пакуль прагнозы пэсымістычныя. Нагадаем, у 2001 годзе апазыцыйныя палітычныя партыі і грамадзкія арганізацыі актыўна вылучалі сваіх прадстаўнікоў у камісіі. І што ж атрымалася ў выніку? Улады прапусьцілі камуністаў і лібэрал-дэмакратаў, але ніводнага прадстаўніка ад партый БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай і сацыял-дэмакратычнай. Згодна зь цяперашняй пастановай Цэнтравыбаркаму ў склад камісій могуць вылучаць прадстаўнікоў толькі тыя арганізацыі, якія маюць мясцовыя структуры. Але ж папярэднія дзеяньні ўладаў былі скіраваныя якраз на тое, каб ускладніць іх рэгістрацыю. Тым ня менш апазыцыйныя партыі актыўна падключыліся да вылучэньня сваіх прадстаўнікоў, хаця здаць дакумэнты было не заўсёды проста. Тлумачыць старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) “Мы прынялі рашэньне ў кожнай вобласьці абавязкова, каб былі вылучаныя нашы прадстаўнікі. І каб можна было сказаць, наколькі гатова ўлада рабіць хаця б бачнасьць выкананьня дэмакратычных працэдур. Хаця тут вельмі жорсткая кампанія, усё спрэсавана і адначасова ішло фармаваньне ініцыятыўнай групы. І тым больш, што два дні выходных. У Гародні нашых людзей проста не пускалі ў будынак выканкаму. І яны патрацілі шмат часу на тое, каб прайсьці ў будынак. Узьніклі праблемы па Смаргоні, што ня могуць знайсьці людзей наагул, гарвыканкам фактычна зачынены, нікога няма…Так што нас ня вельмі любілі ў 2001 годзе і не думаю, што нешта зьменіцца і цяпер”.

Лібэральна-дэмакратычная партыя таксама вылучыла сваіх прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя камісіі па ўсіх абласьцях, агулам каля 150 чалавек. Ці пройдуць яны сказаць цяжка – на мінулых выбарах ЛДП падавала вялікі сьпіс, але ў склад камісій патрапілі адзінкі. Паводле лідэра партыі і прэтэндэнта ў кандыдаты Сяргея Гайдукевіча, улады часам гавораць, маўляў, сябры камісій павінны мець вопыт працы, але адкуль можа ўзяцца гэты вопыт, калі з году ў год партыйцы не трапляюць у выбарчыя камісіі? І цяпер спадар Гайдукевіч нават ня марыць, што ўлады прапусьцяць усіх вылучаных прадстаўнікоў.

(Гайдукевіч: ) “Наадварот, улада павінна быць зацікаўлена, каб патрапіла як мага больш прадстаўнікоў палітычных сіл, палітычных партый, тым больш тых, якія маюць сваіх прэтэндэнтаў. Ад гэтага было б лепш і ўладам. Гэта ж будзе больш аб’ектыўна. Ня трэба будзе ваду ў ступе таўчы, даказваючы, хто мае рацыю, а хто не. Чым больш улада брала б прадстаўнікоў партый і грамадзкіх аб’яднаньняў, тым было б лепш і для самой ўлады, і для прэтэндэнтаў у кандыдаты”.

У Цэнтральнай камісіі прайшла нарада з прадстаўнікамі мясцовых органаў улады ў гэтым пытаньні. Я запытаўся ў сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, якія пэрспэктывы патрапіць апазыцыі ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі?

(Лазавік: ) “ Ніхто пэрспэктывы не звужаў, як яны былі, так і засталіся. Хто пэрсанальна патрапіць у склад камісій, будуць вырашаць органы, якія фармуюць камісіі. Цяпер фармуецца новы склад выбарчых камісій”.

Нагадаю, у пятніцу, 23 сьнежня, завяршылася падача сьпісаў ініцыятыўных груп выбаршчыкаў па вылучэньні кандыдатаў у прэзыдэнты. Цягам пяці дзён Цэнтравыбаркам мае прыняць рашэньне аб іх рэгістрацыі. Паседжаньне камісіі ў гэтым пытаньні павінна адбыцца ў аўторак, 27 сьнежня. Заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп падалі васьмёра палітыкаў – Зянон Пазьняк, Сяргей Гайдукевіч, Аляксандар Лукашэнка, Валеры Фралоў, Аляксандар Вайтовіч, Аляксандар Мілінкевіч, Аляксандар Казулін і Сяргей Скрабец. З 29 сьнежня ініцыятыўныя групы пачнуць збор подпісаў.
XS
SM
MD
LG